Прэзідэнт Беларусі прыняў рашэнне аб магчымасці выезду фур з літоўскай рэгістрацыяй

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка, разгледзеўшы зварот літоўскіх і польскіх перавозчыкаў, прыняў рашэнне аб магчымасці выезду грузавых транспартных сродкаў з літоўскай рэгістрацыяй. 

Гэтыя транспартныя сродкі з лістапада 2025 года знаходзяцца на тэрыторыі Беларусі з прычыны недружалюбных дзеянняў літоўскага боку па закрыцці пунктаў пропуску на беларуска-літоўскай граніцы.

Цяпер на спецыяльна абсталяваных пляцоўках размешчана больш як 1,9 тыс. транспартных сродкаў, у тым ліку цягачоў, прычэпаў і паўпрычэпаў. На працягу ўсяго перыяду забяспечвалася іх поўная захаванасць.

Транспартныя сродкі з літоўскай рэгістрацыяй змогуць пакідаць тэрыторыю Беларусі праз літоўскі напрамак у адпаведнасці з заканадаўствам. Літоўскія транспартныя сродкі, якія фактычна належаць польскім перавозчыкам, змогуць выязджаць у тым ліку і праз польскі напрамак, дзе сумежны бок працуе больш актыўна.

Мытныя органы пачалі работу. Па меры паступлення ад перавозчыкаў аплаты за захоўванне, а яна цяпер у разы ніжэйшая за вызначаную раней, транспартныя сродкі змогуць выязджаць.

Тарыф за захоўванне на пляцоўках значна зніжаны. 

"Ён у разы меншы таго, які быў устаноўлены першапачаткова, - мінімальны, зыходзячы толькі з тых затрат, якія панёс уладальнік стаянак, забяспечваючы захаванасць транспартных сродкаў", - адзначыў старшыня ДМК Уладзімір Арлоўскі.

Пасля аплаты кожным перавозчыкам за захоўванне свайго транспартнага сродку такі грузавік зможа пакінуць пляцоўку. Напрыклад, за захоўванне прычэпа або паўпрычэпа кошт больш як у сем разоў адрозніваецца ў меншы бок ад раней устаноўленага тарыфу. Калі поўная счэпка - менш у тры разы. "Гэта значыць тарыф такі, які пакрывае толькі затраты непасрэдна ахоўніка грузавікоў", - растлумачыў Уладзімір Арлоўскі.

Далейшая хуткасць перасячэння граніцы залежыць ад дзеянняў літоўскага боку. Сёння ДМК накіраваў літоўскай мытнай службе адпаведную прапанову па павелічэнні пропуску грузавікоў.