Прэм'ер-міністр Беларусі Міхаіл Мясніковіч па даручэнню Кіраўніка дзяржавы 4 лістапада ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды заслужаным людзям краіны. Кіраўнік Урада павіншаваў узнагароджаных, адзначыўшы вялікую значнасць ганаровых знакаў у жыцці кожнага асобнага чалавека, сям'і і працоўнага калектыву. Медалі, ордэны, званні і падзякі атрымалі прадстаўнікі АПК, транспарту і камунікацый, лясной гаспадаркі, адукацыі, аховы здароўя, культуры і мастацтва, сродкаў масавай інфармацыі.
Звяртаючыся да работнікаў прамысловага комплексу краіны, Прэм'ер-міністр адзначыў, што прамысловасць - адна з найважнейшых сфер беларускай эканомікі. "Тут фарміруецца асноўны экспарт, асноўная занятасць, тут фармуюцца асноўныя бюджэтныя паступлення", - сказаў Міхаіл Мясніковіч. У планы Урада ўваходзіць глыбокая мадэрнізацыя дзеючых прадпрыемстваў і стварэнне прынцыпова новых вытворчасцей 5-га і 6-га тэхналагічных укладаў.
Кіраўнік Урада распавёў аб планах стварэння дадатковых стымулаў для інавацыйнага развіцця эканомікі Беларусі. "Мы разам з праектам закона аб бюджэце на 2012 год ўносім шэраг сур'ёзных стымулаў для інавацыйнага развіцця нашай эканомікі, у першую чаргу прамысловасці", - падкрэсліў Міхаіл Мясніковіч.
Прэм'ер-міністр таксама нагадаў аб планаваным зніжэнні стаўкі падатку на прыбытак з 24% да 18%, што дасць магчымасць прадпрыемствам фармаваць уласныя крыніцы развіцця. "Прадугледжваецца паскораная амартызацыя асноўных фондаў, каб атрымаць дадатковыя крыніцы для абнаўлення", - сказаў ён. Акрамя гэтага, інвестыцыйныя выдаткі, якія нясуць прадпрыемствы, можна будзе пераносіць на наступныя перыяды. "Такім чынам, мы зможам значна паляпшаць эканоміку адпаведных гаспадарчых суб'ектаў", - дадаў Прэм'ер-міністр.
Кіраўнік Урада падкрэсліў, што адной з галоўных задач у цяперашней эканамічнай сітуацыі выступае забеспячэнне больш высокай прадукцыйнасці працы. "Яна ў нас, на жаль, сёння вельмі нізкая ў параўнанні з іншымі краінамі, у тым ліку Еўропы", - канстатаваў Міхаіл Мясніковіч. Трэба будзе таксама павышаць канкурэнтаздольнасць прадукцыі, асабліва экспартаарыентаванай.
Прэм'ер-міністр адзначыў неабходнасць больш актыўнага прыцягнення ў эканоміку прамых замежных інвестыцый як непасрэдна пад новыя аб'екты або сумесныя прадпрыемствы, так і ў працэсе прыватызацыі. "Пакуль мы гэтую працу выконваем недастаткова добра", - сказаў Кіраўнік Урада.
Звяртаючыся да прадстаўнікоў лясной гаспадаркі, Міхаіл Мясніковіч падкрэсліў, што лес - гэта найважнейшы здабытак Беларусі. У бягучай пяцігодцы прадугледжана больш рацыянальнае выкарыстанне лясных рэсурсаў. У Беларусі будуць створаны досыць вялікія магутнасці па вытворчасці мэблі, фанеры, паперы, цэлюлозы, распавёў Кіраўнік Урада. Рэзка павінен вырасці экспарт прадукцыі галіны.
Уручаючы ўзнагароды работнікам медыцыны, Прэм'ер-міністр запэўніў, як бы ні было складана сёння Беларусі, усе запланаваныя сродкі на развіццё сацыяльнай сферы, аховы здароўя, адукацыі і навукі будуць выдзелены ў поўным аб'ёме. "Прадугледжваецца досыць істотны рост такога фінансавання і на 2012 год", - падкрэсліў ён.
Асаблівая ўвага Кіраўнік Урада надаў прадстаўнікам вядучых ВНУ краіны. "Урад разлічвае, што вашы выпускнікі будуць не толькі таленавітымі матэматыкамі, праграмістамі, даследнікамі, кіраўнікамі, але і людзьмі высокай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму", - сказаў ён.
Узнагароджваючы прадстаўнікоў мастацтва і культуры, а таксама сродкаў масавай інфармацыі, Міхаіл Мясніковіч выказаў упэўненасць у тым, што іх праца ўнясе дастойны ўклад у развіццё краіны. "Мы ўпэўнены, што вашы творчыя здольнасці, яркая індывідуальнасць і ў далейшым будуць садзейнічаць развіццю нацыянальнай культуры, мастацтва, а СМІ, будуць аб'ектыўна адлюстроўваць дзейнасць, спрыяць ліквідацыі недахопаў", - рэзюмаваў Прэм'ер-міністр.
Кіраўнік Урада пажадаў заслужаным людзям Беларусі моцнага здароўя, шчасця і дабрабыту.
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя



