Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 11.01.2008

Адбылося пасяджэнне Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь


Асноўныя мэтавыя паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2008 год і праект сумеснага плана дзеянняў Савета Міністраў і Нацыянальнага банка па дасягненню параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі Беларусі на 2008 год былі разгледжаны на пасяджэнні Савета Міністраў.

Урад Беларусі адзначае нізкі ўзровень выканання прадпрыемствамі бізнес-планаў

Урад Беларусі адзначае нізкі ўзровень выканання прадпрыемствамі бізнес-планаў. Аб гэтым паведаміў сёння Прэм'ер-міністр краіны Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

"На жаль, вынікі 2005, 2006, 2007 гадоў у частцы бізнес-планавання нездавальняючыя: толькі 55 працэнтаў бізнес-планаў, якія мы намецілі да рэалізацыі ў гэтыя гады, фактычна было рэалізавана", - адзначыў Сяргей Сідорскі, падкрэсліўшы, што па асобных міністэрствах невыкананне бізнес-планаў дасягае 60 працэнтаў і больш. Пры гэтым ён нагадаў, што на працягу гэтых гадоў ва ўсіх міністэрствах і ведамствах праводзілася неабходная работа па актывізацыі дзейнасці па бізнес-планаванню.

"Ураду спрабуюць падкінуць ідэю: дайце нам такія абаротныя (і называюць лічбы - 3, 4, 5, 6 трыльёнаў рублёў), мы хацелі б кінуць у стратныя прадпрыемствы, якія адразу быццам бы пачнуць даваць нейкую новую прадукцыю. Я задаю пытанне: вы ж два гады працавалі з бізнес-планамі, і я маю права запатрабаваць рэалізацыю гэтых бізнес-планаў", - сказаў Сяргей Сідорскі.

Прэм'ер таксама адзначыў: "Урад і банкі дадуць столькі грошай, каб выпускаць тую прадукцыю, якую павінны выпускаць на прадпрыемствах. Ну а калі нехта не паспеў, ён павінен несці адказнасць за выкананне ўзятых на сябе абавязацельстваў".

***

У Беларусі будзе прынята сістэма мер па папярэджанню інфляцыйных працэсаў у 2008 годзе

У Беларусі будзе прынята сістэма мер па папярэджанню інфляцыйных працэсаў у 2008 годзе. Аб гэтым паведаміў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён нагадаў, што інфляцыя ў Беларусі ў 2008 годзе запланавана ў межах 6-8 працэнтаў.

Паводле слоў Сяргея Сідорскага, Мінэканомікі павінна прапанаваць адпаведны план дзеянняў па ўрэгуляванню інфляцыйных працэсаў.

"Пакуль інфляцыя выйшла за 10 працэнтаў. Больш як 2 працэнты склала інфляцыя ў снежні 2007 года", - паведаміў Сяргей Сідорскі і адзначыў безадказнае стаўленне абласцей, асобных міністраў да гэтага пытання. "На жаль, прымаемыя тройчы на працягу 2007 года адпаведныя Пастановы Урада па прыцягненню да адказнасці службовых асоб за невыкананне асобных даручэнняў, што датычыліся пытанняў інфляцыі на месцах, не далі вынікаў", - сказаў кіраўнік беларускага Урада.

***

У Беларусі ІП накапілі дастаткова капіталу для інвесціравання ў новую вытворчасць

Індывідуальныя прадпрымальнікі Беларусі накапілі дастаткова капіталу для інвесціравання ў новую вытворчасць. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён адзначыў, што малы бізнес "можа і абавязаны інвесціраваць накопленыя сродкі ў развіццё вытворчасці". Новыя прадпрыемствы, што ствараюцца прадпрымальнікамі, павінны быць "манеўраныя і кіруемыя". Кіраўнік Урада таксама заклікаў індывідуальных прадпрымальнікаў садзіцца за стол перагавораў для абмеркавання інвестыцыйных праектаў.

***

Урад Беларусі ўстанавіў заданні па сацыяльна-эканамічнаму развіццю для кожнага раёна

Урад Беларусі ўстанавіў заданні па сацыяльна-эканамічнаму развіццю для кожнага раёна. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён адзначыў, што гэты факт з'яўляецца адметнай асаблівасцю асноўных мэтавых паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2008 год. У мінулыя гады мэтавыя паказчыкі даводзіліся толькі абласцям і гораду Мінску.

Раённыя і малыя гарады рэспублікі задзейнічаны ў рэалізацыі дзяржаўнай праграмы развіцця малых гарадоў. Сяргей Сідорскі адзначыў: "Мы робім вялікую стаўку на тое, што праведзены ў канцы мінулага года рэспубліканскі семінар і прынятыя меры па развіццю рэгіёнаў дадуць магчымасць выйсці на якасна новы ўзровень жыцця і развіццё эфектыўнай вытворчасці ў гэтых гарадах".

***

У Беларусі неабходна больш актыўна выкарыстоўваць унутраныя рэзервы прадпрыемстваў - С.Сідорскі

У Беларусі неабходна больш актыўна выкарыстоўваць унутраныя рэзервы прадпрыемстваў. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

Паводле яго слоў, цяпер на асобных прадпрыемствах недастаткова эфектыўна выкарыстоўваюцца асноўныя вытворчасці, на многіх пустуюць цэлыя цэхі, а ў асобных раёнах - цэлыя прадпрыемствы і вытворчыя карпусы, асабліва тыя, якія яшчэ ў 90-я гады былі выведзены з абароту.

Сяргей Сідорскі сказаў: "У нас дастаткова рэзерваў на месцах, каб эканамічна мэтазгодна загрузіць існуючыя магутнасці. Калі ёсць прапановы, мы гатовы сёння магутнасці аўтамабільных і трактарнага заводаў перанесці часткова на гэтыя месцы, каб выпускаць дадатковую колькасць машын, трактароў, механізмаў".

***

Урад Беларусі ставіць задачу па павелічэнню росту інвестыцый у 2008 годзе не менш як на 25 працэнтаў

Урад Беларусі ставіць амбіцыйную задачу па павелічэнню росту інвестыцый у 2008 годзе не менш як на 25 працэнтаў. Аб гэтым заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

Паводле яго слоў, у 2007 годзе было прыцягнута інвестыцый у асноўны капітал больш як на Br20 трлн. Пры гэтым $1 млрд. склалі прамыя інвестыцыі. Прэм'ер-міністр таксама адзначыў, што ўрад будзе распрацоўваць комплекс сістэмных мер па павышэнню эфектыўнасці эканомікі, для развіцця галін і стварэння макраэканамічных умоў для прыцягнення інвестыцый у Беларусь. Зыходзячы з гэтага, тэмпы росту прамысловай вытворчасці ў 2008 годзе да ўзроўню 2007 павінны скласці 111 працэнтаў, сельскагаспадарчай вытворчасці - 108,5 працэнта, спажывецкіх тавараў - 111 працэнтаў. Рознічны тавараабарот павінен павялічыцца не менш як на 13 працэнтаў, платныя паслугі насельніцтву - на 12 працэнтаў.

Як адзначыў Сяргей Сідорскі, "мы ставім перад сабой гэтыя задачы, каб выйсці на выкананне складаных і напружаных паказчыкаў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2008 год".

***

С.Сідорскі запатрабаваў ад урада і мясцовых органаў улады канкрэтных дзеянняў па развіццю знешняга гандлю

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі запатрабаваў ад урада і мясцовых органаў улады канкрэтнага плана дзеянняў па выкананню ўстаноўленага паказчыка знешнегандлёвага сальда ў 2008 годзе - мінус $1,4 млрд. Аб гэтым ён заявіў сёння на пасяджэнні Савета Міністраў.

Як адзначыў кіраўнік Урада, адмоўнае сальда ў аб'ёме $1,4 млрд. - гэта разліковы паказчык. "У мінулым годзе мы яго завалілі", - канстатаваў ён.

Каб забяспечыць яго выкананне ў 2008 годзе, Прэм'ер-міністр у лістападзе 2007 года даручыў камісіі распрацаваць канкрэтны план дзеянняў па павелічэнню экспарту і зніжэнню імпарту. "У выніку ад камісіі атрыманы агульныя растлумачэнні на 48 старонках - гэта навуковая праца, а што неабходна зрабіць і як дасягнуць запланаванага паказчыка, у гэтых растлумачэннях няма, - сказаў прэм'ер. - Так не пойдзе".

За выкананне гэтага паказчыка ў бягучым годзе будуць адказваць канкрэтныя службовыя асобы. І для гэтага павінен быць канкрэтны план дзеянняў Урада і органаў мясцовай улады па дасягненню сальда, якое запланавана, падкрэсліў Сяргей Сідорскі.

***

Беларусь у 2008 годзе за кошт развіцця сферы паслуг павінна дадаткова атрымаць $1 млрд. - С.Сідорскі

Беларусь у 2008 годзе за кошт развіцця сферы паслуг павінна дадаткова атрымаць $1 млрд., заявіў сёння Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён звярнуў увагу на тое, што гэты сектар эканомікі развіваецца пакуль што недастаткова. У суседніх краінах больш як 70 працэнтаў валавога ўнутранага прадукту фарміруецца за кошт сферы паслуг, у Беларусі ж гэты паказчык знаходзіцца на ўзроўні 42-43 працэнты, канстатаваў кіраўнік Урада.

"Рэзервы ёсць, неабходна кардынальна змяніць сваё стаўленне да гэтага сектара эканомікі", - падкрэсліў Сяргей Сідорскі. Тым больш што ў папярэднія гады Урад ужо стварыў спрыяльныя прававыя і эканамічныя ўмовы для развіцця сферы паслуг. У 2008 годзе неабходна прымаць у гэтым напрамку сур'ёзныя рашэнні.

***

У Беларусі распрацаваны праекты дакументаў для актывізацыі прыцягнення замежных інвестыцый

У Беларусі распрацаваны праекты дакументаў, накіраваных на актывізацыю прыцягнення замежных інвестыцый у краіну, паведаміў сёння міністр эканомікі Беларусі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён адзначыў, што важнейшай умовай забеспячэння высокіх тэмпаў росту эканомікі з'яўляецца актыўная мадэрнізацыя і пашырэнне вытворчых магутнасцей дзеючых экспартаарыентаваных прадпрыемстваў, стварэнне новых канкурэнтаздольных вытворчасцей. Паводле яго слоў, для гэтага неабходна стварыць умовы для прыцягнення інвестыцый, у тым ліку прыватных і замежных.

Мікалай Зайчанка паведаміў, што з гэтай мэтай распрацаваны праект Дэкрэта "Аб актывізацыі прыцягнення прамых замежных інвестыцый", які прадугледжвае шэраг мер стымулюючага характару ў адносінах да камерцыйных арганізацый з замежнымі інвестыцыямі, што знаходзяцца ў населеных пунктах колькасцю да 50 тыс. чалавек.

Акрамя таго, для актывізацыі прытоку інвестыцый у СЭЗ падрыхтаваны праект Указа "Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у некаторыя ўказы прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па пытаннях дзейнасці свабодных эканамічных зон". Дакументам прадугледжваецца ўстанаўленне гарантый для рэзідэнтаў СЭЗ, удасканаленне парадку рэгістрацыі рэзідэнтаў СЭЗ, пашырэнне паўнамоцтваў адміністрацый СЭЗ, устанаўленне льготных умоў па арэнднай плаце, а таксама больш ільготных умоў падаткаабкладання.

Для забеспячэння практычнага прымянення ў Беларусі інстытута канцэсіі падрыхтаваны праект Указа "Аб зацвярджэнні пераліку аб'ектаў, якія прапануюцца для перадачы ў канцэсію".

Таксама ў мэтах павышэння эфектыўнасці работы па прыцягненню замежных крэдытных рэсурсаў у рэальны сектар эканомікі падрыхтаваны праект указа "Аб некаторых мерах па рэалізацыі інвестыцыйных праектаў, якія фінансуюцца за кошт знешніх дзяржаўных пазык (крэдытаў)".

Для актывізацыі фінансавага рынку распрацаваны праект дэкрэта, якім прадугледжана зніжэнне стаўкі падатку на даходы ад аперацый па аблігацыях з 40 працэнтаў да 24 працэнтаў, спрашчэнне працэдуры выпуску і абарачэння каштоўных папер, размяшчэння карпаратыўных каштоўных папер на знешніх рынках.

***

Саўмін і Нацбанк распрацавалі план дзеянняў па дасягненню прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2008 год

Урад Беларусі і Нацыянальны банк распрацавалі сумесны план дзеянняў па дасягненню параметраў прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця, бюджэту і Асноўных напрамкаў грашова-крэдытнай палітыкі на 2008 год. Аб гэтым паведаміў сёння міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён адзначыў, што сумесны план дзеянняў уяўляе сабой пералік мерапрыемстваў, накіраваных на стварэнне ўмоў, неабходных для выканання павышаных мэтавых паказчыкаў.

Асноўныя базавыя ўмовы для функцыянавання эканомікі ў 2008 годзе распрацаваны і зафіксаваны яшчэ ў мінулым годзе ў законе аб бюджэце на бягучы год. У адпаведнасці з гэтым законам, узровень падатковай нагрузкі для рэальнага сектара эканомікі знізіцца на 0,9 працэнта ВУП. Гэта значыць, што ў эканоміцы дадаткова застанецца Br1 трлн., які будзе накіраваны на развіццё.

Мікалай Зайчанка назваў і шэраг іншых фактараў, за кошт якіх можна і неабходна выканаць намечаныя эканамічныя і сацыяльныя задачы. Ён нагадаў аб дзеянні Указа нумар 108 "Аб некаторых мерах па ўвядзенню ў гаспадарчы абарот дзяржаўнай маёмасці, якая не выкарыстоўваецца". Вялікі патэнцыял па прыцягненню інвестыцый у сельскую мясцовасць змяшчае і дэкрэт нумар 9, які рэгулюе прадпрымальніцкую дзейнасць на тэрыторыі сельскіх населеных пунктаў, а менавіта ўстанаўлівае прэферэнцыі па асноўных напрамках арганізацыі і вядзення бізнесу ў вёсцы. Рэалізацыя норм гэтага дэкрэта будзе штуршком для развіцця ў сельскай мясцовасці не толькі сельгасвытворчасці, але і іншых галін, а таксама сферы паслуг, падкрэсліў міністр.

Акрамя таго, створаны ўмовы для развіцця прадпрымальніцкай ініцыятывы, прыцягнення інвестыцый, перш за ўсё ў малыя і сярэднія гарады, за кошт спрашчэння працэдуры прадастаўлення зямельных участкаў. Гэта прадугледжана Указам нумар 667 ад 27 снежня 2007 года. Дакумент уводзіць простую, даступную і аператыўную працэдуру выдзялення грамадзянам зямельных участкаў. Выключаюцца бюракратызм і валакіта, утойванне інфармацыі аб свабодных зямельных участках, іншыя парушэнні ў гэтай сферы.

Міністр эканомікі назваў таксама і шэраг іншых прынятых нарматыўна-прававых актаў, якія прызначаны выканаць намечаныя сацыяльна-эканамічныя задачы. Размова ідзе аб Дэкрэтах нумар 7 і нумар 8. Яны накіраваны на скарачэнне пераліку дакументаў, неабходных для атрымання ліцэнзій, і на спрашчэнне іншых ліцэнзійных працэдур, а таксама на якаснае рэфармаванне парадку дзяржрэгістрацыі і ліквідацыі дзейнасці юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў.

***

У эканоміцы Беларусі неабходна вытрымаць суадносіны росту зарплаты і прадукцыйнасці працы - М.Зайчанка

Урад Беларусі ставіць задачу ў 2008 годзе вытрымаць суадносіны росту заработнай платы і прадукцыйнасці працы. Аб гэтым заявіў сёння міністр эканомікі Мікалай Зайчанка на пасяджэнні Савета Міністраў.

Ён адзначыў, што ў студзені будуць распрацаваны і даведзены да рэспубліканскіх органаў дзяржкіравання, аблвыканкамаў і Мінскага гарвыканкама паказчыкі па росту заработнай платы, прадукцыйнасці працы. На працягу года будзе ажыццяўляцца штоквартальны маніторынг іх выканання.

Важнай умовай для захавання сацыяльнай стабільнасці з'яўляецца таксама выкананне параметра інфляцыі ў межах 6-8 працэнтаў, падкрэсліў Мікалай Зайчанка. З гэтай мэтай прадугледжваецца прыняць дзве пастановы. Адна з іх будзе датычыцца мер па забеспячэнню ў 2008 годзе прагнознага паказчыка інфляцыі, другая прадугледжвае кантроль за змяненнем мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Як лічыць міністр эканомікі, для забеспячэння прадугледжанай дынамікі сацыяльна-эканамічнага росту сёння ўжо недастаткова мець толькі фінансавыя рэсурсы. "Галоўнае сёння - гэта ініцыятыва кіраўнікоў на месцах, на ўсіх узроўнях кіравання і гаспадарання. Яны павінны арыентавацца на стварэнне новых канкурэнтаздольных інавацыйных праектаў", - сказаў Мікалай Зайчанка.