Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 24.09.2019

Пасяджэнне Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь

Транзітны патэнцыял Беларусі выкарыстоўваецца не ў поўнай меры, неабходна падрыхтаваць прапановы па выпраўленні сітуацыі з экспартам транспартных паслуг. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Сяргей Румас сёння на пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь, дзе разглядаліся пытанні работы транспартнага комплексу.

«Відавочна, што мы не ў поўнай меры выкарыстоўваем перавагі нашай дзяржавы, яе геаграфічнае становішча на шляху транзітных патокаў Поўнач - Поўдзень і Захад - Усход. Акрамя таго, Беларусь адной з першых далучылася да кітайскай ініцыятывы «Пояс і шлях» і стала адной з яго вузлавых кропак. Разам з тым развіццё ў гэтым напрамку ідзе недастатковымі тэмпамі», - адзначыў Сяргей Румас.

Акрамя таго, дадатковым стымулам для развіцця транспартнай дзейнасці павінны стаць Кітайска-беларускі індустрыяльны парк «Вялікі камень», мультымадальны прамыслова-лагістычны комплекс у пасёлку Балбасава.

Паводле слоў Прэм'ер-міністра, транспартная галіна краіны ў цэлым працуе стабільна, аднак не ўсе даведзеныя планы на 2019 г. выконваюцца. Пэўныя праблемы, якія патрабуюць рашэння, ёсць у кожнай падгаліны. Адзначаецца падзенне грузаабароту і, як следства, зніжэнне валавога дададзенага кошту па транспартнай дзейнасці.

«Транспартныя паслугі фармуюць істотную частку аб'ёму экспарту паслуг - 44%. Разам з тым рост транспартных паслуг у бягучым годзе нізкі. У студзені-ліпені экспарт транспартных паслуг склаў 101,2% пры заданні на год 108%. Я яшчэ раз хачу звярнуць увагу, што павелічэнне экспарту - гэта адна з ключавых задач, пастаўленых Кіраўніком дзяржавы перад Урадам», - падкрэсліў Сяргей Румас.

На сённяшнім пасяджэнні Прэзідыума Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь абмяркоўваліся не толькі прычыны недастатковага развіцця транспартнай галіны, але і ўносіліся прапановы па выпраўленні сітуацыі.