Ход выканання заданняў па прыцягненню прамых замежных інвестыцый разгледжаны Прэзідыумам Савета Міністраў Беларусі |
|
|
Ход выканання ў 2011 годзе заданняў па прыцягненню прамых замежных інвестыцый на чыстай аснове разгледжаны 28 чэрвеня на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Беларусі, якое прайшло пад старшынствам Прэм'ер-міністра Міхаіла Мясніковіча. Як заявіў журналістам па выніках пасяджэння Міністр эканомікі Беларусі Мікалай Снапкоў, работа міністэрстваў, ведамстваў і аблвыканкамаў па прыцягненню ў эканоміку прамых замежных інвестыцый Прэзідыумам Саўміна прызнана недастатковай. "Нягледзячы на тое, што на гэты час на чыстай аснове прыцягнута больш як $743 млн. - гэта фактычна тры чацвёртыя ад гадавога аб'ёму ўсяго мінулага года, - такія тэмпы задавольваць не могуць, паколькі ў гэтым годзе заданне - прыцягнуць $6,5 млрд.", - сказаў Мікалай Снапкоў. Пры гэтым Міністр эканомікі асабліва падкрэсліў, што прамыя замежныя інвестыцыі важныя для Беларусі перш за ўсё як рэальная крыніца мадэрнізацыі эканомікі, прыходу ў краіну новых тэхналогій, новага менеджменту, якія дазволяць умацаваць пазіцыі беларускіх прадпрыемстваў у сусветных гаспадарчых сувязях. "Мы вызначылі тыя падыходы, якія неабходна прааналізаваць на працягу месяца, - расказаў Мікалай Снапкоў. - Гэта датычыцца нарматыўна-прававых актаў, структуравання інвестыцыйнага поля ў адзіны дакумент. Праз месяц мы вернемся да абмеркавання гэтага пытання". Адказваючы на пытанне журналістаў аб тым, якія галіны з'яўляюцца прыярытэтнымі для прыцягнення прамых замежных інвестыцый, Мікалай Снапкоў адзначыў, што гэта традыцыйныя галіны, якія займаюць асноўную ўдзельную вагу ў ВУП. У прыватнасці, гэта апрацоўчая прамысловасць. "Неабходна мадэрнізаваць і ўключаць у сусветныя гаспадарчыя сувязі перш за ўсё гэтыя галіны, паколькі акрамя новых тэхналогій, акрамя грошай гэта гарантаваныя рынкі збыту. Сёння гэта становіцца самым важным. Кааперацыя з сусветнымі інвестарамі і буйнымі транснацыянальнымі карпарацыямі забяспечыць збыт нашай прадукцыі ", - лічыць Міністр эканомікі. Адначасова, паводле слоў Мікалая Снапкова, інвестыцыі павінны прыцягвацца і ў тыя галіны, якія вызначаны як прыярытэтныя для развіцця ў 2011-2015 гадах: гэта біятэхналогіі, дакладная электроніка, тонкая хімія, ІТ-тэхналогіі. Напрыклад, запланаваны да стварэння ў Беларусі беларуска-кітайскі індустрыяльны парк, паводле слоў Мікалая Снапкова, будзе спецыялізавацца на трох асноўных накірунках: біятэхналогіях, тонкай хіміі і дакладным машынабудаванні. Гэтыя галіны былі прызнаны кітайскімі партнёрамі прыярытэтнымі і найбольш эфектыўнымі. "Гэта сістэмны інвестыцыйны праект, заснаваны на бізнес-працэсах, які будзе рэалізоўваць беларуска-кітайская кіруючая кампанія. Мы ствараем умовы, а кітайскія партнёры прыцягваюць высокатэхналагічныя вытворчасці на гэтую пляцоўку", - паведаміў Міністр эканомікі. Мікалай Снапкоў дадаў, што развіццё сумеснага бізнесу з Кітаем вельмі выгадна для Беларусі, паколькі ён адкрывае дадатковыя перспектывы выхаду на паўднёва-азіяцкія рынкі, якія пастаянна растуць. У той жа час Міністр лічыць перспектыўным узаемадзеянне Беларусі і з еўрапейскімі высокатэхналагічнымі краінамі, у тым ліку з Германіяй - у галіне інфармацыйных тэхналогій, з Ізраілем - у сферы біятэхналогій. "У прынцыпе, геаграфія не можа абмяжоўвацца нейкімі асобна пажаданымі краінамі, - сказаў Міністр. - Геаграфія ўваходжання бізнесу ў краіну павінна вызначацца адным аспектам - эфектыўнасцю". Пры гэтым Мікалай Снапкоў падкрэсліў, што ў Беларусі створаны неабходныя ўмовы для прыцягнення замежных інвестараў. Паводле яго слоў, шэраг дакументаў, прынятых у апошні час на ўзроўні Прэзідэнта і Урада для паляпшэння інвестыцыйнага клімату ў Беларусі, ствараюць выдатнае прававое поле для развіцця інвестыцыйнай дзейнасці. "Мы лічым, што залішнія прэферэнцыі не ствараюць і не стымулююць развіццё канкурэнтнага асяроддзя, - лічыць Міністр. - Таму, на наш погляд, у інвестыцыйным клімаце Беларусі створаны ўсе неабходныя ўмовы з пункту гледжання адміністрацыйных, прававых, падатковых аспектаў". Пры гэтым, на думку Мікалая Снапкова, для інтэнсіфікацыі працэсаў прыцягнення прамых замежных інвестыцый у эканоміку краіны трэба забяспечыць выкананне дзвюх галоўных умоў. Па-першае - гарантаваць інвестару, што тыя правілы гульні, якія ўстаноўлены на момант яго ўваходжання ў Беларусь, захаваюцца на працягу дзеяння інвестдагавора. "Другое - павінна быць жаданне міністэрстваў, абласцей, органаў дзяржкіравання прыцягваць інвестара, а таксама разуменне таго, што гэта не выкананне задання, а неабходнасць, каб краіна выйшла на якасна іншы ўзровень эканамічнага росту", - падкрэсліў Міністр эканомікі. |
|
|
Надрукавана з сайта government.by Адрас публікацыі http://government.by/be/content/3903 |
надрукаваць |