навіна

ад 21.03.2018

Сустрэча з паслом Індыі ў Беларусі

Беларусь разлічвае на развіццё прамысловай кааперацыі з Індыяй. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў сёння на сустрэчы з паслом Індыі ў Беларусі Панкаджам Саксенам з нагоды завяршэння яго дыпламатычнай місіі ў Беларусі.

"Мы разлічваем, што ў нас будзе развівацца прамысловая кааперацыя з Індыяй, супрацоўніцтва ў галіне навукі і тэхнікі. У нас ёсць сур'ёзныя напрацоўкі і ўжо рэалізуюцца праекты ў галіне нафтаздабычы, сельскай гаспадаркі. Мы вельмі разлічваем, што будзе рэалізаваны і праект індыйскага інвестыцыйнага кластара ў пасёлку Балбасава Аршанскага раёна", - адзначыў Андрэй Кабякоў. Сумесныя праекты могуць стаць тэмай для абмеркавання з Прэм'ер-міністрам Індыі, візіт у Беларусь якога цяпер прапрацоўваецца.

Беларусь зацікаўлена ў далейшым развіцці шматбаковага эканамічнага супрацоўніцтва з Індыяй. Так, Індыя і Еўразійскі эканамічны саюз будзе абмяркоўваць стварэнне зоны свабоднага гандлю. І Беларусь з'яўляецца паслядоўным прыхільнікам развіцця гандлёва-эканамічных адносін Індыі і ЕАЭС, звярнуў увагу Прэм'ер-міністр.

Паводле слоў Андрэя Кабякова, за час работы Панкаджа Саксены ў якасці пасла Індыі ў Беларусі быў закладзены добры фундамент для ўзаемадзеяння дзвюх краін. У аснову партнёрства сёння пакладзена гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. "Мы прыкметна рушылі наперад з пункту гледжання нарошчвання нашага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў мінулым годзе. Але тым не менш, пакуль мы далёкія яшчэ ад тых лічбаў, задач, якія нам паставілі нашы кіраўнікі па дасягненні тавараабароту паміж Беларуссю і Індыяй у памеры $1 млрд", - канстатаваў Прэм'ер-міністр. Разам з тым краіны ўжо рэалізуюць перспектыўныя праекты, напрыклад, у фармацэўтыцы, якія дапамогуць выйсці на новы ўзровень гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва.

"Ваша дыпламатычная місія ў нашай краіне завяршаецца, думаю, гэта няпросты, хвалюючы момант. Але вы павінны ведаць, што, нягледзячы на змяненне вашага статусу, заўсёды можаце разлічваць, што ў асобе Беларусі вы будзеце мець вернага сябра. Урад Беларусі ўдзячны вам за ўклад у развіццё беларуска-індыйскіх адносін у гандлёва-эканамічнай і іншых сферах", - сказаў Андрэй Кабякоў.

Панкадж Саксена адзначыў, што паміж Беларуссю і Індыяй склаліся цёплыя адносіны, якія яшчэ больш умацаваліся дзякуючы візіту Прэзідэнта Беларусі ў Індыю ў верасні 2017 года. У Індыі ведаюць, якую вялікую ўвагу ўдзяляе Беларусь развіццю двухбаковага ўзаемадзеяння. "У час візіту Прэзідэнта быў дасягнуты шэраг дамоўленасцей, цяпер абодва бакі працуюць над іх выкананнем, уключаючы прапанаваны Беларуссю праект у Аршанскім раёне", - дадаў пасол.


Фотаздымкі