Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 15.01.2008

Прэзідыум Савета Міністраў абмяркоўваў ход выканання ў 2006-2007 г. Праграмы "Дарогі Беларусі" на 2006-2015 г. і развіццё прыдарожнага сэрвісу

Прэзідыум Савета Міністраў абмяркоўваў ход выканання ў 2006-2007 г. Праграмы "Дарогі Беларусі" на 2006-2015 г. і развіццё прыдарожнага сэрвісу

У дарожнай галіне Беларусі пакуль што не створаны ўмовы для прыцягнення інвестараў і пашырэння паслуг прыдарожнага сэрвісу. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваўся ход выканання праграмы "Дарогі Беларусі" і развіццё прыдарожнага сэрвісу.

Прэм'ер-міністр рэзка крытыкаваў работу Міністэрства транспарту і камунікацый па выкананню задач, што датычацца развіцця прыдарожнага сэрвісу. "Нам трэба стварыць такое мікра- і макраасяроддзе, каб у прыдарожны сэрвіс актыўна ішлі інвестары, каб ў міністэрстве чарга стаяла з прапановамі ад іх, - падкрэсліў кіраўнік Урада. - Выконвайце работу так, каб дасягнуць выніку, і каб людзі гэта бачылі".

Сяргей Сідорскі заклікаў кіраўніцтва Мінтранса ствараць "эканоміку галіны, зарабляць грошы, а не выбіваць іх з бюджэту".

***

На развіццё дарог Беларусі ў 2008 годзе прадугледжваецца амаль Br1,8 трлн.

На развіццё дарожнай гаспадаркі Беларусі ў 2008 годзе прадугледжваецца Br1,772 трлн. З іх Br318 млрд. - крэдыт на капітальны і бягучы рамонт дарогі М-1 Брэст - Масква. Такое фінансаванне складае 64 працэнты ад неабходнага для рэалізацыі праграмы "Дарогі Беларусі" на 2006-2015 гады. Аб гэтым паведаміў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў міністр транспарту і камунікацый Уладзімір Сасноўскі.

Паводле слоў міністра, для пакрыцця дэфіцыту фінансавання мерапрыемстваў праграмы неабходна ўзяць яшчэ адзін крэдыт у суме Br136 млрд. Гэта прапанова цяпер знаходзіцца ў стадыі ўзгаднення з органамі мясцовай улады. Такі спосаб фінансавання забяспечыць рэсурсамі рэспубліканскія і мясцовыя дарогі ў 2008 годзе. Міністр таксама паведаміў аб неабходнасці ліквідацыі адставання па выкананню праграмы ў 2006 і 2007 гадах. З улікам недавыканання неабходна скарэкціраваць праграму, каб у наступныя гады яе рэалізацыя і фінансаванне ішлі больш дакладна. Гэта дасць магчымасць забяспечыць неабходныя тэмпы рэканструкцыі дарог Беларусі.

У 2006 годзе са сродкаў рэспубліканскага дарожнага фонду на фінансаванне праграмы было выдзелена Br1,5 трлн. (90,6 працэнта неабходнага). У 2007 годзе на гэтыя мэты накіравана Br1,6 трлн. з улікам крэдыту Br117 млрд. (70 працэнтаў).

***

Мінтранс Беларусі прапануе комплексна развіваць прыдарожны сэрвіс

Мінтранс Беларусі прапануе комплексна развіваць прыдарожны сэрвіс, у прыватнасці, стварыць на аўтадарогах краіны тры ўзроўні аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу. Аб гэтым паведаміў сёння міністр транспарту і камунікацый Уладзімір Сасноўскі, выступаючы на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўваўся ход выканання праграмы "Дарогі Беларусі" і развіцця прыдарожнага сэрвісу.

Першы ўзровень прадугледжвае будаўніцтва дарожнымі арганізацыямі пляцовак для адпачынку і стаянак для аўтатранспарту з іх добраўпарадкаваннем, другі - будаўніцтва яшчэ і пунктаў харчавання з добраўпарадкаванымі туалетамі і душавымі, гасцініцамі, ахоўнымі стаянкамі і іншымі аб'ектамі. Іх будаўніцтва будзе ажыццяўляцца за кошт сродкаў прыватных інвестараў і дзяржаўных прадпрыемстваў. Трэці ўзровень прадугледжвае будаўніцтва аўтазаправачных станцый разам з аб'ектамі другога ўзроўню.

Выслухаўшы гэтыя прапановы, Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі звярнуўся з пытаннем, чаму такую работу толькі плануецца пачынаць, калі праграма рэалізуецца ўжо два гады. Паводле яго ацэнкі, праграма не выконваецца, а з боку Мінтранса не прыкладаецца дастаткова намаганняў для пашырэння дарожнай інфраструктуры і развіцця паслуг.

Некаторыя праблемы выканання праграмы Уладзімір Сасноўскі растлумачыў тым, што на многіх дарогах інтэнсіўнасць руху транспарту невысокая і, адпаведна, размяшчэнне там аб'ектаў прыдарожнага сэрвісу нерэнтабельна. Паводле разлікаў Мінтранса, затраты акупляюцца на трасах, дзе інтэнсіўнасць руху складае больш як 8 тыс. аўтамабіляў у суткі. На беларускіх трасах у асноўным яна крыху большая за 2 тыс. аўтамабіляў. У сувязі з гэтым значныя капіталаўкладанні не апраўданы вельмі вялікім тэрмінам акупнасці.

Мінтранс таксама прапануе ўнесці змяненні ў Генеральную схему развіцця прыдарожнага сэрвісу на рэспубліканскіх аўтадарогах. У ёй неабходна ўдакладніць месцы будаўніцтва аб'ектаў сэрвісу трох узроўняў.