Асноўны вектар развіцця супрацоўніцтва Беларусі і Казахстана - прамкааперацыя. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Казахстана Алжасам Бекценавым.
"Казахстан мне не чужая краіна: у свой час, яшчэ працуючы на пасадзе Першага віцэ-прэм'ера, я ўзначальваў беларускую частку міжурадавай камісіі. Лічу, што мы, без беспадстаўнай сціпласці, тады вельмі шмат зрабілі карыснага для дзвюх нашых краін. Дзякуючы лідарам нашых дзяржаў адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам знаходзяцца на высокім узроўні. Для нас Казахстан - гэта найважнейшы партнёр", - сказаў Аляксандр Турчын.
Прэм'ер-міністр выказаў задавальненне дасягнутым узроўнем двухбаковых гандлёва-эканамічных адносін, але падкрэсліў, што заўсёды ёсць да чаго імкнуцца. Ён таксама падкрэсліў, што Беларусь і Казахстан абсалютна правільна выбралі ключавы вектар развіцця супрацоўніцтва - гэта прамысловая сфера і развіццё вытворчай кааперацыі. "Вяртаючыся да перыяду майго сустаршынства ў міжурадавай камісіі, мы вельмі шмат зрабілі для стварэння сумесных вытворчасцей, асабліва ў сферы машынабудавання. Лічу, гэта было абсалютна правільнае рашэнне. Цяперашняя сітуацыя паказвае, што рэалізацыя такіх мерапрыемстваў адпавядае інтарэсам нашых краін. Камбайны, трактары, грузавыя аўтамабілі - работа рухаецца на нармальным узроўні. Але ёсць яшчэ тэмы кар'ернай тэхнікі і іншыя пытанні, па якіх патрабуецца інтэнсіфікацыя нашых адносін", - зрабіў акцэнт кіраўнік беларускага Ўрада.
"У бліжэйшы час асноўнай задачай бачу прыкладанне ўзаемных намаганняў па нарошчванні дадатнай дынамікі ў гандлі. Патэнцыял для таго, каб павялічыць пастаўкі тавараў як беларускіх, так і казахстанскіх, ёсць, - адзначыў Аляксандр Турчын. - Акрамя таго, хацеў бы яшчэ раз выказаць словы ўдзячнасці за ўзгадненне адкрыцця генконсульства ў Алматы. Думаю, да канца бягучага года мы яго адкрыем".
Тавараабарот Беларусі і Казахстана па выніках першага квартала 2025 года вырас на 3,6 працэнта ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года і склаў $200 млн. "Адносіны паміж Беларуссю і Казахстанам развіваюцца дынамічна, па ўзыходзячай па ўсім спектры напрамкаў супрацоўніцтва. Задача двух урадаў - эфектыўна і актыўна займацца рэалізацыяй тых дамоўленасцей, якія дасягнуты на вышэйшым узроўні. Упэўнены, у нас з вамі гэта атрымаецца. Вядома, асноўны фокус - гэта эканоміка. Патэнцыял супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі вялікі, і нам ёсць да чаго імкнуцца", - падкрэсліў Алжас Бекценаў.
Фота: БЕЛТА