Сёння ў Мінску прайшло першае пасяджэнне Беларуска-Туркменскай Міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву
Беларусь зробіць усё магчымае для пашырэння прысутнасці на рынку Туркменістана. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на сустрэчы з Намеснікам Старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана Хыдырам Сапарлыевым.
"Нашы Прэзідэнты паставілі значныя задачы па нарошчванню тавараабароту, - адзначыў Сяргей Сідорскі. - Я нядаўна пабываў у вашай краіне і быў прыемна здзіўлены і рады поспехам Туркменістана. У прыватнасці, вы дэманструеце добрыя тэмпы будаўніцтва жылля. Мы зробім усё магчымае, каб прысутнічаць на вашым рынку".
Звяртаючыся да Хыдыра Сапарлыева, Прэм'ер-міністр Беларусі сказаў:" Мы дамовіліся, што вы сустрэнецеся з нашым віцэ-прэм'ерам, абмяркуеце перспектывы далейшага развіцця двухбаковых адносін, у тым ліку ў галіне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. У першую чаргу гэта датычыцца паставак у Туркменістан беларускай сельгастэхнікі, а таксама супрацоўніцтва ў будаўнічай сферы". Таксама неабходна абмеркаваць магчымасці ўдзелу туркменскага капіталу ў эканоміцы Беларусі, дадаў ён.
Сяргей Сідорскі адзначыў, што Беларусь у перспектыве разлічвае на павелічэнне тавараабароту з Туркменістанам.
Паводле слоў Прэм'ера, у бліжэйшы час Беларусь можа наведаць прэзідэнт Туркменістана. "Мы рыхтуем такую сустрэчу і спадзяёмся, што яна адбудзецца ў бліжэйшай перспектыве", - паведаміў ён.
Як адзначыў Намеснік Старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана, у ліку перспектыўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва ён бачыць пашырэнне паставак беларускай сельгастэхнікі, узаемадзеянне ў гуманітарнай сферы, стварэнне сумесных вытворчасцей, а таксама пашырэнне рынкаў збыту беларускай і туркменскай прадукцыі.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам можа павялічыцца да 2010 года да $1 млрд. Аб гэтым заявіў сёння ў Мінску віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандр Косінец на пасяджэнні беларуска-туркменскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
Ён адзначыў, што ў 2007 годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі павялічыўся ў параўнанні з папярэднім годам амаль у 7 разоў і склаў больш як $90 млн.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, пасяджэнне міжурадавай камісіі праходзіць у юбілейны для дзвюх краін год: 15 гадоў таму 21 студзеня былі ўстаноўлены дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Туркменістанам. Цяпер ва ўсіх сферах супрацоўніцтва склаліся добрыя адносіны, і патэнцыял іх не вычарпаны. Беларусь разглядае Туркменістан як важнага партнёра. Акрамя гандлю краіны павінны развіваць сувязі ў сферы адукацыі, культуры, спорту і турызму, падкрэсліў Аляксандр Косінец. Беларусь таксама пацвярджае сваю зацікаўленасць у супрацоўніцтве ў нафтахіміі, энергетыцы, машынабудаванні, сельскай гаспадарцы, харчовай, фармацэўтычнай прамысловасці. Ёсць таксама магчымасці для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці.
У ходзе візіту туркменскай дэлегацыі на чале з намеснікам старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана Хыдырам Сапарлыевым госці 27 студзеня наведалі Мінскі трактарны завод, Беларускі нацыянальны тэхнічны універсітэт.
На пасяджэнні камісіі Хыдыр Сапарлыеў падзякаваў беларускаму боку за цёплы і сардэчны прыём, стварэнне ўсіх умоў для работы. Туркменскі бок нацэлены на актыўную работу па актывізацыі двухбаковага супрацоўніцтва, падкрэсліў ён.
Між Беларуссю і Туркменістанам дзейнічаюць 16 міжнародных дакументаў, у тым ліку міждзяржаўныя і міжведамасныя. Туркменістан выказвае асаблівую цікавасць да беларускіх трактароў і іншай сельскагаспадарчай тэхнікі. У Туркменістане створана прадстаўніцтва Мінскага трактарнага завода. У 2007 годзе ў гэту краіну адпраўлена больш як 2 тыс. беларускіх трактароў. Паводле слоў Хыдыра Сапарлыева, пры такой актыўнай рабоце кошт паставак сельгастэхнікі ў год можа скласці $30-40 млн. Ён таксама паведаміў, што кожны год тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам павялічваецца ў 5-6 разоў. У Туркменістане дзейнічаюць 7 прадпрыемстваў з беларускім капіталам.
Шырокі спектр гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва можа быць дапоўнены сумеснымі праектамі ў лёгкай прамысловасці. У Туркменістане створана магутная тэкстыльная прамысловасць, здольная перапрацаваць увесь ураджай бавоўны, таму ёсць зацікаўленасць у пастаўках гэтай прадукцыі на беларускі рынак. У сваю чаргу тэкстыльная галіна Туркменістана мае намер закупляць у Беларусі льняное валакно, адзначыў Хыдыр Сапарлыеў. Ён таксама пацвердзіў гатоўнасць краіны актыўна працаваць з Беларуссю ў галіне нафтахіміі, сельскай гаспадаркі, вытворчасці прадуктаў харчавання.
Акрамя таго, туркменскі бок зацікаўлены ў падрыхтоўцы ў Беларусі спецыялістаў па пераадоленню надзвычайных сітуацый. Туркменістан таксама запрашае беларускіх турыстаў у Нацыянальную турыстычную зону на ўзбярэжжа Каспійскага мора.
Рыхтуецца візіт Прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава ў Беларусь. Аб гэтым было заяўлена сёння ў Мінску на пасяджэнні міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
Як адзначыў сустаршыня камісіі з беларускага боку віцэ-прэм'ер Аляксандр Косінец, на пасяджэнні камісіі будуць абмеркаваны ўсе ключавыя пытанні супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана, з тым каб падрыхтаваць візіт на вышэйшым узроўні.
Сустаршыня камісіі з туркменскага боку намеснік старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана Хыдыр Сапарлыеў таксама пацвердзіў інфармацыю аб візіце прэзідэнта Туркменістана ў Беларусь. Ён адзначыў, што неабходна правесці інвентарызацыю дагаворна-прававой базы паміж дзвюма краінамі і падрыхтаваць новыя дакументы, якія будуць падпісаны ў час візіту.
Сёння ў Мінску быў падпісаны Пратакол першага пасяджэння міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. З беларускага боку подпіс пад дакументам паставіў віцэ-прэм'ер Аляксандр Косінец, з туркменскага - Намеснік Старшыні Кабінета Міністраў Хыдыр Сапарлыеў.
Як адзначыў Аляксандр Косінец, першае пасяджэнне камісіі прайшло ў год 15-годдзя ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам. На яго думку, шмат зроблена за гэты час у сумеснай рабоце. Адкрыты прамы авіярэйс Мінск - Ашгабат, павялічваецца колькасць туркменскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ.
Беларусь і Туркменістан імкнуцца зрабіць усё неабходнае для паляпшэння якасці жыцця народаў дзвюх краін, адзначыў Аляксандр Косінец.
Тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам у бліжэйшы час будзе значна павялічаны за кошт актывізацыі супрацоўніцтва ў лёгкай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, энергетыцы, адукацыі і ахове здароўя. Аб гэтым заявіў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандр Косінец.
Ён адзначыў, што сёння ў Мінску на першым пасяджэнні беларуска-туркменскай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву вызначаны шляхі для эфектыўнага ўзаемадзеяння дзвюх краін у розных галінах.
"Беларусь можа аказаць Туркменістану канкрэтную падтрымку ў рэанімацыі закансерваваных свідравін, у геолагаразведачнай сферы, у рамонце газаправодаў, будаўніцтве дарог, мастоў і г.д.", - сказаў Аляксандр Косінец.
У сваю чаргу Намеснік Старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана Хыдыр Сапарлыеў дадаў, што Туркменістан ужо мае добры вопыт работы з беларускімі прадпрыемствамі.
Беларусь і Туркменістан падрыхтуюць у бліжэйшы час 6 пагадненняў аб супрацоўніцтве. Гэтыя дакументы плануецца падпісаць у ходзе візіту ў Беларусь прэзідэнта Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедава. Аб гэтым паведаміў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандр Косінец па выніках пасяджэння Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
Ён адзначыў, што разгледжаныя камісіяй праекты пагадненняў датычацца двухбаковага супрацоўніцтва ў сферы эканомікі, доўгатэрміновага супрацоўніцтва паміж дзяржавамі на перыяд да 2012 года. Акрамя таго, рыхтуюцца дакументы па развіццю ўзаемных сувязей у галіне культуры і адукацыі.
Як адзначыў Намеснік Старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана Хыдыр Сапарлыеў, бакі вызначылі канкрэтныя напрамкі далейшай работы ў эканамічнай і гуманітарнай сферах. Туркменістан мае намер павялічыць аб'ём паставак тэкстылю на беларускі рынак. Акрамя таго, ёсць ідэя стварыць універсальны трактар, які будзе выкарыстоўвацца на бавоўнавых і іншых палях.
Беларусь і Туркменістан маюць намер укладаць інвестыцыі ў стварэнне сумесных гандлёва-лагістычных цэнтраў. Аб гэтым заявіў сёння журналістам віцэ-прэм'ер Беларусі Аляксандр Косінец па выніках работы двухбаковай міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву.
Аляксандр Косінец адзначыў, што інвестыцыйнае супрацоўніцтва з'яўляецца адным з самых важных механізмаў дасягнення да 2010 года ўзроўню тавараабароту паміж Беларуссю і Туркменістанам $1 млрд.
Бакі намецілі напрамкі ўзаемавыгаднага інвестыцыйнага супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва дарог, мастоў, абслугоўвання газаправодаў. Ёсць планы па раскансервацыі газавых свідравін на тэрыторыі Туркменістана і ў цэлым па развіцці супрацоўніцтва ў галіне нафтахіміі і энергетыкі, падкрэсліў віцэ-прэм'ер.
Паводле яго слоў, паміж дзвюма краінамі намечаны "самы шырокі спектр узаемадзеяння, які неабходна ў кароткі тэрмін рэалізаваць".