Вырабленая ў Беларусі па поўным цыкле вакцына "Спадарожнік V" паступіць у абарот да чэрвеня 2022 года. Аб гэтым журналістам сёння паведаміў Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка ў час наведвання РУП "Белмедпрэпараты".
На прадпрыемстве прэзентавалі інвестыцыйны праект арганізацыі поўнага цыкла фармацэўтычнай вытворчасці вакцыны "Спадарожнік V" у Беларусі. У мерапрыемстве акрамя Прэм'ер-міністра прынялі ўдзел яго Намеснік Ігар Петрышэнка і Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч.
"Праект рэалізуецца хуткімі тэмпамі. Цяпер знаходзімся на прамежкавай стадыі. Завяршаецца мантаж біятэхналагічнага абсталявання ад вядучага сусветнага вытворца. У снежні тут будзе закладзена першая валідацыйная серыя. Гэта 10 працэнтаў ад прамысловай серыі, якая паступіць на захоўванне і будзе праверана на стабільнасць. Калі ўсё будзе добра, то далей пройдуць працэдуры рэгістрацыі ў Беларусі і Расіі. Зыходзячы з графіка, да пачатку лета наступнага года вакцына будзе гатова да паступлення ў грамадзянскі абарот у Беларусі і на экспартны рынак. Агульны аб'ём яе вытворчасці - больш за 10 млн доз у год, з якіх 4 млн разлічаны для Беларусі", - расказаў Раман Галоўчанка.
Як адзначыў Прэм'ер-міністр, пры неабходнасці на вытворчасці можна будзе выпускаць не толькі "Спадарожнік V", але і іншыя сучасныя біяпрэпараты. "Вакцына стане першым прэпаратам, які будзе асвоены на гэтых магутнасцях, але абсталяванне тут мае ўніверсальны характар і дае магчымасць вырабляць шырокі спектр запатрабаваных для рынку біяпрэпаратаў. Гэта ўнікальнае месца з пункту гледжання аснашчанасці для фармацэўтычнай і біятэхналагічнай галіны краіны, сапраўдны прарыў", - падкрэсліў ён.
Генеральны дырэктар "Белмедпрэпаратаў" Сяргей Бяляеў нагадаў, што вырабляць вакцыну "Спадарожнік V" на прадпрымстве будуць па поўным цыкле - ад біялагічнай вытворчасці субстанцыі актыўнага кампанента да выпуску гатовай формы ў выглядзе ампул або флаконаў. На поўныя магутнасці вытворчасці тут плануюць выйсці ў 2022-2023 гадах.
Фота: БелТА
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя