навіна

ад 13.03.2018

Пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў даручыў своечасова падрыхтаваць тэхніку да палявых работ. Адпаведнае даручэнне кіраўнік Урада даў сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў, дзе абмяркоўвалася гатоўнасць сельскагаспадарчых арганізацый да веснавых палявых работ.

У 2018 годзе ў адпаведнасці з дзяржпраграмай развіцця аграрнага бізнесу да 2020 года сельскагаспадарчым арганізацыям неабходна вырабіць прадукцыі на 4,8% больш за ўзровень 2017 года, у тым ліку прадукцыі раслінаводства - на 5%, жывёлагадоўлі - на 4,6%. "У сувязі з гэтым асноўная задача, якая зараз стаіць перад Мінсельгасхарчам, аблвыканкамамі, райвыканкамамі, - гэта правядзенне веснавой пасяўной на высокім арганізацыйным і тэхналагічным узроўнях", - падкрэсліў Андрэй Кабякоў. У Брэсцкай вобласці пасяўная можа быць пачата ўжо праз тыдзень.

У гэтым годзе больш высокімі тэмпамі ідзе назапашванне мінеральных угнаенняў (127% да 2017 года), больш вывезена на палі арганікі (106%). Разам з тым гэта ўсяго 36% ад патрэбы, зацверджаныя ўрадам графікі не выконваюцца. Найбольшыя пытанні да Віцебскай, Магілёўскай і Гомельскай абласцей. "Такое становішча недапушчальна. У нас ёсць усе магчымасці для дакладнага выканання графікаў пастаўкі мінеральных угнаенняў беларускімі хімічнымі арганізацыямі", - звярнуў увагу кіраўнік беларускага Урада.

У шэрагу рэгіёнаў выклікае трывогу пытанне аб своечасовай падрыхтоўцы машынна-трактарнага парка да веснавых палявых работ. Андрэй Кабякоў падкрэсліў, што Урадам пастаўлена задача да 25 сакавіка забяспечыць гатоўнасць тэхнікі на ўзроўні не ніжэй за 95%.

На правядзенне веснавых палявых работ прадугледжаны льготныя крэдыты банкаў у суме Br320 млн. Пры гэтым Андрэй Кабякоў звярнуў увагу, што дадзеная сума будзе засвоеная толькі ў тым выпадку, калі будуць вернутыя рэсурсы, выдадзеныя ў 2017 годзе і папярэдніх гадах на названыя мэты. У мясцовых бюджэтах на 2018 год прадугледжаны сродкі, у тым ліку субсідыі на бягучую дзейнасць, уключаючы выплату надбавак за рэалізаваную прадукцыю, у суме Br191 млн.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, пры аператыўнай працы аблвыканкамаў, Мінсельгасхарча, канцэрнаў "Белдзяржхарчпрам" і "Беллегпрам" па падборы плацежаздольных арганізацый-нарыхтоўшчыкаў і аператараў на выкуп дзяржзаказу будзе падрыхтаваны і накіраваны на разгляд кіраўніка дзяржавы адпаведны праект указа, у рамках якога на палявыя работы у выглядзе авансаў можа быць выдзелена яшчэ каля Br180 млн.

Акрамя таго, Урад ужо накіраваў на разгляд кіраўніка дзяржавы праект распараджэння па падтрымцы ў выглядзе запазычання з дзяржрэзерва вернутага сельгасарганізацыямі паліва ў аб'ёме 50 тыс. т.


Фотаздымкі