Перспектывы супрацоўніцтва Беларусі з транснацыянальнай карпарацыяй Asahi Glass Company абмеркаваны на нарадзе ў Прэм'ер-міністра Беларусі

Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч 28 чэрвеня правёў рабочую нараду па пытаннях развіцця супрацоўніцтва Рэспублікі Беларусь з транснацыянальнай карпарацыяй Asahi Glass Company (AGC).

Звяртаючыся да прадстаўнікоў AGC, кіраўнік Урада адзначыў вялікую зацікаўленасць Беларусі ў наладжванні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва з Asahi Glass Company. "Лепш развівацца ў партнёрстве, - сказаў Міхаіл Мясніковіч. - Наша сустрэча дасць магчымасць абмеркаваць перспектывы супрацоўніцтва і намеціць сумесныя праекты. У вас стагадовы вопыт работы, 30 працэнтаў сусветнага шкла. Мы таксама займаем даволі вялікую нішу на гэтым рынку".

На думку Прэм'ер-міністра, аб'яднанне намаганняў і супрацоўніцтва з канцэрнам дасць магчымасць Беларусі больш эфектыўна прасоўваць свае інтарэсы і ўмацоўваць пазіцыі на знешнім рынку. "Нам трэба вызначыць магчымасці выканання сумесных праектаў, каб прасоўваць узаемныя інтарэсы на сусветны рынак", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр Беларусі.

У сваю чаргу, генеральны дырэктар Asahi Glass Companу па краінах СНД Уладзімір Шыгаеў адзначыў, што карпарацыя AGC мае багаты вопыт як у рэструктурызацыі дзеючага бізнесу ў галіне шкляной прамысловасці, так і па стварэнню новых заводаў. "Мы разглядаем нашы кантакты з Беларуссю як чарговы крок прыходу з новымі інвестыцыямі", - сказаў Уладзімір Шыгаеў. Пры гэтым ён дадаў, што высока ацэньвае патэнцыял Беларусі ў галіне развіцця шкляной прамысловасці. Asahi Glass Companу зацікаўлена інвесціраваць перспектыўныя праекты ў гэтай сферы.

Asahi Glass Companу - транснацыянальная карпарацыя са штаб-кватэрай у Японіі. Заснавана ў 1903 годзе. Да гэтага часу яе доля на сусветным рынку шкла складае 30 працэнтаў, высокатэхналагічнага шкла для электронікі - 70 працэнтаў. Аб'ём продажаў за 2010 год склаў каля $12 млрд. Сярод асноўных напрамкаў дзейнасці - вытворчасць ліставога шкла і яго перапрацоўка, выпуск матэрыялаў для вытворчасці паўправаднікоў, а таксама фотаэлектронных кампанентаў, хімічных прадуктаў на аснове фтору і хлору. Карпарацыя мае ўласную моцную навукова-даследчую базу.​
Надрукавана з сайта government.by
Адрас публікацыі http://government.by/be/content/3904
надрукаваць