Урад Беларусі радыкальна скараціў колькасць абавязковых першасных уліковых дакументаў у бухгалтарскім уліку. Такое рашэнне прынята пастановай Савета Міністраў ад 24 сакавіка 2011 года нумар 360 "Аб зацвярджэнні пераліку першасных уліковых дакументаў".
Дакумент прыняты ў мэтах рэалізацыі паўнамоцтваў Савета Міністраў, прадастаўленых Указам Прэзідэнта Беларусі ад 15 сакавіка 2011 года нумар 114 "Аб некаторых пытаннях прымянення першасных уліковых дакументаў".
Пастановай зацверджана восем відаў першасных уліковых дакументаў, якія будуць абавязкова прымяняцца ў бухгалтарскім уліку. Гэта таварна-транспартная накладная, таварная накладная, прыходны касавы ордэр, расходны касавы ордэр, акт аб прыёме-перадачы асноўных сродкаў, акт аб прыёме-перадачы нематэрыяльных актываў, акт здачы-прыёмкі выкананых будаўнічых і іншых спецыяльных мантажных работ, а таксама акт аб перадачы не завершанага будаўніцтвам аб'екта.
Паводле даных Мінфіна, цяпер у краіне зацверджана каля 1 600 першасных уліковых дакументаў. З даты ўступлення ў сілу пастановы нумар 360, гэта значыць з 1 красавіка 2011 года, абавязковымі застануцца толькі восем.
Іншыя неабходныя для дакументавання гаспадарчых аперацый першасныя ўліковыя дакументы могуць распрацоўвацца суб'ектамі гаспадарання самастойна. Таксама магчыма прымяненне тыпавых форм, устаноўленых рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання.
Такое рашэнне дасць магчымасць спрасціць бухгалтарскі ўлік, знізіць затраты на яго вядзенне, што адпавядае прынцыпам Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасці.
Такім чынам Урад паслядоўна рэалізуе меры па зняццю залішніх патрабаванняў па рэгламентацыі вядзення бухгалтарскага ўліку і афармленню дакументаў, як гэта прадугледжана Дырэктывай Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нумар 4.
Як паведаміў журналістам начальнік галоўнага ўпраўлення рэгулявання бухгалтарскага ўліку справаздачнасці і аўдыту Міністэрства фінансаў Беларусі Аляксандр Ганчар, пастанова нумар 360 накіравана на істотную лібералізацыю адносін у сферы бухуліку і афармлення першасных уліковых дакументаў.
"Асноўным крокам тут з'яўляецца тое, што ўводзіцца толькі восем дакументаў, формы якіх зацвярджаюцца дзяржорганамі. Выкарыстанне іншых першасных уліковых дакументаў, іх формы і змест максімальна будуць зацвярджацца самімі прадпрымальнікамі. Акрамя таго, застаецца права ў міністэрстваў і ведамстваў зацвярджаць формы дакументаў, але яны будуць мець рэкамендацыйны характар, а не абавязковы", - сказаў прадстаўнік Мінфіна.
Ён таксама адзначыў, што прынятае рашэнне дасць магчымасць, у прыватнасці, прадпрыемствам з замежнымі інвестыцыямі, недзяржаўнай формы ўласнасці выбудаваць дакументаабарот, які будзе максімальна зручны для прадпрыемстваў і ўлічваць спецыфіку ажыццяўляемай імі гаспадарча-фінансавай дзейнасці. Дзяржава будзе толькі рэкамендаваць выкарыстанне асобных форм першасных уліковых дакументаў.
Акрамя таго, пастановай нумар 360 вызначаны выключны пералік рэквізітаў, якія павінны змяшчацца ў першасным уліковым дакуменце. Усе іншыя рэквізіты, якія не маюць прамых адносін да бухуліку, з'яўляюцца рэкамендацыйнымі, і іх непазначэнне не нясе мер адміністрацыйнай адказнасці. Такім чынам, акцэнт у бухгалтарскай дзейнасці будзе перамешчаны не на працэс афармлення вялікай колькасці дакументаў, а на змест бухгалтарскай справаздачнасці, паколькі для інвестараў, акцыянераў у першую чаргу цікава само фінансавае становішча прадпрыемства. Паводле слоў Аляксандра Ганчара, такі падыход адпавядае міжнароднай практыцы і міжнародным стандартам.
У цэлым, паводле слоў спецыяліста Міністэрства фінансаў, прыняцце пастановы нумар 360 - "гэта сапраўдны прарыў, значны крок у лібералізацыі дакументаабароту ў Беларусі, якога яшчэ не было".
Што датычыцца верагоднасці магчымага павелічэння парушэнняў з боку нядобрасумленных плацельшчыкаў, то ў Мінфіне не бачаць апасенняў наконт гэтага.
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя

