Мінскі аўтамабільны завод гатовы пашырыць лінейку транспартных сродкаў з правабаковым рулём для індыйскага рынку. Аб гэтым сёння на сустрэчы з прэзідэнтам індыйскага холдынга Hinduja Group Ракешам Гупта паведаміў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
"МАЗ спецыяльна распрацаваў адаптаваныя для індыйскага рынку правабаковыя аўтамабілі і гатовы пашырыць лінейку транспартных сродкаў з правабаковым рулём", - сказаў прэм'ер. Ён адзначыў, што прадпрыемства зацікаўлена ў патэнцыяльным партнёры ў Індыі.
Андрэй Кабякоў звярнуў увагу Ракеша Гупта на магчымасць супрацоўніцтва холдынга Hinduja Group з прадпрыемствамі МТЗ, "Амкадор", "Гомсельмаш" як у частцы продажу тэхнікі, так і арганізацыі яе сумесных вытворчасцей. "У сферы машынабудавання Беларусь мае агульнапрызнаны вопыт і свае ўнікальныя тэхналогіі", - растлумачыў прэм'ер-міністр.
Таксама кіраўнік беларускага ўрада прапанаваў кіраўніку холдынга развіваць узаемадзеянне ў сферы геолагаразведкі, нафтаздабычы і пашырыць прымяненне беларускіх тэхналогій. "Ведаючы вашу спецыялізацыю, лічым выгадным стварэнне на базе беларускіх НПЗ сумеснай вытворчасці маторных масел", - адзначыў, у прыватнасці, Андрэй Кабякоў.
Прэм'ер-міністр запэўніў субяседніка ў тым, што Беларусь гатова стварыць максімальна спрыяльныя ўмовы для сваіх партнёраў. Ён таксама выказаў упэўненасць, што візіт кіраўніка індыйскай дзяржавы надасць дадатковы імпульс супрацоўніцтву дзвюх краін, а сённяшняя сустрэча ва ўрадзе стане адным з этапаў на гэтым шляху.
На думку Андрэя Кабякова, патэнцыяльнымі напрамкамі супрацоўніцтва Hinduja Group і беларускага боку (акрамя машынабудавання і нафтахіміі) з'яўляюцца высокія тэхналогіі, альтэрнатыўныя крыніцы энергіі, лагістыка, банкаўская справа, фармацэўтыка.
Hinduja Group з'яўляецца адным з самых дыверсіфікаваных па сектарах дзейнасці: кампаніі, якія ўваходзяць у холдынг, працуюць у 100 краінах свету ў 12 галінах.
Беларусь прапанавала індыйскай кампаніі сумесна здымаць фільмы.
Беларусь прапануе індыйскаму холдынгу Hinduja Group разгледзець магчымасць сумеснай вытворчасці фільмаў. Аб гэтым на сустрэчы з прэзідэнтам індыйскага холдынга Hinduja Group Ракешам Гупта заявіў прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў.
"Мы ведаем, што ў складзе вашай группы ёсць свой вытворчы кінадом. Беларусь можа прапанаваць сумесную вытворчасць фільмаў з кінастудыяй "Беларусьфільм", - сказаў кіраўнік урада.
Таксама на сустрэчы Андрэй Кабякоў прапанаваў кіраўніцтву індыйскага холдынга супрацоўніцтва ў сферы медыцынскіх паслуг. "Напрыклад, абмен спецыялістамі для правядзення сумесных аперацый, а таксама аказанне медыцынскіх паслуг пацыентам", - растлумачыў прэм'ер-міністр.
У цэлым прэм'ер-міністр падкрэсліў, што візіт кіраўніка Hinduja Group у Беларусь стане важным этапам у развіцці супрацоўніцтва бакоў і будзе садзейнічаць актыўнаму асваенню новых напрамкаў узаемадзеяння.
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя



