Бел | Рус | Eng PDA
Пастанова Савета Міністраў

ад 12.12.2011

№ 1677

Сістэма комплексных прыродаахоўных дазволаў укараняецца ў Беларусі

Парадак выдачы комплексных прыродаахоўных дазволаў зацверджаны ў Беларусі. Адпаведнае рашэнне змешчана ў пастанове Саўміна нумар 1677 ад 12 снежня 2011 года.

Зацверджаны парадак распаўсюджваецца на прыродакарыстальнікаў – юрыдычных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць або плануюць ажыццяўляць дзейнасць, звязаную з эксплуатацыяй аб'ектаў, што аказваюць комплекснае ўздзеянне на навакольнае асяроддзе, згодна з дадаткам да ўказа нумар 528 "Аб комплексных прыродаахоўных дазволах" ад 17 лістапада 2011 года.

Укараненне сістэмы комплексных прыродаахоўных дазволаў дасць магчымасць скараціць часавыя і фінансавыя затраты прыродакарыстальнікаў на падрыхтоўку і ўзгадненне дазволаў на іх выдачу, істотна зменшыць дакументаабарот. Атрыманне комплексных прыродаахоўных дазволаў у абавязковым парадку для ўсіх прыродакарыстальнікаў уводзіцца з 1 студзеня 2016 года. Аднак для забеспячэння паэтапнага пераходу ад існуючай да новай сістэмы дазволаў прыродакарыстальнікі па ўласнай ініцыятыве маюць права на атрыманне новых дазволаў з 1 студзеня 2012 года.

Выдача такіх дазволаў, унясенне ў іх змяненняў і (або) дапаўненняў, прадаўжэнне тэрміну і спыненне іх дзеяння ажыццяўляюцца тэрытарыяльнымі органамі Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя па месцы дзяржрэгістрацыі прыродакарыстальніка. Комплексны прыродаахоўны дазвол выдаецца на тэрмін ад 5 да 10 гадоў. Пры прыняцці рашэння аб выдачы гэтага дакумента ўлічваецца адпаведнасць даных, прадстаўленых прыродакарыстальнікам, патрабаванням нарматыўных прававых актаў, у тым ліку ў частцы ўстанаўлення нарматываў дапушчальнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, мэтавым паказчыкам, вызначаным планамі і праграмамі па развіццю відаў эканамічнай дзейнасці, тэрыторыі, уключаючы тэрытарыяльныя комплексныя схемы па ахове навакольнага асяроддзя і праекты водаахоўных зон на перыяд дзеяння комплекснага прыродаахоўнага дазволу, а таксама праграмамі і мерапрыемствамі па ахове навакольнага асяроддзя. Улічваецца і адпаведнасць запланаванай дзейнасці найлепшым даступным тэхнічным метадам і ўмовам ажыццяўлення прыродакарыстання.

Прыродакарыстальнік абавязаны на працягу 5 рабочых дзён з дня паведамлення яму органам выдачы дазволаў аб прыняцці заявы да разгляду прадставіць для азнаямлення грамадскасці грамадскае паведамленне шляхам яго размяшчэння ў друкаваных і электронных сродках масавай інфармацыі, а таксама на працягу 40 каляндарных дзён накіраваць матэрыялы аб разглядзе зваротаў грамадскасці ў орган выдачы дазволаў.

Кантроль за выкананнем нарматываў дапушчальнага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе і ўмоў ажыццяўлення прыродакарыстання, устаноўленых у комплексных прыродаахоўных дазволах, будзе ажыццяўляць Мінпрыроды і яго тэрытарыяльныя органы. Мінпрыроды мае права па выніках такога кантролю прыпыняць работу асобных вытворчасцей, цэхаў і (або) аб'ектаў у выпадку парушэння нарматываў і ўмоў, пазначаных у такіх дазволах.

Да развіцця сістэмы комплексных прыродаахоўных дазволаў сёння імкнуцца многія краіны, у тым ліку Расія, Украіна, Казахстан. Запуск новай сістэмы ў Беларусі дасць магчымасць краіне аптымізаваць адміністрацыйныя працэдуры ў сферы прыродакарыстання і прадухілення шкоднага ўздзеяння на навакольнае асяроддзе, уніфікаваць заканадаўства з нормамі Еўрапейскага саюза і краін СНД.​

З поўным тэкстам дакумента можна азнаемiцца на рускай версii сайта

Пошук

Па тыпу публікацыі:




Па нумары дакумента:

Па даце дакумента: