Ці пагражае Беларусі перагрэў эканомікі? Раман Галоўчэнка даў дакладны адказ

Прэм'ер-міністр Раман Галоўчэнка ў час рабочага візіту ў Магілёўскую вобласць расказаў, чаму беларускай эканоміцы не пагражае перагрэў.

На фоне навін аб тым, што расійскай эканоміцы можа пагражаць перагрэў, асобныя беларускія так званыя эксперты сталі сцвярджаць, што і беларускай эканамічнай мадэлі можа пагражаць такая з'ява.

"Расійская Федэрацыя сваю эканамічную палітыку вядзе самастойна. Мы сваю таксама вядзём самастойна. У Расіі крыху іншая структура бюджэтных расходаў. Тое што так званыя эксперты палохаюць перагрэвам эканомікі - каменціраваць складана. Таму што з таго боку ўсе эканамічныя навіны падаюцца выключна ў негатыўным ключы, разлічваючы на людзей, якія не вельмі разбіраюцца ў эканамічных мадэлях, - падкрэсліў Прэм'ер-міністр. - У іх навінах заўсёды ідзе негатыўная канатацыя: у Беларусі выраслі зарплаты - "эксперт" тлумачыць, чаму гэта дрэнна, у Беларусі павялічыўся аб'ём вытворчасці - "эксперт" тлумачыць, чым гэта пагражае і гэтак далей".

Што датычыцца перагрэву эканомікі, Прэм'ер-міністр запэўніў, што нашай краіне такая з'ява не пагражае.

"Перагрэў - гэта эканамічная катэгорыя, якая абазначае сітуацыю, пры якой рост ВУП перавышае патэнцыяльны. Так выглядае першы сімптом, - адзначыў Раман Галоўчэнка. - Другі сімптом: актыўны рост заработных плат і грошы накіроўваюцца на спажыванне. Гэта ўсё выклікае дысбаланс".

Раман Галоўчэнка адзначыў, што ўсе рашэнні, якія прымаюцца ў эканамічнай палітыцы нашай краіны, улічваюць і рызыку надыходу негатыўных наступстваў. "Я вас запэўніваю, што ў эканамічным блоку Ўрада, нашай банкаўскай сістэме працуюць вельмі прафесійныя людзі, якія цудоўна ўсё гэта ведаюць і разумеюць", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што ў Беларусі ідзе рост заработнай платы, аб'ёмаў вытворчасці, крэдытавання, які знаходзіцца ў абсалютна дапушчальных параметрах. "Нашымі адпаведнымі эканамічнымі службамі вядзецца пастаянны маніторынг. Ёсць матрыца, якая выкарыстоўвае ўсе міжнародна адобраныя падыходы па маніторынгу за так званым перагрэвам эканомікі. У ёй змешчана 80 параметраў, па якіх нашы службы вядуць назіранне, - падкрэсліў Раман Галоўчэнка. - Таму магу запэўніць, што ўсе гэтыя параметры знаходзяцца ў зялёнай зоне. Ніякай рызыкі на гэты момант мы не бачым".

Чужыя заявы аб тым, што ў Беларусі шмат грошай і яны прадаўжаюць друкавацца - неабгрунтаваныя. "Гэта сведчыць аб нізкім узроўні разумення эканамічных працэсаў асобнымі людзьмі", - падкрэсліў ён.

Каэфіцыент манетызацыі беларускай эканомікі даволі невысокі. "У нашай эканоміцы магло б быць яшчэ больш грошай, але пакуль мы не бачым патрэбы ў дадатковай крэдытнай падтрымцы банкаўскай сістэмы", - рэзюмаваў Раман Галоўчэнка.