Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 30.01.2008

На рэканструкцыі "Беларусьфільма" плануецца асвоіць амаль Br90 млрд.

На рэканструкцыі "Беларусьфільма" плануецца асвоіць амаль Br90 млрд.

На рэканструкцыі Нацыянальнай кінастудыі "Беларусьфільм" плануецца асвоіць амаль Br90 млрд., паведаміў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандр Косінец.

Ён падкрэсліў, што на рэалізацыю гэтага лёсавызначальнага для айчыннай культуры праекта выдзелены жорсткія тэрміны: рэканструкцыя павінна завяршыцца да 1 верасня 2009 года.

Цяпер распрацоўваюцца архітэктурны праект і праектна-каштарысная дакументацыя, графік работы. Паралельна ідзе вынас аб'ектаў, якія ўжо не выкарыстоўваюцца па прызначэнню, праводзіцца падрыхтоўка памяшканняў да рамонту. З 1 сакавіка пачнуцца капітальны рамонт старога будынка, будаўніцтва новага вытворчага комплексу, падвядзенне інжынерных камунікацый.

Паводле слоў віцэ-прэм'ера, за час капітальнага рамонту на плошчы амаль 7 га ў цэнтры Мінска павінна з'явіцца суперсучасная кінавытворчая фабрыка, у якую акрамя сур'ёзнай тэхнічнай, студыйнай і адміністрацыйнай базы ўвойдуць гасцініца, кафэ з зімовым садам і нават алея зорак.

Комплекс будынкаў кінастудыі, пабудаваны ў 1961 годзе, даўно патрабаваў рамонту. Праект прадугледжвае перш за ўсё поўную рэканструкцыю галоўнага будынка кінастудыі на пр.Незалежнасці, пры гэтым захаваецца яго аўтэнтычны фасад. Замест шматлікіх невялікіх пабудоў на тэрыторыі "Беларусьфільма" ўзвядуць вялікі трохпавярховы будынак агульнай плошчай 14 тыс.кв.м, дзе будуць знаходзіцца ўсе тэхнічныя службы і цэхі, а таксама два новыя павільёны па тысячы кв.м кожны.

Апошнім этапам рэканструкцыі будзе ўзвядзенне будынка Тэатра кінаакцёра і кінацэнтра. Старая аўтабаза перамесціцца ў раён Калодзішчаў, а на яе месцы рэалізуюць сур'ёзны інвестыцыйны праект - літоўская будаўнічая кампанія выйграла тэндэр на забудову гэтай тэрыторыі. Плануецца, што ў хуткім часе тут з'явяцца шматпавярховы жылы комплекс і бізнес-цэнтр. Паводле ўмоў дагавора, перш за ўсё інвестар праводзіць рэканструкцыю "Беларусьфільма", уключаючы і ўнутраную мадэрнізацыю, і толькі потым будуе жыллё.

Сёння на нарадзе ў кінастудыі ўпершыню прадстаўлены падагульняючыя варыянты макетаў праекта рэканструкцыі.