Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 25.01.2008

Прэм'ер-міністр Беларусі 28 студзеня сустрэнецца з Намеснікам Старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана

Прэм'ер-міністр Беларусі 28 студзеня сустрэнецца з Намеснікам Старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана

Прэм'ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сустрэнецца з Намеснікам Старшыні Кабінета Міністраў Туркменістана Хыдырам Сапарлыевым. Сустрэча пройдзе 28 студзеня ў Доме Урада.

Намеснік Старшыні Кабінета Міністраў Хыдыр Сапарлыеў узначальвае дэлегацыю Туркменістана, якая прыбудзе ў Мінск для ўдзелу ў правядзенні першага пасяджэння Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па пытаннях гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва. З беларускага боку яе ўзначальвае віцэ-прэм'ер Аляксандр Косінец.

Пасяджэнне камісіі адбудзецца 28 студзеня ў Мінску. Бакі абмяркуюць перспектывы двухбаковага супрацоўніцтва па шырокаму спектру пытанняў у машынабудаўнічай галіне, сельскай гаспадарцы, адукацыі і культуры, спорце і турызме. Будуць таксама разгледжаны пытанні развіцця дагаворна-прававой базы беларуска-туркменскіх адносін.

Туркменістан займае сёмае месца ў аб'ёме знешняга гандлю Беларусі з краінамі СНД і шостае - у аб'ёме экспарту. У студзені-лістападзе 2007 года ўзаемны тавараабарот склаў $81,2 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2006 года ў 6,4 раза. Беларускі экспарт вырас у 6,9 раза і склаў $80,4 млн. Аснову беларускага экспарту ў Туркменістан складаюць трактары, грузавыя аўтамабілі, часткі і абсталяванне для аўтамабіляў і трактароў, дарожная тэхніка, сельскагаспадарчыя машыны для падрыхтоўкі і апрацоўкі глебы, шыны, пластмасавая тара, вадкасныя помпы, часткі да рухавікоў унутранага згарання, веласіпеды, комплексныя хімічныя ніці, гумавыя камеры, прадукты харчавання, лекавыя сродкі.

Істотны рост экспарту ў 2007 годзе абумоўлены рэалізацыяй кантрактаў ВА "МТЗ" з асацыяцыяй "Туркменабахызмат" на пастаўку трактароў "Беларус-1221" і "Беларус-80Х" на суму $55,8 млн. Значнага росту ўдалося таксама дасягнуць па такіх таварных пазіцыях, як кандытарскія вырабы (рост у 8,7 раза), шыны (у 13,6 раза), часткі да рухавікоў унутранага згарання (у 126,6 раза), цэнтрыфугі, агрэгаты для фільтравання вадкасцей або газаў (у 136,3 раза), машыны сельскагаспадарчыя для падрыхтоўкі і апрацоўкі глебы (у 7,3 раза), часткі і абсталяванне для аўтамабіляў і трактароў (у 26,3 раза).

У таварнай структуры імпарту з Туркменістана пераважаюць баваўняная пража, гарбарная сыравіна, тканіны з сінтэтычных валокнаў, натуральная воўна.