МЗС і загранустановамі ў 2025 годзе выкананы значны аб'ём работы па ўсіх напрамках. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на пасяджэнні калегіі Міністэрства замежных спраў.
Паводле яго слоў, МЗС і загранустановамі ў 2025 годзе выкананы значны аб'ём работы па ўсіх напрамках: знешнепалітычным, гуманітарным, знешнеэканамічным і іншых. "Хацеў бы выказаць удзячнасць кіраўніцтву і калектыву Міністэрства замежных спраў. Трэба аддаць належнае: няпросты быў год, але тым не менш, лічу, што мы даволі паспяхова спрацавалі. Вынікі студзеня бягучага года па экспарце тавараў і паслуг выклікаюць невялікі аптымізм. Наша агульная задача - захаваць гэту тэндэнцыю на працягу ўсяго бягучага года", - сказаў Аляксандр Турчын.
Ён абазначыў, што экспарт застаецца галоўным прыярытэтам. "Але, як вы сёння бачыце, знешні контур крайне валацільны і вельмі складана прагназуемы. Геапалітычная абстаноўка мяняецца імкліва", - адзначыў Прэм'ер-міністр.
Кіраўнік Урада падкрэсліў, што Расія была, ёсць і будзе стратэгічным партнёрам Беларусі.
"Нягледзячы на высокі ўзровень палітычных кантактаў, не поўнасцю рэалізуецца патэнцыял супрацоўніцтва з астатнімі нашымі традыцыйнымі партнёрамі на прасторы СНД, - падкрэсліў Аляксандр Турчын. - Мае афіцыйныя візіты ў Азербайджан, Казахстан і Узбекістан паказваюць, што праектаў, якія ўяўляюць для нас цікавасць, там дастаткова. Таксама мае велізарны патэнцыял, не выкарыстаны ў поўным аб'ёме, рынак Кыргызстана".
Прэм'ер-міністр зрабіў акцэнт на тым, што работу на інтэграцыйных пляцоўках (Саюзная дзяржава, ЕАЭС, СНД, ШАС, БРІКС і інш.) трэба выбудоўваць выключна ў нацыянальных інтарэсах Беларусі.
Асобна ён спыніўся на ўзмацненні ўзаемадзеяння з краінамі далёкай дугі. "Праграмай сацыяльна-эканамічнага развіцця вызначана задача забяспечыць у пяцігодцы рост экспарту беларускай прадукцыі ў гэтыя краіны да адной трэці ад агульнага аб'ёму экспарту", - заявіў Кіраўнік Урада.
"Зразумела, захоўваецца санкцыйны націск з боку Еўропы, але сыходзіць з гэтага рынку мы не павінны", - адзначыў Аляксандр Турчын.
Паводле яго слоў, беларуская прадукцыя там застаецца запатрабаванай. "Заходні бізнес не ў захапленні ад рашэнняў еўраструктур і зацікаўлены ў супрацоўніцтве з намі. Таму нам неабходна прадаўжаць актыўна развіваць кантакты, не прапускаць любыя вокны магчымасцей і зрабіць усё, каб не толькі захаваць, але і ўмацаваць нашы пазіцыі на еўрапейскім рынку, - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. - І таму прадаўжайце гэтак жа настойліва, як вы і робіце, даводзіць да еўрапейскіх партнёраў нашу прынцыповую пазіцыю аб тупіковасці санкцыйнага падыходу, максімальна выкарыстоўваць альтэрнатыўныя палітычныя ідэі ў Еўрасаюзе".
Кіраўнік Урада выказаўся і аб рабоце беларускіх паслоў. "Вы - нашы вочы і вушы, аналітычныя цэнтры - генератары перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, якія днём і ноччу павінны маніторыць сітуацыю на месцах. Выбудоўваць канструктыўны дыялог з буйным бізнесам як у краіне знаходжання, так і з нашымі айчыннымі вытворцамі. Выходзіць на канкрэтныя праекты", - адзначыў ён.
Вынікі экспарту, як ужо традыцыйна склалася, - галоўны, ключавы паказчык эфектыўнасці, падкрэсліў Аляксандр Турчын. "Нам трэба кардынальна мяняць падыходы, выпрацоўваць канкрэтныя планы на каротка- і сярэднетэрміновую перспектыву, прапановы па нарошчванні экспартных паставак", - заявіў Прэм'ер-міністр.