Мікалай Снапкоў аб цэнаўтварэнні: У Беларусі будзе выбудавана сістэма, мінімальна звязаная з узгадненнем цэн

У Беларусі ў пытанні рэгулявання цэнаўтварэння будзе выбудавана сістэма, мінімальна звязаная з узгадненнем цэн з кім бы там ні было. Аб гэтым па выніках нарады ў кіраўніка дзяржавы заявіў журналістам Першы віцэ-прэм'ер Мікалай Снапкоў.

Мікалай Снапкоў адзначыў, што ў пытанні цэнаўтварэння Прэзідэнт першапачаткова патрабаваў, каб была створана і працавала адпаведная сістэма: "Спачатку гэта было на самай справе нават метадалагічна складана. Але першапачаткова патрабаванне было да нас аб тым, каб працавала сістэма. Эканамічныя законы ёсць і будуць, і іх ігнараваць нельга".

"Таму будзе выбудавана сістэма, мінімальна звязаная з узгадненнем цэн з кім-небудзь. Будзе вызначаны працэнтны парог, у рамках якога любое прадпрыемства можа ўстанаўліваць цэны на ўнутраны спажывецкі рынак. Гэта не датычыцца прамежкавых, інвестыцыйных тавараў. І гэта дакладна не датычыцца экспарту. На экспарт можаце адпраўляць з якой хочаце цаной і там кампенсаваць недаатрыманы прыбытак на ўнутраным рынку. Мы, у прынцыпе, гатовы да такой сістэмы, і яна будзе з 1 студзеня рэалізавана, як было даручана Прэзідэнтам", - заявіў Першы віцэ-прэм'ер.

Пры гэтым Мікалай Снапкоў асабліва падкрэсліў, што не зусім карэктна гаварыць аб недаатрыманым прыбытку на ўнутраным рынку: "Унутраны рынак - гэта святое. Ёсць розныя даходы ў грамадзян Беларусі і грамадзян тых краін, куды на экспарт адпраўляюць нашу прадукцыю. Ёсць розная сацыяльная нагрузка. Таму на ўнутраны рынак трэба пастаўляць па тых справядлівых цэнах, якія фарміруюцца ў нас у адпаведнасці з 713-й (пастановай Савета Міністраў ад 19 кастрычніка 2022 года "Аб сістэме рэгулявання цэн". - Заўвага), якая дзейнічае, і з той новай адкарэкціраванай сістэмай 713-й, якая будзе дзейнічаць у 2024 годзе. Гэта проста святы абавязак - забяспечыць насычэнне ўнутранага рынку".

Адказваючы на пытанне, ці будуць па-ранейшаму дзейнічаць абмежаванні па гандлёвых надбаўках для гандлёвых сетак, Мікалай Снапкоў сказаў: "Безумоўна. Іншых варыянтаў няма. Вопыт і практыка 2023 года паказваюць, што мы знайшлі гэты баланс паміж справядлівым фарміраваннем цаны ў сетках і нястратнасцю сетак".

Першы віцэ-прэм'ер у цэлым канстатаваў, што ёсць пэўныя моманты, дзе можна было зрабіць лепш, і ва ўрадзе гэта бачаць. "Асноўная задача - гэта работа над памылкамі. Своечасова выпраўляць памылкі і не баяцца іх. Гэта і ёсць эканоміка, гэта і ёсць жыццё", - сказаў Мікалай Снапкоў.

У цэлым жа ён ацэньвае вынікі адыходзячага года ў эканоміцы як добрыя: "Яны прадыктаваны тым, што мы павышалі ў гэтым годзе заработную плату даволі актыўна, пенсіі, стымулявалі спажывецкае крэдытаванне і крэдытаванне на нерухомую маёмасць".

Мікалай Снапкоў таксама звярнуў увагу на разважлівасць і рацыянальныя паводзіны грамадзян Беларусі на рынку ў бягучым годзе. "Гэта звязана як са спажываннем, так і са зберажэннем, што відавочна падкрэслівае давер беларусаў да праводзімай эканамічнай палітыкі і давер да ўлад. І мы спадзяёмся, што не падвядзём іх і ў далейшым", - сказаў Першы віцэ-прэм'ер.

Фота: БелТА
Надрукавана з сайта government.by
Адрас публікацыі http://government.by/be/content/10759
надрукаваць