Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 23.03.2011

Беларусь да 2015 года плануе павялічыць экспарт тавараў і паслуг у 2,2 раза

Беларусь да 2015 года плануе павялічыць аб'ём экспарту тавараў і паслуг у 2,2 раза. Гэта прадугледжана Нацыянальнай праграмай развіцця экспарту Рэспублікі Беларусь на 2011-2015 гады, праект якой разгледжаны 23 сакавіка на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі.

Як паведаміў журналістам па выніках пасяджэння Міністр замежных спраў Беларусі Сяргей Мартынаў, праект Нацыянальнай праграмы развіцця экспарту адобраны Прэзідыумам Саўміна.

"Наша асноўная мэта - нарошчванне экспарту тавараў і паслуг, які плануецца да 2015 года павялічыць у 2,2 раза", - сказаў Сяргей Мартынаў.

Паводле яго слоў, другая важная задача - пераадоленне сітуацыі адмоўнага сальда гандлёвага балансу па таварах і паслугах.

Як растлумачыў Сяргей Мартынаў, разлікі, зробленыя экспертамі НАН, галіновымі спецыялістамі, паказваюць, што дасягненне дадатнага сальда магчыма ў Беларусі да 2014 года. "Дакладней кажучы, да 2014 года магчымы выхад на нуль і пачынаючы з 2015 года - выхад на дадатнае сальда ў суме прыкладна $500 млн.", - сказаў Міністр замежных спраў.

Ён таксама падкрэсліў, што для таго, каб гэтыя лічбы не засталіся на паперы, а былі рэальнасцю, неабходна вельмі ўзважана ставіцца да імпарту тавараў і паслуг. У сувязі з гэтым у праграме закладзены апераджальны тэмп росту экспарту ў параўнанні з тэмпам росту імпарту. "Імпарт за 5 гадоў мы павінны нарасціць не больш як у 1,76 раза. У такім выпадку мэты праграмы будуць ажыццёўлены", - адзначыў Сяргей Мартынаў.

Акрамя таго, Міністр падкрэсліў, што праграмай развіцця экспарту на бягучую пяцігодку прадугледжваецца балансіроўка мэт, якія ставяць перад сабой галіны па нарошчванню экспарту тавараў і паслуг з краінавымі, рэгіянальнымі прыярытэтамі. "Гэта значыць, праграма дае галіновым работнікам уяўленне, у якія краіны і рэгіёны яны павінны пастаўляць тавары на працягу 5 гадоў", - сказаў ён.

Рэалізоўвацца праграма будзе наступным чынам: кожны год, калі будуць зацвярджацца паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця на чарговы год і закладвацца паказчыкі экспарту і знешнегандлёвага сальда, на аснове гэтых паказчыкаў кожная галіна будзе рыхтаваць свой план мерапрыемстваў, як яны будуць забяспечваць гэта. Планы мерапрыемстваў будуць пад пастаянным кантролем намеснікаў Прэм'ер-міністра Беларусі.

У цэлым задачамі праграмы вызначана стварэнне новых экспартаарыентаваных вытворчасцей, павелічэнне аб'ёмаў паступлення валютнай выручкі, прыцягненне прамых замежных інвестыцый для мадэрнізацыі вытворчасці і павышэння экспартнага патэнцыялу нацыянальнай эканомікі, павелічэнне ў экспарце долі высокатэхналагічнай і навукаёмістай прадукцыі з высокай дабаўленай вартасцю, стымуляванне таварнай і геаграфічнай дыверсіфікацыі экспарту, а таксама іншыя задачы.

Чакаецца, што ў выніку рэалізацыі праграмы ўмацуецца экспартны патэнцыял нацыянальнай эканомікі за кошт павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі на знешніх рынках, адбудзецца якаснае паляпшэнне таварнай і геаграфічнай структуры экспарту, будзе адзначацца апераджальны рост экспарту тавараў і паслуг над імпартам і дасягненне ўстойлівага дадатнага сальда знешняга гандлю.

Праграма прадугледжвае, што тэмп росту экспарту тавараў у 2015 годзе ў параўнанні з 2010 годам складзе 208 працэнтаў, тэмп росту экспарту паслуг - 303 працэнты.

Фотаздымкі