Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 01.04.2011

Беларусь і Краснадарскі край падпісалі Пагадненне аб супрацоўніцтве на 2011-2012 гады

Беларусь і Краснадарскі край Расійскай Федэрацыі заключылі Пагадненне аб гандлёва-эканамічным, навукова-тэхнічным і культурным супрацоўніцтве на 2011-2012 гады. Дакумент падпісалі 1 красавіка 2011 года ў Краснадары Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін і віцэ-губернатар Краснадарскага краю Вадзім Лукаянаў.

Перад цырымоніяй падпісання адбылося пасяджэнне двухбаковай Рабочай групы па супрацоўніцтве. На ім былі абмеркаваны вынікі рэалізацыі папярэдняга трохгадовага пагаднення і перспектывы развіцця дзелавых кантактаў у прамысловасці, сельскай гаспадарцы, пастаўках прадукцыі і паслуг.

"Брацкая Беларусь - адзін з найважнейшых партнёраў Краснадарскага краю па ўсіх напрамках - ад культуры да эканомікі", - сказаў на сустрэчы з беларускай дэлегацыяй віцэ-губернатар Кубані Вадзім Лукаянаў.

"Сёння мы зрабілі яшчэ адзін крок да таго, каб скараціць адлегласць паміж нашымі народамі", - падкрэсліў ён.

Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Калінін, у сваю чаргу, падзякаваў кубанцам за цёплы прыём.

"Я задаволены нашай сумеснай канструктыўнай работай і дзелавым партнёрствам. Беларусь удзячна краю за ініцыятыву актывізаваць наша супрацоўніцтва", - падкрэсліў Анатоль Калінін і запрасіў дэлегацыю краю прыняць удзел у выставе "Белагра-2011".

Вадзім Лукаянаў, у сваю чаргу, запрасіў беларускіх партнёраў у Сочы, на 10-ты юбілейны Міжнародны інвестыцыйны форум.

У ходзе пасяджэння сумеснай кубанска-беларускай Рабочай групы па супрацоўніцтве было прынята рашэнне стварыць шэраг сумесных прадпрыемстваў. У прыватнасці, на Кубані будзе пабудаваны гандлёва-сэрвісны цэнтр Мінскага трактарнага завода, а таксама арганізавана вытворчасць камбайнаў "Палессе". У Беларусі ў сваю чаргу плануецца стварыць сумесную зборачную вытворчасць з удзелам краснадарскага ЗАТ "Старомінская сельгастэхніка" і ААТ "Мазыртэхсервіс".

Сумесная рабочая група таксама абмеркавала арганізацыю паставак у Краснадарскі край меліярацыйнай тэхнікі вытворчасці ААТ "Коханаўскі экскаватарны завод" і ветэрынарнай прадукцыі.

Гаварылася і аб магчымасці стварэння на базе ТАА "Ліфтгрузмаш" зборачнай вытворчасці энергазберагальных ліфтаў.

На базе РНДУП "Палескі інстытут раслінаводства" і ССПК "Аграсаюз Кубані" запрацуе сумеснае прадпрыемства па вытворчасці насення гібрыдаў кукурузы для беларускіх сельгаспрадпрыемстваў.

Яшчэ адно перспектыўнае пачынанне - адкрыццё ў Мінску Гандлёвага дома Краснадарскага краю.

Беларускі гандлёвы дом у гэтым годзе ўжо адкрыўся ў Армавіры. Мяркуецца, што да канца 2011 года яго тавараабарот складзе 60 млн. расійскіх рублёў.

Фотаздымкі