У Беларусі неабходна знізіць аб'ём канваіравання грузаў у 2-3 разы
Аб гэтым сёння па выніках пасяджэння калегіі Дзяржаўнага мытнага камітэта паведаміў журналістам Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Андрэй Кабякоў.
Паводле яго слоў, гэта складанае комплекснае пытанне, дзе многае звязана як з групамі тавараў, так і здольнасцю перавозчыкаў фінансава забяспечыць дастаўку грузаў. "Але мы лічым, што гэты працэс неабходна ўпарадкаваць і, па меншай меры, у 2-3 разы знізіць аб'ём канваіравання грузаў", - адзначыў Намеснік Прэм'ер-міністра. У сваю чаргу ўпарадкаванне гэтага працэсу дасць магчымасць забяспечыць большую транзітную прывабнасць Беларусі, а таксама адпавядаць нормам і прынцыпам, якія прымяняюцца ў іншых дзяржавах пры такіх працэдурах.
У мінулым годзе ў рэспубліцы быў удасканалены парадак канваіравання і значна скарочаны пералік тавараў, якія падлягаюць такому суправаджэнню. Аднак прынятых мер недастаткова. "Нягледзячы на тое, што ў нас зусім адкрытая граніца з Расійскай Федэрацыяй, мы ставім вялікую колькасць тавараў пад абавязковае суправаджэнне. Толькі ў мінулым годзе налічваецца прыкладна 50 тыс. выпадкаў канваіравання", - сказаў ён. Паводле даных беларускіх аўтаперавозчыкаў, толькі 15 працэнтаў ад усяго аб'ёму канваіраваных грузаў у Беларусі перамяшчаюцца па тэрыторыі Расіі таксама пад канвоем. Такім чынам, неабходна давесці колькасць канваіраваных грузаў да ўзроўню, які існуе ў Расійскай Федэрацыі.
Андрэй Кабякоў таксама дадаў, што мытная службе рэспублікі ў 2007 годзе пералічыла ў бюджэт больш як Br9 трлн. У 2008 годзе яшчэ большую ўвагу неабходна ўдзяліць удасканаленню мытных працэдур, найхутчэйшаму ўкараненню прынцыпу электроннага дэкларавання, а таксама поўнасцю рэалізаваць прынцыпы "аднаго прыпынку", "аднаго акна". Усё гэта будзе садзейнічаць транзітнай прывабнасці дзяржавы, рэзюмаваў віцэ-прэм'ер.