Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 06.02.2019

Уладзімір Кухараў правёў прыём грамадзян у Савеце Міністраў

Урад вывучыць пытанне пражывання ў службовым жыллі былых работнікаў МНС, будуць прымацца рашэнні, якія дадуць магчымасць у адпаведнасці з заканадаўствам максімальна ўлічыць інтарэсы людзей, паведаміў сёння ў час прыёму грамадзян у Савеце Міністраў Намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Кухараў.

На прыём да Віцэ-прэм'ера прыйшлі мінчане, якія адпрацавалі многія гады ў МНС. У сувязі са змяненнямі заканадаўства кватэры, якія яны займаюць, пераведзены з катэгорыі службовага жылля ў катэгорыю спецыяльных жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду. Дакументамі прадугледжана, што з наймальнікамі ў такім выпадку павінны заключацца дагаворы найму (з тымі, хто не знаходзіцца ў працоўных (службовых) адносінах з органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, на тэрмін, што не перавышае пяці гадоў). Грамадзяне выказалі апасенні, што іх могуць выселіць з жылля, і папрасілі дазволіць прыватызацыю.

"Атрымліваецца, людзі, якія ў адзін час прыйшлі служыць, з-за змененых умоў пры выхадзе на пенсію маюць розныя правы на службовае жыллё. Да 2006 года па Жыллёвым кодэксе нам усім было дадзена права бестэрміновага пражывання, з 2014 года сітуацыя змянілася. З-за нестыкоўкі заканадаўства частку людзей знялі з чаргі маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, пры гэтым са службовага жылля іх могуць выселіць", - адзначыў адзін з тых, хто звярнуўся, дадаўшы, што канкрэтна ў яго выпадку ідуць судовыя разборы наконт высялення.

"Мы ведаем гэту праблему, ёю займаемся. Створана камісія, якая вывучае пытанне. Дэталёва разбяромся і прымем рашэнне, каб максімальна ўлічыць у рамках дзеючага заканадаўства інтарэсы людзей. Гэта комплекснае пытанне, якое датычыцца не толькі МНС, але і міністэрстваў жыллёва-камунальнай гаспадаркі, працы і сацыяльнай абароны. Сітуацыі сустракаюцца розныя, у некаторых ужо ёсць ва ўласнасці жыллё, у тым ліку ў Мінску", - сказаў Уладзімір Кухараў.

У час прыёму грамадзян таксама ўзнімаліся прыватныя пытанні. Напрыклад, пажылая мінчанка паскардзілася на няправільную ўстаноўку электрашафы пасля капітальнага рамонту ў пад'ездзе жылога дома па праспекце Ракасоўскага. Яна на працягу 1,5 года звярталася ў розныя інстанцыі, каб перанесці электрашчыт. Як растлумачыў генеральны дырэктар аб'яднання "Мінская гарадская жыллёвая гаспадарка" Юрый Кукашук, сітуацыя неаднаразова разглядалася, парушэнняў няма. Па заключэннях санітарнай службы, у кватэры не адзначана перавышэння паказчыкаў. Уладзімір Кухараў даручыў яшчэ раз на працягу 15 дзён правесці абследаванне аб'екта, зрабіць паўторна замеры ўзроўню шуму і электрамагнітнага выпраменьвання.

Жыхар Баранавіч прапанаваў унесці змяненні ў заканадаўства, якое рэгулюе парадак фінансавання капітальнага рамонту жылых дамоў. Ён выступае ўласнікам некалькіх памяшканняў, якія пераведзены ў разрад нежылых, плаціць адлічэнні на капрамонт, але па факту ўсе работы выконвае самастойна. Паводле слоў мужчыны, з агульнай маёмасці да яго мае адносіны толькі дах. Яго прапанова - скарэкціраваць методыку фарміравання адлічэнняў.

Жыхарка Полацка звярнулася з просьбай адмяніць рашэнне аб заварванні смеццеправода ў доме - жыльцоў не задавольвае арганізацыя пляцоўкі для вынасу смецця. "Трэба разабрацца ў сітуацыі, сустрэцца з людзьмі", - даручыў Віцэ-прэм'ер.

"Пераважная большасць пытанняў, з якімі звяртаюцца грамадзяне, павінны вырашацца на месцах, таму што яны належаць да кампетэнцыі мясцовых органаў улады, - сказаў журналістам Уладзімір Кухараў, падводзячы вынікі прыёму. - Але бывае, што звароты патрабуюць дадатковага разгляду ў вышэйшых інстанцыях, прыняцця рашэнняў на заканадаўчым узроўні. Іх трэба вывучыць, наколькі яны абгрунтаваны. Бачым, што грамадзян хвалююць пэўныя праблемы, і мы павінны зрабіць усё магчымае, каб, калі неабходна, прыняць кіраўніцкія рашэнні".

Фота: БелТА


Фотаздымкі