Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 18.08.2015

Андрэй Кабякоў сустрэўся з Паслом В'етнама ў Беларусі

Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў сустрэўся з Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом В'етнама ў Беларусі До Ван Маем, які завяршае сваю дыпламатычную місію ў краіне.

Як адзначыў кіраўнік Урада, Беларусь зацікаўлена ў далейшым нарошчванні паставак у В'етнам калійных угнаенняў, грузавых аўтамабіляў, кар'ерных самазвалаў, буйнагабарытных шын, трактароў, металапрадукцыі, якія добра сябе зарэкамендавалі. Паводле яго слоў, таксама існуе намер пашырыць наменклатуру экспарту за кошт тавараў радыёэлектроннай прамысловасці, вырабаў нафтахімічнага комплексу, малочнай прадукцыі, кандытарскіх вырабаў, фармацэўтыкі. Пры гэтым Андрэй Кабякоў канстатаваў станоўчую дынаміку ўзаемадзеяння дзвюх краін у гандлі, эканоміцы, прамысловай кааперацыі, навуцы і тэхналогіях, гуманітарных сувязях. Прэм'ер-міністр падзякаваў До Ван Мая за плённую працу і выказаў упэўненасць, што пераемнік пасла годна працягне працаваць у напрамку развіцця беларуска-в'етнамскіх адносін.

Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што беларускі бок надае вялікае значэнне развіццю сумесных праектаў па арганізацыі зборачных вытворчасцей, а таксама заявіў пра гатоўнасць пашырыць наменклатуру грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, аказаць садзейнічанне ў забеспячэнні сэрвіснага абслугоўвання аўтатэхнікі.

Сёлета ў маі падпісаны дагавор паміж ЕАЭС і В'етнамам аб зоне свабоднага гандлю. Як адзначыў Прэм'ер-міністр, Беларусь з вялікім жаданнем падпісала гэта пагадненне. Гэта першае пагадненне аб зоне свабоднага гандлю ЕАЭС з краінай, якая не ўваходзіць у саюз. Андрэй Кабякоў выказаў упэўненасць, што яно дасць магчымасці для продажу сумеснай прадукцыі на рынкі трэціх краін.

Таксама кіраўнік беларускага Урада падкрэсліў, што В'етнам для Беларусі заўсёды быў прадказальным, надзейным і перспектыўным партнёрам. Андрэй Кабякоў падзякаваў за ўвядзенне В'етнамам бязвізавага рэжыму ўезду для кароткатэрміновых паездак беларускіх грамадзян, які пачаў дзейнічаць з 1 ліпеня 2015 года. На думку Прэм'ер-міністра, гэта акажа станоўчы ўплыў на дынаміку двухбаковых кантактаў на ўсіх узроўнях.

У сваю чаргу До Ван Май падзякаваў Андрэя Кабякова за высокую ацэнку яго дзейнасці ў якасці пасла і выказаў упэўненасць у далейшым плённым супрацоўніцтве паміж двума краінамі.


Фотаздымкі