Прэм'ер-міністр Раман Галоўчанка расказаў сёння журналістам аб плануемых мерах падтрымкі прадпрыемстваў.
Паводле яго слоў, нарада ў Кіраўніка дзяржавы, якая адбылася на бягучым тыдні, мела комплексны характар. "Урад вынес шэраг прапаноў па мадэрнізацыі ўмоў вядзення гаспадарчай дзейнасці і дапамозе дзяржавы ў гэты няпросты перыяд для нашых эканамічных агентаў - прадпрыемстваў усіх форм уласнасці. Было даволі падрабязнае абмеркаванне. Ключавое, што было вырашана па выніках нарады, - многія з гэтых падыходаў можна рэалізаваць у рамках прадастаўленых ужо Ўраду і мясцовым органам улады паўнамоцтваў. Трэба гэтымі правамі скарыстацца і прымаць кропкава тыя рашэнні, якія неабходны ў гэты час для падтрымкі нацыянальнай эканомікі", - сказаў Раман Галоўчанка.
Урад адразу ж пасля нарады разгарнуў такую работу, падкрэсліў Прэм'ер-міністр. Працуе аператыўна-сітуацыйны штаб. Тыя ці іншыя рашэнні будуць прымацца Ўрадам і аблвыканкамамі. "Размова ідзе ў першую чаргу пра такія меры фіскальнай палітыкі, як прадастаўленне растэрміновак і адтэрміновак па плацяжах ПДВ, скарачэнне тэрмінаў вяртання ПДВ. Мы паставілі задачу, што ў бліжэйшы час павінна быць прынята рашэнне па кардынальным скарачэнні гэтых тэрмінаў, каб у прадпрыемстваў не было касавага разрыву, звязанага з выплатай падатку на дабаўленую вартасць", - адзначыў кіраўнік Урада.
Паводле яго слоў, меры падтрымкі будуць датычыцца прадастаўлення адтэрміновак і растэрміновак выплаты не толькі падаткаў, але і ўвазных мытных пошлін. Такое рашэнне рыхтуецца.
Плануецца, што на ўзроўні мясцовых органаў улады будуць прыняты рашэнні аб недапушчэнні павелічэння ставак падаткаў на нерухомую маёмасць для прадпрыемстваў у гэтым годзе. "Падатковым кодэксам такая магчымасць прадастаўлена, але гэта рашэнне прымалася ў крыху іншых умовах. Цяпер мы лічым, што гэта рабіць немэтазгодна", - дадаў Раман Галоўчанка.
Акрамя таго, прынята ўжо рашэнне аб недапушчэнні павышэння базавай арэнднай стаўкі. Яна ўжо зафіксавана ў беларускіх рублях.
Фота: БелТА
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя