навіна

ад 05.01.2017

Усталяваны заказ на пастаўку ў 2017 годзе адходаў паперы і кардона і адходаў шкла для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб

Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 04.01.2017 г. № 4 усталяваны заказ на пастаўку (нарыхтоўку, здачу) у 2017 годзе паперы і кардона і адходаў шкла для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб.

Згодна з дакументам, усяго ў Беларусі плануецца нарыхтаваць 93,4 тыс.т адходаў шкла і 260 тыс.т адходаў паперы і кардона.

Самыя вялікія аб'ёмы адходаў паперы і кардона мяркуецца сабраць у Мінску - 82 тыс.т. Гомельская вобласць павінна нарыхтаваць 36 тыс.т, Брэсцкая - 34 тыс.т, Магілёўская - 30 тыс.т, Віцебская - 29 тыс.т, Мінская - 25 тыс.т., Гродзенская - 24 тыс.т.

Аб'ёмы пастаўкі (здачы) на перапрацоўку адходаў шкла ў Мінску павінны скласці 20,7 тыс.т, Мінскай вобласці - 15 тыс.т, Гомельскай - 14,2 тыс.т, Брэсцкай - 13,7 тыс.т, Віцебскай - 12, 8 тыс.т, Магілёўскай - 11,4 тыс.т, Гродзенскай - 5,6 тыс.т.

Дзяржаўнымі заказчыкамі па пастаўцы (нарыхтоўцы, здачы) для рэспубліканскіх дзяржаўных патрэб паперы і кардона вызначаны Беларускі вытворча-гандлёвы канцэрн лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна-папяровай прамысловасці і арганізацыі, якія ўваходзяць у яго склад і спецыялізуюцца на вытворчасці кардонна-папяровай прадукцыі, а таксама адкрытыя акцыянерныя таварыствы "Зеленаборская" і "Белгіпс"; шкла - дзяржаўнае гандлёва-вытворчае аб'яднанне "Белрэсурсы" - кіруючая кампанія холдынгу "Белрэсурсы", а таксама адкрытае акцыянернае таварыства "Гродзенскі шклозавод", сумеснае закрытае акцыянернае таварыства "Шклозавод Ялізава" і вытворчае ўнітарнае прадпрыемства "Белстеклопром".
 
Міністэрству жыллёва-камунальнай гаспадаркі даручана забяспечыць каардынацыю работы аблвыканкамаў, Мінскага гарвыканкама і дзяржаўных заказчыкаў па выкананні дзяржаўнага заказу.

Дадзеная пастанова ўступае ў сілу пасля яе афіцыйнага апублікавання.