Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын, віцэ-прэм'еры і Апарат Савета Міністраў прынялі ўдзел у рэспубліканскім суботніку на пляцоўцы Кургана Славы.
У першую чаргу, прыбыўшы да мемарыяльнага комплексу, Прэм'ер-міністр усклаў кветкі да Кургана Славы. Аляксандр Турчын адзначыў, што гэты помнік ствараўся ў Савецкім Саюзе, удзел у яго ўзвядзенні прымала шмат людзей. "У мінулым годзе мы адзначалі 80-годдзе вызвалення Беларусі ад фашысцкіх захопнікаў, а ў гэтым - 80 гадоў Вялікай Перамогі. Якраз мы завяршаем усе нашы работы на гэтым цудоўным мануменце. Засталося нямнога да 9 Мая - завяршыць рэканструкцыю Кургана Славы, паставіць новую тэхніку. Суботнік - адзін са складнікаў надання Кургану Славы новага аблічча", - акцэнтаваў ён.
80-годдзе Вялікай Перамогі для кожнага жыхара краіны з'яўляецца святым, упэўнены Прэм'ер. Аляксандр Турчын расказаў, што, калі праводзілі Прэм'ер-міністра Пакістана Шахбаза Шарыфа ў аэрапорт, дэлегацыя ехала міма Кургана Славы. "Я яму расказваў аб тым, што перажыла наша краіна ў гады Вялікай Айчыннай вайны, ды і не толькі ў гады ВАВ. Пастаянна праз нашу краіну ішлі войны. Калі я яму расказаў, колькі гадоў была Беларусь пад акупацыяй, колькі загінула людзей, вядома, гэта зрабіла на яго ўражанне. Ён сказаў, што Беларусь дастойна добрага жыцця", - адзначыў кіраўнік Ўрада. Пасля правядзення кароткага інструктажу, Аляксандр Турчын узяўся за пасадку ліпы.
У сваю чаргу Намеснік Прэм'ер-міністра Уладзімір Каранік адзначыў, што навядзенне парадку на зямлі, а асабліва пасля зімы, - добрая традыцыя не толькі калектыву Савета Міністраў, але і ўсіх беларусаў.
"Тое, што мы працуем сёння на Кургане Славы - вельмі сімвалічна. Таму што толькі разам наш адзіны народ зламаў хрыбет фашызму, падняў краіну з руін і цяпер мы ўсе разам павінны рабіць усё, каб наша прыгожая, дагледжаная краіна была яшчэ лепшай", - заявіў ён.
На пляцоўцы каля мемарыяла высадзяць больш за 20 такіх радоў дрэў розных парод. Побач з комплексам такім чынам будзе створаны арбарэтум - аналаг дэндрарыя, які ў будучым паслужыць навуковым і адукацыйным мэтам. На суботніку высадзяць 360 дрэў - ліп, бяроз, дубоў, клёнаў, елак, вербаў, ясеняў, а таксама грэцкі і маньчжурскі арэх. Пасадзяць таксама 82 кусты - глог, брызгліна, абляпіха і іншыя віды.
У мерапрыемстве прымаюць удзел таксама прадстаўнікі Мінскага аблвыканкама і арганізацыі вобласці.