Як развіваюцца санаторыі "Прыазёрны" і "Сосны" на Нарачы, паказалі Аляксандру Турчыну

Як развіваюцца санаторыі "Прыазёрны" і "Сосны" на Нарачы, паказалі Прэм'ер-міністру Беларусі Аляксандру Турчыну ў час яго рабочай паездкі ў Мядзельскі раён.

У праграме рабочай паездкі Прэм'ер-міністра - санаторый "Прыазёрны". У фокусе ўвагі Кіраўніка Урада - развіццё турыстычнага патэнцыялу Нарачанскага краю. На прыкладзе "Прыазёрнага" абмяркоўваліся ключавыя напрамкі: як сумясціць аздараўленчы адпачынак з актыўным турызмам і зрабіць рэгіён яшчэ больш прывабным для гасцей. Мядзельскі раён даўно лічыцца жамчужынай дзякуючы ўнікальнай прыродзе і азёрнаму краю. Аднак сёння стаўка зроблена не толькі на ландшафт, але і на сучасную інфраструктуру.

"Мы стараемся пастаянна мяняцца, не спыняцца, таму што гэтага хочуць нашы госці. Рух наперад павінен быць пастаянным. Рэгіёны Расійскай Федэрацыі, замежныя курорты развіваюцца пастаянна, і мы павінны не адставаць ад гэтага ўзроўню. Упор робім на комплекснае развіццё. Гэта і павышэнне камфортнасці нумарнога фонду, і паляпшэнне харчавання. А таксама развіццё медыцынскага складніка - гэта тое, дзеля чаго людзі едуць у санаторый. Загрузка высокая, у мінулым годзе яна склала 94 працэнты. У нас 45 працэнтаў адпачывальнікаў - гэта замежныя грамадзяне, а 55 працэнтаў - грамадзяне Беларусі. Санаторый нацэлены на круглагадовую работу, але невялікая сезоннасць ёсць. Летам, калі канікулы, у дарослых ёсць магчымасць узяць з сабой на адпачынак дзяцей, унукаў, і тады ў нас ідзе ўсплёск загрузкі. А ў міжсезонне людзі адпачываюць і сем'ямі, і па адным, і загрузка становіцца больш стабільнай, каля 80-85 працэнтаў", - расказаў дырэктар санаторыя "Прыазёрны" Сяргей Нехвядовіч.

У санаторыі стараюцца развіваць такі напрамак, як тур выхаднога дня. "Часта працуючым людзям цяжка выкраіць вялікі перыяд, прыехаць на 10-12 дзён. Таму распрацавана каля 10 праграм тураў выхаднога дня рознай накіраванасці - можна прыехаць, атрымаць харчаванне і адпачыць у басейне, а можна атрымаць максімум паслуг, насычаныя СПА-праграмы", - адзначыў дырэктар санаторыя.

У рабочай паездцы Аляксандра Турчына яшчэ адзін пункт - санаторый "Сосны". У полі зроку не толькі бягучы стан здраўніцы, але і яе далейшае развіццё. На парадку дня два ключавыя пытанні. Першае з іх - сённяшні дзень санаторыя: якія кропкі росту. Другое - заўтрашні дзень: канкрэтныя планы развіцця тэрыторыі на 2026-2029 гады.

Да 50-годдзя санаторыя "Сосны", якое адбудзецца ў 2026 годзе, распрацавана канцэпцыя развіцця здраўніцы з улікам патрэбнасцей гасцей, тэндэнцый у індустрыі турызму. Планам развіцця санаторыя на 2025-2026 гады прадугледжана будаўніцтва СПА-комплексу і чатырох індывідуальных домікаў на беразе. Праектныя работы знаходзяцца на завяршальным этапе. Канцэпцыя СПА-комплексу ўяўляе сабой двухпавярховы будынак, размешчаны на самым беразе возера. Тэхналагічна комплекс плануецца аснасціць рознаўзроўневым басейнам, размешчаным як у крытай частцы будынка, так і на адкрытай усесезоннай тэрасе, саўнамі і лазнямі, джакузі, снежным пакоем, рознымі гідрамасажнымі ўстаноўкамі, кабінетамі аказання СПА-паслуг. На другім паверсе размесцяцца панарамная трэнажорная зала, зала для заняткаў фітнесам, зоны адпачынку з магчымасцю выхаду на адкрытую тэрасу.

Планы да 2029 года - стварэнне паркавай зоны, абноўлены бювет з акцэнтам на самаабслугоўванні і зоны настольных гульняў, якія будуць працаваць 24/7, стварэнне відавых пляцовак.