Урад Беларусі адзначае нізкія тэмпы пераходу прадпрыемстваў на выкарыстанне мясцовых відаў паліва
Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння наведаў энергетычныя аб'екты ў Бялынічах Магілёўскай вобласці.
Кіраўнік беларускага Урада азнаёміўся з работай кацельні Бялыніцкага дома-інтэрната для састарэлых і інвалідаў, пераведзенай на выкарыстанне драўнянага паліва замест прыроднага газу (з выкарыстаннем айчыннага абсталявання). Таксама Сяргей Сідорскі вывучыў работу кагенерацыйнай устаноўкі на цэнтральнай кацельні ў Бялынічах і новых энергаэфектыўных установак і абсталявання ў філіяле "Бялыніцкі" ААТ "Бабулін гладыш". За кошт тэхнічнага пераўзбраення ў філіяле доля энергазатрат у сабекошце прадукцыі скарацілася з 6 працэнтаў да 4,2 працэнта.
У Магілёве Прэм'ер-міністр разгледзіць практыку выкарыстання драўняных трэсак, атрыманых пры абрэзцы і санітарнай высечцы зялёных насаджэнняў у лесапаркавай зоне горада.
Зніжэнне энергаёмістасці ВУП у Беларусі ў 2008 годзе павінна скласці амаль 8 працэнтаў. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі, наведваючы энергааб'екты ў Магілёўскай вобласці.
"Гэта напружаны паказчык. Для яго выканання неабходны комплекс мер", - падкрэсліў кіраўнік Урада.
Паводле папярэдніх даных, у 2007 годзе энергаёмістасць знізілася на 7,5 працэнта.
Паводле слоў Сяргея Сідорскага, асноўная задача сённяшняга наведвання энергааб'ектаў у тым, каб падвесці вынікі выканання Дырэктывы нумар 3 у 2007 годзе, намеціць меры па яе рэалізацыі ў 2008 годзе і перспектывы да 2010 года.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што ўрад актыўна працуе над рэалізацыяй праграмы па энергазберажэнню, пры гэтым асаблівая ўвага ўдзяляецца ўключэнню ў паліўны баланс мясцовых відаў паліва (у 2010 годзе іх доля ў паліўным балансе краіны павінна скласці 25 працэнтаў).
Адной з першачарговых задач урада ў галіне энергазберажэння цяпер з'яўляецца рэалізацыя энергаэфектыўных праектаў у сферы ЖКГ, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Вучоныя і энергетыкі Беларусі павінны ўзмацніць сумесную работу па рэалізацыі праектаў у галіне нетрадыцыйнай энергетыкі. Аб гэтым заявіў сёння журналістам Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі.
"Для Беларусі нетрадыцыйная энергетыка - гэта энергетыка, якая асноўваецца на прыродных рэсурсах", - сказаў Прэм'ер-міністр. Разам з тым ён падкрэсліў: "Мы сёння не маем шырокіх ведаў па ветраўстаноўках, таму што ў Беларусі няма такой ружы вятроў, якая магла б працаваць на развіццё гэтага сектара эканомікі. Хоць у асобных раёнах краіны такія праекты магчымы".
Паводле слоў кіраўніка Урада, цяпер у Беларусі вялікая ўвага ўдзяляецца вытворчасці біяпаліва. Так, у канцы мінулага года было падпісана рамачнае пагадненне з ірландскай кампаніяй "Грынфілд" аб вытворчасці ў Беларусі паліўнага этанолу. "Мы разлічваем, што мінімальныя інвестыцыі гэтай кампаніі складуць $200 млн.", - сказаў Прэм'ер-міністр, дадаўшы, што аналагічны праект па атрыманню біяпаліва рэалізуецца на ААТ "Гродна Азот". На думку Сяргея Сідорскага, праграма па вытворчасці біяпаліва мае вельмі важнае значэнне для энергетычнай галіны і з'яўляецца адным з прыярытэтаў яе развіцця.
Што датычыцца біятэрмальных установак, то, паводле слоў Прэм'ер-міністра, Беларусь цяпер вывучае кітайскі вопыт іх прымянення.
Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў 2007 годзе ў Бабруйску быў запушчаны пілотны праект па вытворчасці лігніну. Аналагічная вытворчасць наладжана ў Рэчыцы. Акрамя таго, у краіне рэалізуецца праграма "Торф", аднак па выніках мінулага года не ўдалося выйсці на закладзеныя ў ёй паказчыкі.
Гаворачы ў цэлым аб развіцці ў Беларусі праектаў па выкарыстанню другасных крыніц энергіі, Прэм'ер-міністр адзначыў, што ў такіх праектах ёсць і плюсы, і мінусы. Галоўнае - укладваць грошы толькі ў эфектыўныя праекты, падкрэсліў ён.
Урад Беларусі адзначае нізкія тэмпы пераходу прадпрыемстваў на выкарыстанне мясцовых відаў паліва.
"Адносна пераходу на мясцовыя віды паліва мінулы год быў не самы ўдачны, - канстатаваў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў у Магілёве. - Нам не ўсё ўдалося зрабіць. Перш за ўсё, гэта датычыцца аб'ектаў Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі".
Акрамя таго, Сяргей Сідорскі звярнуў увагу на неабходнасць прыняцця мер па далейшаму зніжэнню энергаёмістасці ВУП. Ён нагадаў, што да 2010 года у параўнанні з 2005 годам яна павінна скараціцца на 31 працэнт.
На яго думку, у краіне праводзіцца недастатковая работа з насельніцтвам у галіне энергазберажэння, у першую чаргу гэта датычыцца нізкіх тэмпаў устаноўкі лічыльнікаў.
Гаворачы аб рэалізацыі дзяржпраграмы інавацыйнага развіцця, кіраўнік Урада адзначыў, што яна цесна звязана з праграмай па энергаэфектыўнасці і прадугледжвае арганізацыю энергазберагальных вытворчасцей.
Як адзначыў Першы намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка, для Беларусі вельмі актуальным з'яўляецца пераход на энергазберагальныя тэхналогіі, паколькі ў свеце адзначаецца пастаянны рост цэн на энерганосьбіты, у тым ліку на расійскія газ і нафту.
Будаўніцтва аб'ектаў інфраструктуры для АЭС у Беларусі плануецца пачаць у студзені 2009 года. Аб гэтым заявіў сёння Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў у Магілёве.
Паводле яго слоў, да канца 2008 года неабходна канчаткова вызначыцца з пляцоўкай для размяшчэння АЭС. Цяпер прадаўжаюцца падрыхтоўчыя работы да будаўніцтва станцыі.
Прадугледжана адначасовае ўзвядзенне двух блокаў агульнай магутнасцю 2 тыс. МВт з уводам першага блока, папярэдне, у 2016 годзе са змяшчэннем пуску другога блока на 1-2 гады.
Канчатковае рашэнне аб будаўніцтве ў Беларусі ўласнай атамнай электрастанцыі было прынята 15 студзеня на пасяджэнні Савета Бяспекі Рэспублікі Беларусь, якое прайшло пад старшынствам Кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі.
Беларусь разлічвае да 2012 года нарасціць здабычу нафты ў складзе сумеснага прадпрыемства ў Венесуэле да 7 млн.т у год. Аб гэтым заявіў сёння Першы намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў у Магілёве.
Плануецца, што ў 2008 годзе здабыча нафты сумесным прадпрыемствам складзе 2 млн.т. З улікам перспектыўных разведачных работ ёсць шанц выйсці на 7 млн.т у 2012 годзе, адзначыў Уладзімір Сямашка.
"Але адна справа - здабыць, іншая - прывезці, калі гэта трэба. Для гэтага павінны быць вызначаны транспартныя маршруты, неабходна вырашыць пытанні з партамі Балтыкі, з нафтаправодамі", - дадаў ён.
Сумеснае венесуэльска-беларускае прадпрыемства па здабычы нафты створана ў снежні 2007 года, яму выдзелены радовішчы Гуара Эстэ і Лагамедыя. Вядзецца вывучэнне яшчэ трох радовішчаў, якія пазней могуць стаць базай для пашырэння актываў ужо створанага СП.
Беларусь да 2010 года плануе пачаць рэалізацыю праекта па перапрацоўцы бурых вуглёў, а да 2012 года іх плануецца ўключыць у паліўны баланс краіны. Аб гэтым заявіў сёння Першы намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Сямашка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў у Магілёве.
Паводле яго слоў, цяпер ідзе распрацоўка неабходнай дакументацыі для запуску гэтага праекта, праводзяцца работы па праектаванню.
ААТ "Белгархімпрам" і кампанія Polar Stars Group S.A. (Люксембург) падпісалі інвестыцыйны дагавор па рэалізацыі праекта перапрацоўкі ў Беларусі бурых вуглёў у верасні 2007 года. Арганізацыяй, адказнай за каардынацыю праекта, вызначаны канцэрн "Белнафтахім".
Агульныя геалагічныя запасы бурых вуглёў у Беларусі ацэньваюцца прыкладна ў 1,5 млрд.т. Найбольш буйныя радовішчы размешчаны ў Гомельскай вобласці (Жыткавіцкае, Тонежскае, Брынёўскае).
Па якасных паказчыках беларускія бурыя вуглі набліжаюцца да вуглёў Паўднёва-Уральскага (Расія) і Дняпроўскага (Украіна) басейнаў, якія цяпер распрацоўваюцца з мэтай выкарыстання ў энергетыцы.
Сярод магчымых напрамкаў прымянення беларускіх бурых вуглёў - прамое спальванне ў кацельных устаноўках з вытворчасцю электраэнергіі або разам электрычнай і цеплавой энергіі; газіфікацыя з выпрацоўкай генератарнага газу; тэрмахімічная перапрацоўка з атрыманнем у якасці канечнага прадукту маторных паліваў або метанолу.
Высокаэфектыўныя тэхналогіі атрымання энергіі з бурага вуглю і гаручых сланцаў адпрацаваны, у свеце накоплены добры вопыт выкарыстання гэтых відаў энергасыравіны. Адпаведныя распрацоўкі ёсць і ў беларускіх вучоных.