Аб'ём капітальных укладанняў у развіццё Беларускай энергасістэмы ў 2011-2015 гадах складзе $5,9 млрд. Гэта прадугледжана Дзяржаўнай праграмай развіцця Беларускай энергетычнай сістэмы на 2011-2015 гады, прект якой разгледжаны 23 сакавіка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі.
Як паведаміў журналістам па выніках пасяджэння Міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц, праект Дзяржпраграмы ў цэлым адобраны, але ёсць шэраг заўваг, якія на працягу тыдня будуць дапрацаваны. У прыватнасці, у дакуменце падрабязна будуць прапісаны фінансавыя балансы, патокі сродкаў, магчымасць разлікаў за прыцягнутыя крэдытныя рэсурсы, адлюстравана нагрузка па бюджэтнаму фінансаванню.
"Так ужо атрымліваецца, што на сённяшні дзень электрычная энергія ў Беларусі выпрацоўваецца за кошт вуглевадароднай сыравіны (газу і мазуту). І нам неабходна перабудоўваць усю гэту структуру выпрацоўкі, каб атрымаць больш танныя кілават-гадзіны", - сказаў Міністр энергетыкі.
"У цэлым да 2015 года мы плануем па гэтай праграме ўвесці ў энергасістэму высокатэхналагічныя модулі, парагазавыя ўстаноўкі, удасканаліць работу шэрагу дзеючых ЦЭЦ", - растлумачыў Аляксандр Азярэц.
Павышэнне эфектыўнасці і надзейнасці работы Беларускай энергетычнай сістэмы плануецца ажыццявіць за кошт збалансаванай мадэрнізацыі і развіцця генерыруючых крыніц з прымяненнем сучасных перадавых тэхналогій і вывадам з эксплуатацыі менш эканамічнага і ўстарэлага абсталявання, абнаўлення асноўных фондаў энергасістэмы са зніжэннем зносу, забеспячэння дынамікі абнаўлення асноўных фондаў энергасістэмы, зніжэння ўзроўню выкарыстання прыроднага газу пры выпрацоўцы электрычнай і цеплавой энергіі шляхам дыверсіфікацыі паліўна-энергетычнага балансу энергасістэмы за кошт уводу ў баланс вугалю, а таксама эканамічна апраўданых аб'ёмаў мясцовых відаў паліва, аднаўляльных крыніц энергіі, зніжэння затрат на вытворчасць, транспарт і выкарыстанне цеплавой і электрычнай энергіі, а таксама за кошт іншых праектаў.
Дзяржпраграмай прадугледжваецца ажыццявіць комплекс мер, накіраваных на істотнае зніжэнне спажывання энергасістэмай імпартных матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў - з 51,3 працэнта ад агульнага аб'ёму закупак у 2011 годзе да 33,8 працэнта ў 2015 годзе. Доля беларускіх матэрыяльна-тэхнічных рэсурсаў павялічыцца адпаведна з 48,7 працэнта да 66,2 працэнта.
Асаблівая ўвага будзе ўдзелена вырашэнню задачы павышэння энергаэфектыўнасці выпрацоўкі электрычнай і цеплавой энергіі. Будуць прадоўжаны работы па рэканструкцыі шэрагу электрастанцый з прымяненнем новых сучасных высокаэфектыўных тэхналогій, уключаючы будаўніцтва буйных парагазавых энергаблокаў сумарнай магутнасцю 800 МВт на Лукомскай ДРЭС і Бярозаўскай ДРЭС, забяспечана будаўніцтва ЦЭЦ на базе існуючых кацельняў.
У мэтах дыверсіфікацыі паліўнага балансу энергасістэмы прадугледжваецца будаўніцтва і ўвод да 2015 года вугальнай электрастанцыі ў Зэльве сумарнай магутнасцю каля 900 МВт, міні-ЦЭЦ на мясцовых відах паліва агульнай магутнасцю каля 6 МВт, гідра- і ветраэлектрастанцый. Будуць прадоўжаны работы па будаўніцтву АЭС.
Дзяржпраграмай развіцця Беларускай энергасістэмы прадугледжана таксама паэтапная ліквідацыя перакрыжаванага субсідзіравання ў цэнах на газ і тарыфах на энергію.
Як растлумачыў Міністр энергетыкі, у праграме прадугледжваецца плаўны, лёгкі адыход ад перакрыжаванага субсідзіравання ў цэнах на газ і тарыфах на энергію з улікам пытанняў сацыяльнай абароны насельніцтва. Ліквідацыя перакрыжаванага субсідзіравання будзе праводзіцца ў мэтах зніжэння затрат на энергарэсурсы для спажыўцоў рэальнага сектара эканомікі.
Ад гэтага трэба адыходзіць, паколькі тое перакрыжаванае субсідзіраванне, якое кладзецца на газ, у момант кладзецца і на выпрацоўку энергіі, растлумачыў Аляксандр Азярэц. Таму мы адыходзім ад гэтага перакрыжаванага субсідзіравання, што істотна разгружае фінансавы прэс на рэальны сектар эканомікі. "Зразумела, крыху будзе падгружацца насельніцтва, але мы ведаем, што да 2015 года ставіцца задача выйсці на сярэднюю заработную плату $1 тыс. у эквіваленце. Таму з улікам гэтага і будзе арганізавана работа, каб насельніцтва на сабе рэзкіх нагрузак не адчула", - сказаў Міністр энергетыкі.
Прадугледжанае Дзяржпраграмай удасканаленне тарыфнай палітыкі ўлічвае эканамічныя інтарэсы вытворцаў і спажыўцоў энергіі і стварае стымулы для максімальнай эканоміі энергіі на ўсіх стадыях вытворчасці і спажывання энергіі, павышэння эфектыўнасці выкарыстання вытворчых магутнасцей.
Рэалізацыя Дзяржаўнай праграмы павысіць фінансавую ўстойлівасць і эфектыўнасць работы энергетычных прадпрыемстваў, палепшыць інвестыцыйны клімат і прывабнасць капітальных укладанняў у энергасістэму ў выніку ўдасканалення структуры кіравання галіной, тарыфнай палітыкі і нарматыўнай прававой базы ў электраэнергетыцы, створыць тэхналагічную аснову для эфектыўнага развіцця і функцыянавання галіны ў рыначных умовах.
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя



