Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся са сваім калегам з Пакістана Навазам Шарыфам, які з 10 па 12 жніўня з афіцыйным візітам знаходзіцца ў Беларусі.
Андрэй Кабякоў упэўнены, што 2015 стане сімвалічным для беларуска-пакістанскіх адносін. Паводле яго слоў, сёлета закладваецца трывалы падмурак для збліжэння эканамічных адносін. Прэм'ер-міністр выказаў упэўненасць, што праз год бакі выйдуць на зусім новы ўзровень адносін. Спрыяць гэтаму будзе перш за ўсё стварэнне сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У Мінску 7 жніўня гэтага года адбылося яе першае пасяджэнне.
Існаванне гэтага інстытута, упэўнены Андрэй Кабякоў, будзе спрыяць і таму, што бакі ў бліжэйшы час радыкальным чынам наросцяць гандлёва-эканамічны абарот. На думку Кіраўніка беларускага Урада, $ 58 млн тавараабароту, які склаўся па выніках 2014 года, далёка не адпавядае патэнцыяльным магчымасцям бакоў.
Андрэй Кабякоў адзначыў, што адным з перспектыўных напрамкаў двухбаковага супрацоўніцтва з'яўляецца стварэнне ў Пакістане прамысловых зборачных вытворчасцей беларускай тэхнікі, а таксама сумесных прадпрыемстваў па выпуску на аснове беларускіх тэхналогій і сыравіны малочнай прадукцыі.
Гаворачы аб зборачнай вытворчасці трактароў МТЗ, Андрэй Кабякоў выказаў гатоўнасць перайсці з этапу цэльнасабраных трактароў да паставак SKD камплектаў. Для гэтага, адзначыў Прэм'ер-міністр, беларускаму боку спатрэбіцца надзейны партнёр у Пакістане, які карыстаецца даверам і падтрымкай Урада.
Таксама Андрэй Кабякоў запэўніў аб гатоўнасці разгледзець пытанні стварэння ў Беларусі сумесных з Пакістанам прадпрыемстваў па выпуску тэкстыльнай прадукцыі з пакістанскай сыравіны. Для гэтага, Беларусь гатова прадаставіць вытворчую пляцоўку тэкстыльнага прадпрыемства ў горадзе Баранавічы - аднаго з найбуйнейшых тэкстыльных прадпрыемстваў на ўсёй постсавецкай прасторы.
Перспектыўным, на думку беларускага Прэм'ера, магло б стаць стварэнне сумеснага прадпрыемства па вытворчасці дывановых вырабаў з пакістанскай сыравіны на плошчах Брэсцкага дывановага камбіната. Гэтая прадукцыя, упэўнены ён, можа быць вельмі запатрабаванай на рынку Еўразійскага эканамічнага саюза.
Каб гэтыя праекты зарабілі ў поўную сілу, Андрэй Кабякоў прапанаваў пакістанскаму калегу прапрацаваць пытанне аб падпісанні міжурадавага пагаднення аб вытворчай і навукова-тэхнічнай кааперацыі.
У час сустрэчы бакі дамовіліся ўзгадніць у кастрычніку 2015 праект дарожнай карты развіцця адносін Беларусі і Пакістана. Адказнымі за падрыхтоўку праекта гэтага дакумента будуць сустаршыні сумеснай камісіі.
Таксама падчас сённяшняй сустрэчы ў беларускім Урадзе бакі абмеркавалі ўзаемадзеянне ў галіне фармацэўтыкі, сферы нафта-і газаздабычы, наладжванні паветраных зносін. Акрамя таго, Андрэй Кабякоў нагадаў, што ў ходзе візіту Аляксандра Лукашэнкі ў Пакістан у маі, бакі стварылі ўмовы для паўнавартаснага развіцця двухбаковага ўзаемадзеяння ў прамысловай кааперацыі і сельскай гаспадарцы. У сувязі з гэтым ён прапанаваў пакістанскаму баку на пастаяннай аснове праводзіць работу па збліжэнні пазіцый у гэтых сферах. Эфектыўнай перамоўнай пляцоўкай у сумеснай камісіі маглі б стаць пасяджэнні рабочых груп па прамысловасці і сельскай гаспадарцы.
Не засталася ў баку і тэма пра магчымасць супрацоўніцтва Беларусі і Пакістана шляхам стварэння трыкутніка Мінск-Пекін-Ісламабад ў рамках Пакістанска-Кітайскага эканамічнага калідора. Андрэй Кабякоў адзначыў, што ў Беларусі ёсць вопыт удзелу ў буйных інфраструктурных праектах (у Венесуэле, Туркменістане). У сувязі з гэтым прапануецца стварыць у сумеснай беларуска-пакістанскай камісіі спецыяльную рабочую групу па ацэнцы магчымасці ўдзелу беларускага боку ў праекце Пакістанска-Кітайскага эканамічнага калідора.
Наваз Шарыф у сваю чаргу падзякаваў беларускаму боку за цёплы прыём, падзяліўся ўражаннямі ад знаходжання ў нашай краіне. Ён з задавальненнем канстатаваў, што дзякуючы ініцыятыве Кіраўніка беларускай Дзяржавы на працягу апошніх трох месяцаў бакам удалося прыкметна актывізаваць двухбаковыя ўзаемаадносіны.
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя



