Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 12.10.2015

Андрэй Кабякоў прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця Генасамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі

Правядзенне Генасамблеі Міжнароднай электратэхнічнай камісіі - знакавая падзея для Беларусі. Аб гэтым заявіў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў на цырымоніі адкрыцця.

У сваім выступленні Андрэй Кабякоў падзякаваў за падтрымку рашэння аб правядзенні гэтай асамблеі ў Беларусі прэзідэнту МЭК Дзюндзі Намура і генеральнаму сакратару, выканаўчаму дырэктару МЭК Францу Врэесвіку.  Па яго словах, правядзенне Генеральнай асамблеі МЭК будзе садзейнічаць фарміраванню яе іміджу як дзяржавы з прывабнымі ўмовамі для вядзення бізнесу, сучасным узроўнем прамысловасці і навукі, важкім патэнцыялам для інвестыцый і інавацый. Андрэй Кабякоў адзначыў, што мэтавыя арыенціры Беларусі - гэта якасць выпускаемай прадукцыі, укараненне інавацый у прамысловасці і энергетыцы, мадэрнізацыя тэхналагічных і кіраўніцкіх працэсаў, эканомнае выкарыстанне рэсурсаў. Па словах кіраўніка Урада, актуальнасць гэтых напрамкаў шматразова ўзмацняюць узрастаючая канкурэнцыя, а таксама развіццё інтэграцыйных працэсаў у многіх рэгіёнах свету.

Прэм’ер-міністр упэўнены, што сёння развіццё кожнай эканомікі непарыўна звязана з рацыянальным выкарыстаннем усіх відаў рэсурсаў, энергазберажэннем. У Беларусі сістэмная работа ў сферы энергазберажэння і развіцця аднаўляльных крыніц энергіі праводзіцца ўжо больш як 15 гадоў. Па словах Андрэя Кабякова, свае энергетычныя патрэбнасці мы ў асноўным задавальняем за кошт арганічнага паліва, значная частка якога імпартуецца. Ён падкрэсліў, што ў сувязі з гэтым павышэнне эфектыўнасці выкарыстання энергіі з'яўляецца адной з базавых умоў устойлівага развіцця эканомікі Беларусі.

Андрэй Кабякоў адзначыў, што членства Беларусі ў міжнародных арганізацыях па стандартызацыі дапамагае фарміраваць прадуманую перспектыўную тэхнічную палітыку краіны, што ў сваю чаргу дае магчымасць скараціць выдаткі і садзейнічае спрашчэнню міжнароднага гандлю.

"Правядзенне Генеральнай асамблеі МЭК у Мінску будзе садзейнічаць умацаванню сувязей паміж краінамі, развіццю супрацоўніцтва ў сферы тэхнікі і тэхналогій, прамысловай вытворчасці і гандлю. Мы паспрабавалі стварыць максімальна камфортныя ўмовы для правядзення мерапрыемстваў форуму, а таксама паказаць вам багатыя нацыянальныя традыцыі нашага народа", - рэзюмаваў Андрэй Кабякоў.​

Фотаздымкі