Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сёння правёў гасцявы ўрок "Я ў працоўныя пайду ..." для вучняў Мінскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя №3 машынабудавання, які прайшоў на ААТ "БелАЗ".
Адказваючы на пытанне, ці змогуць маладыя спецыялісты, якія зараз толькі выбіраюць рабочую прафесію, уладкавацца пасля заканчэння ліцэя на беларускія прадпрыемствы-гіганты, Андрэй Кабякоў адзначыў, што рабочыя спецыяльнасці не страцяць прэстыжнасці нягледзячы ні на што. Па словах Андрэя Кабякова, адказ на гэтае пытанне даў генеральны дырэктар ААТ "БелАЗ", калі паведаміў, што прадпрыемства прымае каля 130 маладых спецыялістаў у год, і гэтая лічба не будзе змяншацца.
Прэм'ер-міністр адзначыў, што ў сусветнай эканоміцы зараз назіраюцца пэўныя складанасці, якія не могуць не адбівацца на сітуацыі ў нашай краіне. Але ў гэтым і заключаецца мастацтва разумення працэсаў, якія адбываюцца ў эканоміцы, - жыццё не спыняецца. І неабходна ўжо зараз прыцягваць маладыя кадры і навучаць іх. Гэта натуральны працэс амаладжэння. Сплаў маладосці і вопыту заўсёды дае добры вынік, - падкрэсліў Андрэй Кабякоў.
Генеральны дырэктар ААТ "БелАЗ" Пётр Пархомчык паведаміў, што на прадпрыемстве сёння працуе каля 2,5 тыс. маладых спецыялістаў. Дзякуючы створаным умовам, сёння няма вострай патрэбы ў кваліфікаваных кадрах. Пры гэтым гендырэктар адзначыў, што калі хтосьці з навучэнцаў ліцэя захоча працаваць на "БелАЗе", прадпрыемства гатова прадаставіць працоўнае месца.
Падчас гасцявога ўрока навучэнцы ліцэя №3 не толькі даведаліся, як пачынаў сваю кар'еру Прэм'ер-міністр Беларусі Андрэй Кабякоў, але і змаглі задаць яму пытанні, а таксама расказаць пра сябе. Акрамя таго, хлопцы прайшлі па цэхах прадпрыемства, а таксама змаглі агледзець "БелАЗ" 450-тоннік, які занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Урад Рэспублiкi Беларусь
Дзейнасць Урада
Медыягалерэя



