Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 29.09.2021

Пасяджэнне Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Саўміне прайшло ў Мінску

Сёння ў Рэспубліканскім цэнтры кіравання і рэагавання на надзвычайныя сітуацыі адбылося пасяджэнне Камісіі па надзвычайных сітуацыях пры Савеце Міністраў пад старшынствам Намесніка Прэм'ер-міністра Анатоля Сівака.

Сярод разгледжаных пытанняў - гатоўнасць да рэагавання на няштатныя сітуацыі на сістэмах жыццезабеспячэння насельніцтва ў асенне-зімовы перыяд, вынікі правядзення Адзінага дня бяспекі, а таксама абстаноўка з гібеллю людзей на вадзе ў 2021 годзе.

У рабоце камісіі прынялі ўдзел Намеснік Дзяржаўнага сакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў, Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі, кіраўнікі органаў дзяржаўнага кіравання, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў.

Цяпер да ацяпляльнага сезона гатовы 99,1 працэнта крыніц цеплазабеспячэння. Праведзена праверка ведаў спецыялістаў. Праблемныя пытанні былі своечасова разгледжаны на пасяджэннях абласных і раённых камісій па надзвычайных сітуацыях. Разам з тым штогод фіксуюцца няштатныя сітуацыі і аварыі, выкліканыя неспрыяльнымі з'явамі надвор'я. Праведзена вялікая работа па павышэнні надзейнасці электразабеспячэння, але пры гэтым усё яшчэ фіксуюцца пашкоджанні ліній электраперадачы з-за падзення дрэў. МНС валодае інфармацыяй аб тэхніцы, якую маюць суб'екты гаспадарання і якая можа быць задзейнічана восенню і зімой пры ліквідацыі наступстваў любых надзвычайных сітуацый. Ва ўсіх рэгіёнах краіны праведзены вучэнні і трэніроўкі. Сучасныя тэхніка і абсталяванне МНС даюць магчымасць аператыўна прыходзіць на дапамогу людзям: у апошнія гады набыты снегаходы, квадрацыклы, модульныя палаткі, снегабалотаходы, цеплавыя пушкі. Аднак аснашчаць падраздзяленні неабходна і далей. У цэлым органы ўпраўлення, сілы і сродкі гатовы да рэагавання на магчымыя няштатныя сітуацыі.

Анатоль Сівак адзначыў неабходнасць планаваць правядзенне маштабнага вучэння па адпрацоўцы плана абароны насельніцтва і тэрыторый ад надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару і дзеянням у асенне-зімовы перыяд у лістападзе 2021 года.

Старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Анвар Ігамбердыеў падрабязна расказаў аб прычынах і ўмовах гібелі людзей на водных аб'ектах. Асабістая неасцярожнасць грамадзян, купанне ў забароненых месцах і элементарнае няўменне плаваць - адны з фактараў, якія паўплывалі на павелічэнне колькасці патанулых. Прымаемыя меры прадухілілі трагедыі на абсталяваных пляжах і ў месцах дзяжурства ратавальнікаў АСВОДа і МНС. Да работы па папярэджанні гібелі людзей прыцягнуты і іншыя органы дзяржаўнага кіравання. Сярод прапанаваных рашэнняў - да пачатку купальнага сезона 2022 года прыняць меры па забароне купання ў небяспечных месцах, паблізу дамбаў, у меліярацыйных каналах. Міністр па надзвычайных сітуацыях Вадзім Сіняўскі падкрэсліў, што органы выканаўчай улады могуць кардынальна паўплываць на абстаноўку перш за ўсё шляхам стварэння дадатковых абсталяваных месцаў для купання.

У сваю чаргу Намеснік Дзяржсакратара Савета бяспекі Аляксандр Рахманаў дадаў, што работа па прафілактыцы гібелі і траўматызму праводзіцца ў краіне на пастаяннай аснове. Прапанаваны новыя падыходы да правядзення Адзінага дня бяспекі ў 2022 годзе. Абноўлены фармат дасць магчымасць зрушыць акцэнт з лекцый, агітацыі і прапаганды, якія можна і трэба праводзіць круглы год, на мерапрыемствы па практычным асваенні і замацаванні навыкаў па дзеяннях у выпадку любых непрадбачаных сітуацый. Чакаецца, што асноўнымі мерапрыемствамі стануць трэніроўкі і вучэнні.


Фотаздымкі