Пагадненне аб стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку плануецца падпісаць у верасні бягучага года |
|
|
Пагадненне аб стварэнні беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку плануецца падпісаць у верасні бягучага года. Аб гэтым паведаміў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі Анатоль Тозік 30 чэрвеня на сустрэчы ў Мінску з намеснікам Міністра камерцыі Кітайскай Народнай Рэспублікі Чэнь Цзянем. Вітаючы членаў кітайскай дэлегацыі, Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі падкрэсліў, што ў апошнія гады беларуска-кітайскія адносіны актыўна развіваюцца па ўсіх напрамках - ад палітычных кантактаў да культурнага супрацоўніцтва. Гаворачы аб развіцці гандлёва-эканамічных адносін дзвюх краін, Анатоль Тозік адзначыў, што "яшчэ ў 2005 годзе беларуска-кітайскі тавараабарот быў на ўзроўні $800 млн. У 2011 годзе, як плануецца, ён дасягне $3 млрд.". Пры гэтым Намеснік Прэм'ер-міністра падкрэсліў, што за апошнія гады краіны перайшлі ад простага гандлю да рэалізацыі буйных інвестыцыйных праектаў. "У Беларусі рэалізуюцца сумесныя з Кітаем інвестыцыйныя праекты на агульную суму каля $6 млрд. З іх каля $3,5 млрд. - крэдытная падтрымка кітайскіх банкаў", - сказаў Анатоль Тозік і падзякаваў кіраўнікам Эксімбанка і Банка развіцця Кітая, з якімі Беларусь найбольш актыўна супрацоўнічае. Называючы канкрэтныя праекты, Намеснік Прэм'ер-міністра нагадаў мінскую ЦЭЦ-2, акт аб прыёмцы ў эксплуатацыю якой падпісаны 29 чэрвеня. "Гэта першы паспяховы праект у галіне энергетыкі, які рэалізуецца сумесна з кітайскай карпарацыяй", - адзначыў Анатоль Тозік і дадаў, што ў верасні 2011 года будзе рэалізаваны яшчэ адзін буйны праект у гэтай галіне на мінскай ЦЭЦ-5. Анатоль Тозік падкрэсліў, што на сённяшні дзень у Беларусі зарэгістравана і працуе больш за 20 прадстаўніцтваў кітайскіх карпарацый і даччыных кампаній. Больш за тое, Беларусь і Кітай перайшлі да новага этапа развіцця адносін - стварэнню сумесных прадпрыемстваў і рэалізацыі ўзаемавыгадных буйных праектаў з прамымі інвестыцыямі. Вельмі паспяхова, па ацэнцы Намесніка Прэм'ер-міністра, разгортвае работу ў Беларусі сумеснае прадпрыемства па вытворчасці бытавой тэхнікі "Медэя-Гарызонт". Таксама ў Беларусі створана СП па вытворчасці гідрамеханічных перадач для буйной аўтатэхнікі. Ёсць буйныя сумесныя прадпрыемствы з удзелам беларускіх інвестыцый і ў Кітаі. Амаль 15 гадоў паспяхова працуе СП па вытворчасці шасі для буйной тэхнікі, у тым ліку ваеннай. Створана СП па выпуску кар'ерных самазвалаў. У Харбіне наладжана сумесная вытворчасць кормаўборачных камбайнаў, якіх у бягучым годзе плануецца выпусціць каля 1,1 тыс. адзінак. Акрамя таго, пачата зборка энерганасычаных трактароў - гэта тэхніка, па словах Намесніка Прэм'ер-міністра Беларусі, мае добрыя перспектывы па прасоўванню на кітайскім рынку. "Мы актыўна запрашаем нашых кітайскіх сяброў прыняць удзел у прыватызацыі буйных прамысловых прадпрыемстваў Беларусі. Мы будзем вітаць прыход кітайскага капіталу ў банкаўскі сектар нашай эканомікі", - сказаў Анатоль Тозік. Паводле яго слоў, цяпер у гэтым сектары актыўна працуюць еўрапейскія і расійскія банкі, "і беларускі бок хацеў бы, каб у гэтым сектары прысутнічаў і кітайскі капітал". Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі таксама лічыць, што краінам неабходна прыкласці больш актыўныя намаганні для рэалізацыі своп-пагаднення, якое было падпісана два гады таму, калі Беларусь і Кітай абмяняліся нацыянальнымі валютамі ў эквіваленце $3 млрд. "На жаль, яно практычна не працуе. Лічу, нам трэба разам прыкласці намаганні, каб гэты рэсурс пачаў больш актыўна працаваць у інтарэсах абедзвюх краін", - дадаў Анатоль Тозік. Звяртаючыся да намесніка Міністра камерцыі КНР, Анатоль Тозік падкрэсліў, што "Беларусі і Кітаю неабходна пераходзіць на новую ступень развіцця і рэалізоўваць праекты, якія з'яўляюцца абсалютна ўзаемавыгаднымі для краін. Перш за ўсё, гэта праект стварэння сумеснага кітайска-беларускага індустрыяльнага парку. Беларускі бок, паводле слоў Анатоля Тозіка, прапануе надаць праекту статус міждзяржаўнага, міжурадавага і падпісаць пагадненне ў верасні. "Мы падрабязна азнаёміліся з арганізацыяй работы аналагічнага кітайска-сінгапурскага парку Сучжоу. Я лічу, што можам стварыць такі індустрыяльны парк у сэрцы Еўропы, для чаго ўжо адвялі для яго вялікую тэрыторыю - на плошчы 80 кв.км", - адзначыў Намеснік Прэм'ер-міністра. Анатоль Тозік запэўніў намесніка Міністра камерцыі КНР у стварэнні спрыяльных умоў для работы парку, у тым ліку ў кантэксце функцыянавання Мытнага саюза. "Мы гатовы прапанаваць кітайскім кампаніям самыя спрыяльныя ўмовы для работы ў Беларусі. Сёння гэта набывае асаблівую актуальнасць - Беларусь, Расія і Казахстан утварылі адзіную мытную прастору, у бліжэйшы час створым Адзіную эканамічную прастору. Тавары, капітал, паслугі змогуць перамяшчацца без мытных межаў і перашкод", - падкрэсліў Намеснік Прэм'ер-міністра Беларусі. Са свайго боку намеснік Міністра камерцыі Кітая падкрэсліў, што Урад КНР падтрымлівае праект сварэння беларуска-кітайскага індустрыяльнага парку. "Задача ўрадаў дзвюх краін - стварыць самыя спрыяльныя ўмовы для прыцягнення інвестыцый у парк", - сказаў Чэнь Цзянь. Ён таксама выказаў надзею, што адпаведнае пагадненне будзе падпісана ў верасні гэтага года. |
|
|
Надрукавана з сайта government.by Адрас публікацыі http://government.by/be/content/3912 |
надрукаваць |