Аляксандр Турчын: Ад стану фінансавай дысцыпліны вельмі многае залежыць у эканоміцы краіны

У Міністэрстве фінансаў адбылося пасяджэнне калегіі ведамства "Аб выніках выканання бюджэту Рэспублікі Беларусь за 2025 год і задачах фінансавых органаў на 2026 год" з удзелам Прэм'ер-міністра Беларусі Аляксандра Турчына.

Прадметны дыялог заняў больш як дзве гадзіны. У цэнтры ўвагі былі ключавыя пытанні, ад якіх залежыць эфектыўнасць фінансавай сістэмы.

Як адзначыў Прэм'ер-міністр, у гэты няпросты час патрабаванні па ўсёй вертыкалі фінансавай сістэмы Беларусі будуць толькі расці. "І таму вы павінны быць да гэтага гатовы", - звярнуўся Аляксандр Турчын да прысутных.

Кіраўнік Урада акцэнтаваў увагу, што ад стану фінансавай дысцыпліны ў эканоміцы залежыць шмат. "Калі мы будзем дакладна яе выконваць, у нас многіх праблем не будзе", - упэўнены ён.

"Я невыпадкова гаварыў аб правядзенні адзінай палітыкі ў сістэме Міністэрства фінансаў. Цэнтральны апарат, абласныя ўпраўленні, раённыя фінансавыя аддзелы, органы казначэйства, кантрольна-рэвізійныя ўпраўленні - мы ўсе павінны працаваць на адзін рэзультат. Перад намі стаіць шмат задач, таму мы павінны да кожнай капейкі бюджэтных сродкаў ставіцца вельмі беражліва, скрупулёзна". І заўсёды фінансіст - гэта той чалавек, які стаіць на варце бюджэтных сродкаў", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Фінансавая сістэма Беларусі абсалютна ўстойлівая, канстатаваў Кіраўнік Урада. "І людзі, якія ў ёй працуюць, - гэта прафесіяналы сваёй справы. Так, ёсць нюансы, але я ўпэўнены, што тыя задачы, якія стаяць перад намі, мы ўсе разам паспяхова выканаем. Таму я хачу настроіць вас на сур'ёзную работу і чакаю ад Міністэрства фінансаў выканання тых задач і даручэнняў, якія перад намі ставіць Кіраўнік дзяржавы, якія ставіць Урад", - адзначыў Аляксандр Турчын.

На парадку дня стаялі няпростыя, але наспелыя тэмы. Гэта, у прыватнасці, павышэнне эфектыўнасці кіравання дзяржрасходамі. Кожны бюджэтны рубель павінен працаваць на рэзультат.

Важнай стала і тэма ролі мясцовых фінансавых органаў. Менавіта на месцах бачны рэальныя патрэбнасці. На пасяджэнні, у прыватнасці, абмяркоўвалі ўзмацненне іх самастойнасці і адказнасці.

Адзначана таксама неабходнасць прадаўжаць работу па аптымізацыі бюджэтнай сферы.

Акрамя таго, разгледжана пытанне развіцця страхавога рынку. Тут ёсць патэнцыял для павелічэння ўкладу ў эканоміку.