Праект дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва на 2008 год быў разгледжаны на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў
У малых і сярэдніх гарадах Беларусі неабходна стварыць умовы для прытоку кваліфікаванай рабочай сілы. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім быў разгледжаны праект дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва на 2008 год.
Сяргей Сідорскі нагадаў, што ў рэспубліцы прынята праграма развіцця малых і сярэдніх гарадоў, дзе распісана, якія прадпрыемствы і ў якіх населеных пунктах будуць стварацца. І цяпер ужо відаць, што на многіх вытворчасцях, якія будуць створаны або дзейнічаюць у такіх гарадах, не хапае кваліфікаваных спецыялістаў. Асабліва вострая гэта праблема ў будаўнічай галіне.
Кіраўнік беларускага Урада адзначыў, што для прыцягнення спецыялістаў у малыя і сярэднія гарады неабходна забяспечыць ім гарантаваную заработную плату, прычым дастаткова высокую, і належныя жыллёвыя ўмовы.
Цяпер каля 37 працэнтаў беспрацоўных у Беларусі - гэта моладзь ва ўзросце ад 16 да 29 гадоў. Калі ў малых і сярэдніх гарадах будуць створаны неабходныя ўмовы для спецыялістаў, у тым ліку моладзі, якая цяпер не бачыць перспектыў у такіх населеных пунктах і ад'язджае працаваць у больш буйныя гарады, тады можна будзе і змяніць сітуацыю з беспрацоўем у такіх гарадах, і вырашыць шэраг праблем, звязаных з іх развіццём, адзначыў Сяргей Сідорскі.
"Нам трэба, каб пачалі функцыянаваць прадпрыемствы ў такіх гарадах", - сказаў ён. Пры гэтым прэм'ер асаблівую ўвагу звярнуў на нізкі ўзровень падбору кадраў для новых прадпрыемстваў. Напрыклад, у Шклове штат работнікаў на заводзе па вытворчасці газетнай паперы пакуль яшчэ сфарміраваны толькі напалавіну. Мясцовыя ўлады недастаткова актыўна займаюцца падборам кадраў. Прэм'ер-міністр адзначыў, што па кожнаму суб'екту гаспадарання ў такіх населеных пунктах неабходна вызначыць, колькі рабочых месц неабходна стварыць і якія спецыялісты патрабуюцца. У выпадку недастатковасці бюджэтных сродкаў на прыцягненне неабходных спецыялістаў можна будзе задзейнічаць іншыя фінансавыя рэсурсы, напрыклад крэдыты банкаў, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.
Паводле слоў міністра працы і сацабароны Уладзіміра Патупчыка, міністэрства сумесна з аблвыканкамамі прымае неабходныя меры па вырашэнню пытанняў занятасці насельніцтва ў малых і сярэдніх гарадах. У прыватнасці, зыходзячы з вынікаў маніторынгу праблем рэгіянальных рынкаў працы, а таксама з улікам паляпшэння сітуацыі з занятасцю ў шэрагу рэгіёнаў, у праект праграмы занятасці насельніцтва на 2008 год па прапановах аблвыканкамаў уключана 23 малыя гарады. Па кожнаму з іх распрацаваны комплекс канкрэтных мер па зніжэнню напружанасці на рынку працы. У 2007 годзе ў аналагічную праграму было ўключана 29 малых гарадоў. Рэалізацыя актыўных мер дала магчымасць значна палепшыць сітуацыю на рынку працы ў 15 гарадах.
Усяго ў 2008 годзе 97 працэнтаў сродкаў, прадугледжаных на фінансаванне праграмы, будзе перададзена аблвыканкамам і Мінскаму гарвыканкаму для вырашэння канкрэтных праблем на месцах.
Уладзімір Патупчык адзначыў, што апошнім часам у рэспубліцы зменены падыходы да падрыхтоўкі спецыялістаў. У прыватнасці, па найбольш запатрабаваных рабочых спецыяльнасцях план падрыхтоўкі павялічаны ў некалькі разоў, а падрыхтоўка спецыялістаў у галіне бухуліку, эканомікі, права скарочана.
***
У Беларусі ў 2008 годзе павінна быць створана каля 165 тыс. рабочых месц
У Беларусі ў 2008 годзе павінна быць створана каля 165 тыс. рабочых месц, колькасць занятых у эканоміцы павінна павялічыцца да 4535 тыс. чалавек. Такую задачу паставіў Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, на якім быў разгледжаны праект дзяржаўнай праграмы садзейнічання занятасці насельніцтва на 2008 год. Першапачаткова праектам прадугледжвалася стварэнне 120,5 тыс. рабочых месц.
Паводле слоў Сяргея Сідорскага, праграма занятасці насельніцтва на 2008 год павінна быць цесна ўвязана з праграмай інавацыйнага развіцця і развіцця малых і сярэдніх гарадоў Беларусі. У прыватнасці, паводле яго слоў, у праграму занятасці неабходна ўключыць інфармацыю аб усіх прадпрыемствах, вытворчасцях, якія плануецца арганізаваць у рэспубліцы ў 2008 годзе, а таксама аб тым, якія спецыялісты будуць накіроўвацца на гэтыя прадпрыемствы і адкуль (пасля заканчэння навучальнай установы або пасля перападрыхтоўкі).
Прэм'ер-міністр звярнуў увагу на неабходнасць вырашэння праблемы, звязанай з дэфіцытам у краіне спецыялістаў рабочых прафесій, які абумоўлены, у тым ліку, адтокам кадраў для работы за мяжой. На яго думку, у першую чаргу трэба перагледзець пытанні аплаты працы такіх спецыялістаў.
Намеснік Прэм'ер-міністра Аляксандр Косінец адзначыў, што ў краіне неабходна павысіць эфектыўнасць работы па перападрыхтоўцы кадраў. У прыватнасці, перападрыхтоўку кадраў з вышэйшай адукацыяй павінны праводзіць толькі ВНУ.
На думку Першага намесніка Прэм'ер-міністра Уладзіміра Сямашкі, неабходна вярнуць практыку падрыхтоўкі рабочых непасрэдна на заводах. "Напрыклад, сёння МЗКЦ можа прыняць на 30-40 працэнтаў больш заказаў, але прадпрыемству не хапае для гэтага каля 800 станочнікаў, а іх жа можна падрыхтаваць па схеме "майстар - вучань". У гэтым выпадку майстру толькі неабходна будзе крыху павялічыць зарплату", - растлумачыў Уладзімір Сямашка.
Як адзначыў міністр працы і сацыяльнай абароны Уладзімір Патупчык, асноўная мэта праграмы занятасці насельніцтва на 2008 год - павышэнне эфектыўнасці выкарыстання працоўных рэсурсаў. Дакументам прадугледжана ўзмацненне прыярытэтнасці мер, якія аказваюць найбольш актыўнае ўздзеянне на вырашэнне праблем занятасці насельніцтва, устаноўлены адпаведныя заданні і прадугледжаны мерапрыемствы па іх выкананню. Фінансаванне праграмы будзе ажыццяўляцца ў асноўным за кошт сродкаў Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва (Br117,6 млрд.), могуць прыцягвацца і крэдыты банкаў. Каля 25 працэнтаў фінансавых рэсурсаў ФСАН прызначана для стымулявання наймальнікаў да стварэння рабочых месц.
Зыходзячы з вынікаў маніторынгу праблем рэгіянальных рынкаў працы, у праект праграмы на 2008 год уключана 23 малыя гарады. Па кожнаму з іх распрацаваны комплекс канкрэтных мер па зніжэнню напружанасці на рынку працы. Асаблівы акцэнт зроблены на забеспячэнне працаўладкавання інвалідаў, моладзі і грамадзян, вызваленых з месц пазбаўлення волі. Акрамя таго, будзе прадоўжана работа па працаўладкаванню бацькоў, абавязаных кампенсаваць расходы на ўтрыманне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні. У мэтах зніжэння дысбалансу попыту і прапанавання рабочай сілы, павышэння якасці працоўных рэсурсаў не менш як 30 працэнтаў беспрацоўных будзе накіравана на прафесійную падрыхтоўку пад канкрэтныя заказы наймальнікаў. Такі падыход, у першую чаргу, будзе прымяняцца адносна наймальнікаў, якія атрымліваюць бюджэтную пазыку для стварэння рабочых месц.