Аляксандр Турчын: Cумесныя вытворчасці з Таджыкістанам - апорная кропка для пашырэння інтарэсаў дзвюх краін

Сумесныя вытворчасці Беларусі і Таджыкістана - апорная кропка для пашырэння інтарэсаў дзвюх краін. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын на сустрэчы з прэм'ер-міністрам Таджыкістана Кахірам Расулзадой.

"Ад душы дзякую вам за па-сапраўднаму цёплы прыём на таджыкскай зямлі. Фундаментам нашага супрацоўніцтва з'яўляюцца адносіны нашых лідараў. Калі Прэзідэнт Беларусі гаворыць пра кіраўніка Таджыкістана, заўсёды адчуваецца асаблівая цеплыня, асаблівая павага. У нас ёсць пачуццё задавальнення ад нашага супрацоўніцтва. Новы імпульс яму надасць стварэнне ў Мінску гандлёвага дома Таджыкістана. Усе рашэнні прыняты, застаецца пачаць актыўную фазу рэалізацыі такога праекта. Думаю, гэта будзе яшчэ адным крокам для таго, каб нашы краіны лепш пазнавалі адна адну і нашы гандлёва-эканамічныя адносіны рухаліся наперад", - сказаў Аляксандр Турчын.

Ён падкрэсліў, што стварэнне сумесных вытворчасцей - апорная кропка для пашырэння эканамічных інтарэсаў дзвюх краін. "Сёння мы наведаем прадпрыемства, якое займаецца зборкай тэхнікі ў Таджыкістане (АТЗТ "Агратэхсэрвіс". - Заўвага). Стварэнне сумесных прадпрыемстваў і на тэрыторыі Таджыкістана, і на тэрыторыі Беларусі - важны напрамак, па якім нам неабходна рухацца. Гэта вырашае нашы агульныя задачы", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана характарызуецца дынамічным развіццём гандлёва-эканамічных адносін. "Па выніках мінулага года мы дасягнулі нядрэнных вынікаў. Аб'ём двухбаковага тавараабароту перавысіў $168 млн, што дало магчымасць нашай краіне ўвайсці ў дзясятку асноўных знешнегандлёвых партнёраў Таджыкістана", - праінфармаваў кіраўнік беларускага Ўрада.

Кахір Расулзада ў сваю чаргу адзначыў, што дзякуючы палітычнай волі двухбаковае супрацоўніцтва Беларусі і Таджыкістана ўжо даўно выйшла на ўзровень стратэгічнага партнёрства. "Беларуска-таджыкскія адносіны на сучасным этапе характарызуюцца высокім дынамізмам. Ключавую ролю ў падтрыманні высокага ўзроўню адносін адыгрываюць шчырыя, дружалюбныя, братэрскія сувязі паміж прэзідэнтамі дзвюх краін. Толькі за чатыры месяцы бягучага года адбыліся дзве тэлефонныя размовы кіраўнікоў дзяржаў, у ходзе якіх былі абмеркаваны актуальныя пытанні двухбаковага ўзаемадзеяння і намечаны далейшыя крокі па пашырэнні ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Актыўна развіваецца міжпарламенцкае ўзаемадзеянне. Беларусь і Таджыкістан прытрымліваюцца падобных пазіцый па многіх міжнародных пытаннях, актыўна ўзаемадзейнічаюць у рамках міжнародных, рэгіянальных арганізацый", - звярнуў увагу ён.

Пасля гэтай сустрэчы Аляксандр Турчын наведаў прадпрыемства па вытворчасці беларускай сельскагаспадарчай тэхнікі "Агратэхсэрвіс". Сумесная зборачная вытворчасць у г.Гісар створана ў 2017 годзе. Тут ажыццяўляюць зборку трактароў МТЗ, сельскагаспадарчай тэхнікі "Гомсельмаш", прычэпаў "Бабруйскаграмаш". На гэты час вытворчы комплекс уключае ў сябе малы і вялікі зборачныя цэхі, склад гатовай прадукцыі, адкрытую і закрытую выставачныя пляцоўкі і адміністрацыйна-вучэбны корпус (выконваецца падрыхтоўка таджыкскіх спецыялістаў для абслугоўвання і эксплуатацыі беларускай тэхнікі). У 2025 годзе зборачнаму прадпрыемству выдзелена 1,5 га зямлі для пашырэння магутнасцей, вядзецца падрыхтоўка да будаўніцтва новых вытворчых памяшканняў.

Аляксандр Турчын прыбыў з рабочым візітам у Таджыкістан для ўдзелу ў пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

Фота: БЕЛТА