У Беларусі неабходна стварыць сістэму маніторынгу дзяржаўнай інавацыйнай праграмы
У Беларусі павінна быць створана сістэма маніторынгу выканання Дзяржаўнай праграмы інавацыйнага развіцця на 2007-2010 гады. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна, дзе абмяркоўваліся вынікі выканання гэтай праграмы ў 2007 годзе і задачы па яе рэалізацыі ў 2008 годзе.
Кіраўнік Урада падкрэсліў неабходнасць фарміравання дакладнай базы даных па ходу выканання праграмы. "Нам важна бачыць, як выконваецца праграма, для таго каб аператыўна ўмешвацца або ўплываць на ход яе рэалізацыі, - падкрэсліў ён. - Размова ідзе аб жывой рабоце: калі ёсць памылкі, яны павінны выпраўляцца. Для гэтага і неабходны маніторынг рэалізацыі праграмы".
Сяргей Сідорскі нагадаў аб складанасці праграмы: да 2010 года ў Беларусі павінна быць пабудавана больш за 130 новых аб'ектаў, у тым ліку прадпрыемстваў. Праграма толькі пачала працаваць, і ёсць шмат праблем пры яе рэалізацыі. "Але нам цяпер галоўнае - будаваць", - падкрэсліў Прэм'ер. Ён прапанаваў работу па падрыхтоўцы аб'ектаў 2009-2010 гадоў максімальна перанесці на 2008 год, каб ужо ў гэтым годзе атрымаць дадатковую прадукцыю.
У Беларусі ў 2008 годзе павінны быць пабудаваны 252 аб'екты Дзяржаўнай інавацыйнай праграмы. Аб гэтым паведаміў сёння старшыня Дзяржаўнага камітэта на навуцы і тэхналогіях Уладзімір Мацюшкоў на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна.
Старшыня камітэта назваў удакладненыя даныя ў цэлым па праграме. Так, да 2010 года павінна быць узведзена 1 302 аб'екты інавацыйнай праграмы. З іх 173 - першага ўзроўню (новыя вытворчасці), 274 - другога (новыя вытворчасці на аснове дзеючых), 753 - трэцяга (мадэрнізацыя дзеючых вытворчасцей). У 1009 праектах будуць выкарыстаны айчынныя тэхналогіі, у 293 - замежныя.
У 2007 годзе, паводле ўдакладненых даных, з 844 найважнейшых праектаў плана рэалізацыі ўведзена ў эксплуатацыю 195 аб'ектаў. У тым ліку 20 аб'ектаў першага ўзроўню, 56 - другога, 119 - трэцяга. На праектную магутнасць выведзена ў мінулым годзе 37 вытворчасцей. Асвоены 183 новыя віды навукова-тэхнічнай прадукцыі. Створана больш як 3,5 тыс. рабочых месц. У цэлым у рамках рэалізацыі праграмы выпушчана прадукцыі на Br1 трлн. 27 млрд.
Разам з тым не ўсе запланаваныя да завяршэння заданні дзяржпраграмы былі выкананы ў адпаведнасці з графікамі. Так, не ўведзены ў эксплуатацыю 22 запланаваныя аб'екты.
Асноўныя прычыны невыканання праектаў - адсутнасць фінансавання, нізкі ўзровень распрацоўкі праектаў і іх вяртанне на дапрацоўку, працягласць працэдуры тэндэраў, зрыў паставак абсталявання.
Пры аналізе высветлілася, што праблема не столькі ў недахопе фінансавання, колькі ў неасваенні грошай. Прэм'ер-міністр запатрабаваў справаздачу, чаму сарваны тэрміны ўводу ў эксплуатацыю некаторых аб'ектаў.
Кіраўнік Урада таксама даручыў да канца першага квартала завяршыць тэхнічныя выпрабаванні па біяпаліву. Яно ўжо паўтара года выпускаецца ў Беларусі, а вытворцы да гэтага часу не правялі ўсе неабходныя выпрабаванні па метылавых эфірах.
Сяргей Сідорскі падкрэсліў, што далейшая рэалізацыя праграмы павінна ажыццяўляцца без затрымак і зрываў. Ён прапанаваў перанесці частку абсталявання з буйных заводаў на невялікія, размешчаныя ў малых і сярэдніх гарадах, каб загрузіць іх вытворчасцю камплектуючых дэталей, вузлоў, блокаў, каркасных матэрыялаў, неабходных для буйных прадпрыемстваў. Работа па кааперацыі павінна пашырацца, лічыць прэм'ер.
Ён станоўча ацаніў будаўніцтва ў Бялынічах філіяла ААТ "Бабулін гладыш", які ўзведзены за 7-8 месяцаў. Калі вытрымліваць аптымальныя тэрміны будаўніцтва на большасці аб'ектаў, праграма будзе выконвацца дакладна, лічыць Сяргей Сідорскі.
Пры гэтым кіраўнік Урада адзначыў, што ў будучым праграма можа быць дапоўнена некалькімі новымі аб'ектамі. Размова ідзе аб прадпрыемствах перапрацоўчай, малочнай галін, а таксама аб буйных прамысловых вытворчасцях.
У Беларусі будуць прыняты меры па стымуляванню інавацыйнай дзейнасці. Адпаведны праект дэкрэта ўнесены ў Савет Міністраў, паведаміў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Саўміна старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Уладзімір Мацюшкоў.
Ён таксама адзначыў, што падрыхтаваны праект пастановы ўрада з палажэннем аб парадку фінансавання навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці.
Паводле слоў Уладзіміра Мацюшкова, у Беларусі пакладзены пачатак фарміраванню нарматыўна-прававой базы інавацыйнай дзейнасці. Дзейнічае палажэнне аб парадку стварэння суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры. У адпаведнасці з указам нумар 699, з 1 студзеня 2008 года на тэхналагічнае абсталяванне 775 таварных кодаў устаноўлена нулявая стаўка мытнай пошліны. Указам нумар 522 уведзены адзіныя нарматывы на прэміраванне і надбаўкі, а ўказам нумар 450 устаноўлены даплаты за вучоныя ступені і званні. Пастановай урада нумар 1555 у мінулым годзе зацверджана дзяржаўная праграма па ахове інтэлектуальнай уласнасці, а пастановай нумар 1411 вызначаны пытанні арганізацыі і правядзення дзяржаўнай навукова-тэхнічнай экспертызы.