Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 29.12.2021

Раман Галоўчанка ўручыў дзяржузнагароды прадстаўнікам розных сфер

Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка ўручыў сёння дзяржаўныя ўзнагароды амаль 80 прадстаўнікам розных сфер. Урачыстая цырымонія прайшла ў Палацы Рэспублікі.

"Цырымонія ўручэння дзяржаўных узнагарод - гэта заўсёды святочная, урачыстая, а таксама хвалюючая працэдура для тых людзей, якія іх па праву заслужылі. Яны вартыя таго, каб пра іх даведалася ўся краіна, - сказаў Раман Галоўчанка. - Сёння па даручэнні Прэзідэнта мне вельмі прыемна ўручыць дзяржузнагароды лепшым прадстаўнікам працоўных калектываў Беларусі".

Сярод узнагароджаных шмат работнікаў аграпрамысловага комплексу. "Бягучы год правяраў на трываласць многія галіны эканомікі, у тым ліку і сферу сельскай гаспадаркі. Не толькі год, але і ўмовы надвор'я правяралі вас на стрэсаўстойлівасць. Аднак, нягледзячы на ўсе цяжкасці, наш сельскагаспадарчы сектар, АПК спрацавалі ўстойліва і стабільна", - адзначыў кіраўнік урада.

Узнагароды таксама ўручаны прадстаўнікам нафтахімічнага, прамысловага комплексу, работнікам сферы энергетыкі, будаўнічай і транспартнай галін, падатковых органаў. "Ваш уклад у развіццё нацыянальнай эканомікі па заслугах ацэнены дзяржавай", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

Высокімі ўзнагародамі адзначана праца прадстаўнікоў айчыннай навукі. "Адчувальная роля беларускай навукі ў фарміраванні іміджу нашай краіны як дзяржавы з высокім узроўнем чалавечага і інтэлектуальнага патэнцыялу", - канстатаваў Раман Галоўчанка.

Сярод узнагароджаных Прэм'ер-міністр асабліва вылучыў Дзмітрыя Уладзімірава, які ўдастоены медаля "За выратаванае жыццё". "Ён здзейсніў гераічны ўчынак і выратаваў з палонкі двух людзей, якія танулі. Рызыкаваць уласным жыццём і не даць загінуць іншым людзям - на такі ўчынак гатовы толькі моцныя духам людзі. І Дзмітрый Уладзіміравіч аказаўся менавіта такім", - падкрэсліў кіраўнік урада.

"Дарагія сябры, сёння ў вашых калектывах працуюць сотні і тысячы прафесіяналаў сваёй справы. І тое, што выбралі менавіта вас, - гэта знак высокага даверу і высокай ацэнкі вашых заслуг. Ад імя Ўрада Беларусі дазвольце выказаць глыбокую ўдзячнасць і падзяку ўсім за праяўлены падыход, прафесіяналізм і самааддачу'", - адзначыў Раман Галоўчанка.

Прэм'ер-міністр пажадаў усім прысутным моцнага здароўя, дабрабыту, а таксама натхнення для новых працоўных подзвігаў.

Фота: БелТА