Прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын расказаў у эфіры тэлеканала "Беларусь 1" аб тым, на што будзе абапірацца Ўрад у развіцці эканомікі краіны.
Адназначна перад Урадам у бліжэйшы час стаяць задачы, звязаныя з экспартам прадукцыі, асабліва з дыверсіфікацыяй паставак, расказаў Аляксандр Турчын. "Нам неабходна прысутнічаць на многіх рынках і старацца пашыраць сваю прадукцыю. Таму, з улікам прынятых рашэнняў, я даваў бы папярэднія ацэнкі работы эканомікі ў бягучым годзе па выніках чатырох месяцаў. З улікам розных тэндэнцый яны былі б больш-менш зразумелымі. Праз чатыры месяцы мы будзем разумець, на якія параметры ў цэлым будзем выходзіць па выніках бягучага года", - адзначыў ён.
У развіцці краіны таксама будзе зроблены ўпор на рэсурсныя магчымасці, звярнуў увагу Прэм'ер-міністр. "Гэта значыць, рэсурсныя магчымасці ўнутры краіны - гэта дзяржаўныя фінансы, банкаўская сістэма, уласныя сродкі суб'ектаў гаспадарання, магчымыя знешнія інвестыцыі", - растлумачыў кіраўнік Урада. Апярэджваючы розныя пытанні аб прыцягненні знешніх інвестыцый, Аляксандр Турчын сказаў, што, магчыма, ужо на працягу гэтага года будуць прадстаўлены інвестары, якія будуць уносіць свой уклад у розныя сферы эканомікі Беларусі, у тым ліку і ў вытворчую.
Таксама Аляксандр Турчын расказаў аб тым, ці будуць у эканомікі Беларусі новыя драйверы росту ў бліжэйшую пяцігодку.
Прамысловасць ужо некалькі гадоў з'яўляецца драйверам росту эканомікі Беларусі і, на думку Аляксандра Турчына, яе ўплыў не вельмі аслабее ў наступнай пяцігодцы. "З другога боку, мы бачым, што традыцыйныя галіны нашай эканомікі набліжаюцца да паталка сваіх магчымасцей з пункту гледжання загрузкі вытворчых магутнасцей і іншых пытанняў. Павышэнне эфектыўнасці традыцыйнай эканомікі - гэта задача, якая перад намі стаіць, і яна нікуды не адыходзіць. Але, на мой погляд, усё ж такі развіццё і станаўленне новых галін эканомікі павінна даць свой эфект у наступнай пяцігодцы", - упэўнены ён.
Кіраўнік Урада выдзеліў сферу паслуг і адзначыў, што тут нам сапраўды ёсць да чаго імкнуцца. Аляксандр Турчын таксама выказаў надзею на тое, што ў новай пяцігодцы адбудзецца этап перазагрузкі Парка высокіх тэхналогій. "Хацелася б усё ж такі вярнуцца да мінулых высокіх параметраў у наступнай пяцігодцы", - адзначыў ён.
Таксама Прэм'ер выдзеліў і сферу турызму. "Нам трэба сур'ёзна падысці ў сферы рэгуляторыкі гэтай галіны, а таксама да пастаноўкі задач і іх выканання. На мой погляд, турыстычны патэнцыял у нашай краіне вельмі вялікі", - падкрэсліў Прэм'ер.
Акрамя таго, паводле слоў Аляксандра Турчына, неабходна звярнуць увагу на тыя галіны, якія ніколі не разглядаліся ў якасці драйвера эканомікі. "Свет так хутка мяняецца, таму нельга нічога адкідваць, - звярнуў увагу кіраўнік Урада. - Стаіць задача, каб кожны міністр унёс свае прапановы аб тым, як будзе развівацца яго галіна. Падкрэслю: не функцыянаваць, а менавіта развівацца, прыўносячы свой уклад у развіццё дзяржавы ў цэлым".
Прэзідэнт, паводле слоў Прэм'ер-міністра, сказаў, што сустрэчы, накіраваныя на абмеркаванне распрацоўкі Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця Беларусі на 2026-2030 гады, пройдуць яшчэ не адзін раз, таму што гэта фундаментальны дакумент, які будзе зацвярджацца на Усебеларускім народным сходзе. "Гэта першая праграма, якая будзе зацвярджацца на УНС з новым статусам гэтага сходу. Таму, вядома, гэта вельмі важна. Гэта той дакумент, па якім мы будзем жыць бліжэйшыя пяць гадоў", - падкрэсліў ён.