Беларускія вучоныя павінны больш актыўна ствараць імпартазамяшчальныя тэхналогіі і прадукцыю
Беларускія вучоныя павінны актывізаваць стварэнне імпартазамяшчальных тэхналогій і прадукцыі, заявіў сёння Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на падагульняючай калегіі Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях у Мінску.
Паводле яго слоў, на беларускіх вытворчасцях вельмі часта даводзіцца прымяняць замежнае абсталяванне і тэхналагічныя рашэнні. "А ў краіне ж ёсць уласны навуковы патэнцыял, які неабходна максімальна выкарыстоўваць", - сказаў ён. Уладзімір Сямашка ў якасці прыкладу прывёў Мінскі маторны завод. Так, у працэсе распрацоўкі на прадпрыемстве рухавіка магутнасцю 300 конскіх сіл аказалася, што для гэтых рухавікоў няма падыходзячай айчыннай тэхналогіі, з дапамогай якой можна было б зрабіць якасную адліўку блока рухавіка. І гэта пытанне патрабуе дапрацоўкі.
Першы намеснік Прэм'ер-міністра канстатаваў, што ў Беларусі сфарміравалася моцная навуковая школа, аднак практычныя вынікі навуковай дзейнасці не заўсёды апраўдваюць чаканні работнікаў вытворчасці. "Вучоныя краіны павінны арыентаваць сваю дзейнасць на атрыманне практычнага выніку, які задавальняе патрэбнасці прадпрыемстваў, - сказаў ён. - Інавацыйны шлях развіцця Беларусі патрабуе самых сучасных і высокаэфектыўных тэхналогій".
Паводле слоў Уладзіміра Сямашкі, мікраэлектроніка і інфармацыйныя тэхналогіі ў Беларусі развіваюцца марудна.
"У параўнанні з іншымі навуковымі напрамкамі інфармацыйным тэхналогіям, а таксама развіццю мікраэлектронікі і радыёэлектронікі айчынныя вучоныя ўдзяляюць значна менш увагі. А гэта ж тыя напрамкі, якія патрабуюць невялікіх матэрыяльных затрат, а асноўны акцэнт робіцца на інтэлектуальны рэсурс, і мы павінны яго максімальна выкарыстоўваць", - сказаў ён.
Часта здараецца так, што распрацоўкі беларускіх вучоных укараняюцца несвоечасова, у выніку па канкурэнтаздольнасці айчынныя прадпрыемствы ўступаюць прадпрыемствам з іншых краін. "Так, напрыклад, мы збіраемся арганізаваць вытворчасць інтэгральных мікрасхем 0,35 мікрон, у той жа час расійскія спецыялісты ствараюць мікрасхемы памерам 0,16 і 0,08 мікрон", - адзначыў Уладзімір Сямашка.
Навуковага вырашэння патрабуе і шэраг праблемных пытанняў у сферы энергетыкі рэспублікі. Напрыклад, сёння многія печы коўкі і загартоўкі на прамысловых прадпрыемствах краіны маюць ККД 8-12 працэнтаў. У той жа час у еўрапейскіх краінах гэты паказчык дасягае 45-47 працэнтаў. "Мы маглі б выконваць неабходныя аперацыі на прамысловых вытворчасцях у печах, выкарыстоўваючы пры гэтым у 5-8 разоў менш энергіі. Гэта пытанне таксама патрабуе вырашэння", - падкрэсліў ён. У Беларусі з нізкім ККД працуе каля 600 печаў, за кошт чаго ўпустую траціцца значны аб'ём энергіі. У Інстытуце цепла- і масаабмену імя Лыкава НАН Беларусі знайшлі тэхналагічнае вырашэнне гэтай праблемы. "Аднак нам да гэтага часу не прадаставілі доследны ўзор распрацоўкі, створанай у інстытуце", - сказаў Уладзімір Сямашка.
Ён таксама адзначыў, што ў Беларусі будзе прадоўжана работа па стварэнню механізмаў стымулявання інавацыйнай дзейнасці. "Толькі новыя навуковыя ідэі і тэхналогіі могуць павысіць канкурэнтаздольнасць нашых вытворчасцей і замацаваць іх пазіцыі на знешнім рынку", - дадаў ён.