Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 20.07.2015

Андрэй Кабякоў сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Зімбабвэ Эммерсанам Мнангагвай

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сёння сустрэўся з віцэ-прэзідэнтам Зімбабвэ Эммерсанам Мнангагвай.

Кіраўнік Урада заявіў, што Беларусь гатова пастаўляць у Зімбабвэ ўвесь спектр прадукцыі машынабудавання. Паводле яго слоў, у гэтай сферы Беларусь уваходзіць у лік вядучых сусветных дзяржаў - вытворцаў тэхнікі, якая канкурэнтная і па цане, і па якасці. Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што Беларусь мае агульнапрызнаны вопыт і унікальныя тэхналогіі. Асабліва - у галіне сельгасмашынабудавання. Прэм'ер-міністр выказаў зацікаўленасць пастаўляць у Зімбабвэ ўвесь спектр прадукцыі машынабудавання: кар'ерную, сельскагаспадарчую і дарожна-будаўнічую тэхніку. Таксама беларускі бок зацікаўлены ў пастаўках высакаякаснай грузавой тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода.

Нароўні з таварнымі пастаўкамі, Беларусь прапануе сучасныя фінансавыя механізмы і прывабныя ўмовы продажу айчыннай тэхнікі. Гэта, у прыватнасці, экспартнае крэдытаванне і пастаўка тэхнікі на ўмовах міжнароднага лізінгу.

У ліку іншых магчымых напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва Беларусі і Зімбабвэ Андрэй Кабякоў вылучыў таксама адукацыю, пастаўкі калійных угнаенняў.

На думку Кіраўніка беларускага Урада, перспектывы развіцця двухбаковых узаемаадносін ёсць і ў галіне навукова-тэхнічнага супрацоўніцтва. У якасці стартавых праектаў ён прапанаваў ўзаемадзеянне ў сферы тэхналогіі апрацоўкі данных дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, выкарыстанне мікрабіялагічных угнаенняў, ачысткі вады, а таксама выкарыстанне шматфункцыянальных беспілотных авіяцыйных комплексаў, распрацаваных НАН Беларусі.

Яшчэ адзін важны напрамак работы - стварэнне дагаворна-прававой базы. Таксама, на думку Андрэя Кабякова, неабходна паскорыць фарміраванне сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве, каб прыступіць да прадметнай прапрацоўцы канкрэтных кірункаў.

У цэлым Прэм'ер-міністр адзначыў, што Беларусь разглядае Зімбабвэ як перспектыўнага партнёра ў Афрыканскім рэгіёне і шануе дружалюбныя адносіны з гэтай краінай. Нягледзячы на тое, што сёння лічбы ўзаемнага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж краінамі вельмі сціплыя, бакі, упэўнены Прэм'ер-міністр, маюць усе магчымасці адрадзіць узаемавыгаднае супрацоўніцтва на больш высокім узроўні.

Віцэ-прэзідэнт Зімбабвэ падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём. Ён шчыра прызнаўся, што быў здзіўлены, наколькі Беларусь развітая краіна, наколькі чыстыя яе гарады і ветлівыя людзі.

На заканчэнне сустрэчы бакі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні паміж урадамі Беларусі і Зімбабвэ аб пастаўках беларускай тэхнікі ў Зімбабвэ і прадастаўленні крэдытных рэсурсаў.

Фотаздымкі