Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 04.11.2021

Аляксандр Субоцін: Урад да канца года плануе абмеркаваць стратэгію развіцця льняной галіны

Стратэгію развіцця льняной галіны на бліжэйшую перспектыву плануюць абмеркаваць ва Ўрадзе да канца бягучага года. Аб гэтым сёння ў Ляхавічах паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Субоцін у час рабочай сустрэчы па пытаннях эфектыўнага развіцця льняной галіны Беларусі.

"Вялікая агульная заслуга, што захавалі гэту галіну: вырошчваем лён, перапрацоўваем, робім тканіны і шыем адзенне. Але назбіралася і дастаткова праблем. Пачынаем паціху іх вырашаць. Збіраліся на Пружанскім ільнозаводзе, Аршанскім ільнокамбінаце, сёння працуем у Ляхавічах. Вывучаем вопыт і спрабуем выпрацаваць эфектыўны механізм для краіны. Да канца года хочам разгледзець гэта на пляцоўцы Ўрада і канчаткова вызначыць, як найбольш эфектыўна галіна будзе працаваць", - расказаў Аляксандр Субоцін.

Віцэ-прэм'ер падкрэсліў, што пытанне трэба вырашаць у комплексе, робячы стаўку на мадэрнізацыю і тэхналагічнасць, зніжэнне затрат і пошук унутраных рэзерваў. "Даволі зношана абсталяванне на льнозаводах. На гэта трэба звярнуць пільную ўвагу, каб павысіць эфектыўнасць перапрацоўкі льнотрасты. Тэхніка таксама зношваецца. Кожная вобласць прытрымліваецца свайго метаду выдзялення зямлі. Напэўна, самы аптымальны ў Брэсцкім рэгіёне: пэўная плошча замацавана за льнозаводам, а ён ужо па неабходнасці мяняецца з мясцовымі гаспадаркамі", - пералічыў некалькі момантаў Аляксандр Субоцін.

Паводле слоў Міністра сельскай гаспадаркі Івана Крупко, пытанне замацавання зямель прапрацавана ўжо. Брэсцкая вобласць выканае даручэнне ў гэтым годзе, у астатніх абласцях ідзе адвядзенне зямель. Гэта дасць кожнаму льнозаводу гарантыі атрымаць свой участак для загрузкі ліній, каб у поўным аб'ёме забяспечыць вытворчасць ільнотрасты.

Аляксандр Субоцін адзначыў і пазітыўны вопыт работы льнозаводаў. "Нехта адходы, якія засталіся пасля перапрацоўкі, пачынае пакаваць і прадаваць на экспарт. Нехта ставіць спецыяльныя катлы для ацяплення і спальвае адходы, каб не ўтылізаваць. Даволі неаднастайная карціна. Ёсць шмат пазітыўных момантаў у развіцці галіны", - сказаў Намеснік Прэм'ер-міністра.

Адначасова з вытворчым працэсам ільнаводы цяпер закладваюць базу пад ураджай будучага года. Яны займаюцца ўнясеннем угнаенняў, пад'ёмам зябліва і іншай падрыхтоўкай палёў для сяўбы вясной. "Гэта дасць магчымасць атрымаць той ураджай і аб'ём ільнотрасты, які мы запланавалі. Мінімальны аб'ём ільнотрасты - 180 тыс. т", - дадаў Міністр сельскай гаспадаркі.

Фота: БелТА