Бел | Рус | Eng PDA
навіна

ад 18.12.2023

Раман Галоўчэнка: Нягледзячы на каласальны знешні націск, СНД вярнулася на траекторыю эканамічнага росту

Нягледзячы на каласальны знешні націск, СНД вярнулася на траекторыю эканамічнага росту. Аб гэтым заявіў Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчэнка 18 снежня на пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД.

"Прыемна адзначыць, што ў 2023 годзе ўсе нашы краіны змаглі вярнуцца на траекторыю росту, нягледзячы на каласальны знешні націск, які аказваецца на шэраг дзяржаў СНД", - сказаў Раман Галоўчэнка.

У якасці пацвярджэння ён прывёў даныя аб тым, што па выніках дзевяці месяцаў 2023 года ў параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года ВУП краін Садружнасці вырас больш як на 2 працэнты, аб'ём прамысловай прадукцыі - на 3,4 працэнта, грузаперавозак - амаль на 6 працэнтаў, абарот рознічнага гандлю - на 5 працэнтаў.

"Гэта нядрэнныя паказчыкі, якія трэба пераўзыходзіць у наступным годзе", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр.

На яго думку, далейшыя намаганні краін СНД павінны быць накіраваны на ўстараненне перашкод ва ўзаемным гандлі, лібералізацыю ў сферы паслуг і выкананне падпісанага краінамі Садружнасці адпаведнага пагаднення, прыцягненне інвестыцый.

Таксама Раман Галоўчэнка заявіў, што краінам СНД важна сінхронна рухацца наперад, сумесна вырабляць канкурэнтную прадукцыю.

"Стварэнне высокатэхналагічнай прадукцыі, якая па характарыстыках перавышае замежныя аналагі, - арыенцір для ўсіх нашых краін. Важна сінхронна рухацца наперад, сумесна вырабляць канкурэнтную прадукцыю. Прыкладаў такога эфектыўнага ўзаемадзеяння ўжо нямала, але іх трэба актыўней маштабіраваць", - падкрэсліў Раман Галоўчэнка.

На яго думку, для гэтага, у тым ліку, трэба актыўней выкарыстоўваць рашэнні, прынятыя ў ЕАЭС і Саюзнай дзяржаве, якія даказалі сваю эфектыўнасць. Прэм'ер-міністр нагадаў, што цяпер у ЕАЭС у актыўнай стадыі прапрацоўкі знаходзіцца кааперацыйны праект стварэння еўразійскага электробуса. Прынята рашэнне аб фарміраванні адпаведнай міждзяржаўнай праграмы, а таксама аб парадку фінансавання такіх праектаў.

"Упэўнены, што такія скразныя інтэграцыйныя праекты можна і трэба рэалізоўваць і ў рамках СНД, у поўнай меры задзейнічаўшы сумесны навуковы, тэхналагічны і фінансавы патэнцыял нашых краін. Гэта таксама датычыцца пытанняў электроннага гандлю, укаранення лічбавых тэхналогій, забеспячэння доступу да дзяржаўных закупак, зніжэння тарыфаў тэлефоннай сувязі ў роўмінгу", - адзначыў Прэм'ер-міністр Беларусі.

Акрамя таго, Раман Галоўчэнка заявіў, што супрацоўніцтва ў сферы культуры - важны складнік умацавання СНД.

"Для нашых краін культурнае супрацоўніцтва - важны складнік умацавання дружбы, добрасуседскіх і партнёрскіх адносін", - сказаў Раман Галоўчэнка.

Ён канстатаваў, што на прасторы Садружнасці склалася даволі зладжаная сістэма культурна-гуманітарнага ўзаемадзеяння, магчымасці якой трэба максімальна выкарыстоўваць. Адной з эфектыўных форм супрацоўніцтва ў названай сферы з'яўляюцца абменныя Дні культуры. У бягучым годзе ў Беларусі праведзены Дні культуры Узбекістана і Расійскай Федэрацыі. Дні беларускай культуры прайшлі ў Кыргызскай Рэспубліцы. У 2024 годзе запланаваны Дні культуры Беларусі ў Азербайджане і Азербайджана ў Беларусі, а таксама Дні культуры Арменіі і Кыргызскай Рэспублікі ў Беларусі", - паведаміў Прэм'ер-міністр.

Паводле яго слоў, важным напрамкам з'яўляецца ўзаемны ўдзел у праводзімых у краінах Садружнасці фестывальных мерапрыемствах. "Так, напрыклад, Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар у Віцебску" ўжо даўно стаў традыцыйнай пляцоўкай, дзе актыўна ўдзельнічаюць і становяцца прызёрамі выканаўцы з краін Садружнасці", - канстатаваў Прэм'ер-міністр. Ён дадаў, што фільмы краін - удзельніц СНД з году ў год упрыгожваюць конкурсную і пазаконкурсную праграмы кінафестывалю "Лістапад".

"Яшчэ адзін вельмі плённы напрамак сумеснай работы - абменныя гастролі. Так, у кастрычніку 2022 года прайшлі гастролі Вялікага тэатра Беларусі ў Маскве, гастролі ў адказ Вялікага тэатра Расіі ў Мінску праведзены ў лістападзе 2023 года. Акрамя таго, у бягучым годзе Вялікі тэатр Беларусі, легендарны калектыў "Песняры", іншыя вядучыя калектывы ўжо наведалі больш за 50 расійскіх гарадоў", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

Па выніках пасяджэння намечана падпісанне сумеснай заявы аб перспектывах культурна-гуманітарнага супрацоўніцтва. Раман Галоўчэнка падкрэсліў, што беларускі бок цалкам падтрымлівае прапанаваны праект заявы кіраўнікоў урадаў дзяржаў - удзельніц СНД.

Таксама Раман Галоўчэнка заявіў аб важнасці падтрымкі валанцёрства.

Раман Галоўчэнка адзначыў эфектыўнасць практыкі аб'яўлення тэматычных гадоў для канцэнтрацыі сумесных намаганняў на важных тэмах. 2023 год быў у СНД Годам рускай мовы як мовы міжнацыянальных адносін і лагічна завяршыўся падпісаннем кіраўнікамі дзяржаў дагавора аб заснаванні Міжнароднай арганізацыі па рускай мове. "Для нас руская мова - мова міждзяржаўных і міжнацыянальных адносін, сродак культурнай, навуковай, адукацыйнай і міжасобаснай камунікацыі. Гэта не толькі магчымасць размаўляць на адной мове з калегамі па Садружнасці, але і з мільёнамі людзей па ўсім свеце", - падкрэсліў Прэм'ер-міністр Беларусі.

Наступны год у СНД - Год валанцёрскага руху. "Валанцёры - людзі з вялікім сэрцам і актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Роля валанцёрскага руху ў развіцці сучаснай грамадзянскай супольнасці няўхільна расце. Важна падтрымаць і ўмацаваць каштоўнасці валанцёрства, асабліва сярод моладзі", - падкрэсліў Раман Галоўчэнка.

Ён таксама канстатаваў, што ў апошнія гады маладзёжная тэматыка ўсё больш актыўна гучыць на прасторы Садружнасці, паколькі рух на любым напрамку супрацоўніцтва немагчымы без уключэння ў дзейнасць маладога пакалення. Вялікая колькасць мерапрыемстваў праходзіць у СНД па маладзёжнай тэматыцы. Прэм'ер-міністр паведаміў, што з наступнага года пачнецца рэалізацыя новага міжнароднага праекта "Маладзёжная сталіца СНД". У 2024 годзе гэты статус атрымае Ташкент.

Раман Галоўчэнка таксама заявіў, што спорт застаецца важным элементам народнай дыпламатыі.

"Яркім святам і незабыўнай падзеяй сталі для жыхароў і гасцей Беларусі другія Гульні краін СНД, у якіх прынялі ўдзел амаль 2,2 тыс. спартсменаў з 22 краін", - сказаў Раман Галоўчанка. Ён таксама падзякаваў дзяржавам Садружнасці за накіраванне сваіх спартыўных каманд у Беларусь для ўдзелу ў Гульнях. "Мы з задавальненнем перадалі эстафету правядзення гэтага цудоўнага мерапрыемства Азербайджану", - адзначыў Прэм'ер-міністр.

У наступным годзе ў Расіі плануецца правядзенне першых Сусветных гульняў дружбы. Раман Галоўчэнка пажадаў расіянам паспяхова правесці гэтыя спаборніцтвы. "Беларусь рыхтуецца прыняць дастойны ўдзел у гэтым свяце спорту, свабодным ад палітычнай кан'юнктуры, якая, на жаль, цяпер уласціва сусветнаму спорту", - падкрэсліў ён.

Акрамя таго, Раман Галоўчэнка з калегамі з краін СНД агледзеў экспазіцыю міжнароднай выстаўкі-форуму "Расія".

Стэнд Свярдлоўскай вобласці прадставіў губернатар Яўген Куйвашаў. У якасці асноўнай тэмы гэтага стэнда выбрана ідэя гістарычнага развіцця праз прызму прамысловасці ад Дзямідаўскіх заводаў да сучасных і будучых навукова-тэхнічных дасягненняў. Адзін з экспанентаў - АТ "Уральскі турбінны завод", які вырабіў і паставіў на аб'екты генерацый Беларусі 20 паравых турбін, з іх тры магутныя турбіны Т-250, устаноўленыя на Мінскай ЦЭЦ-4. Паводле ацэнак беларускага боку, доля турбін Уральскага турбіннага завода ў агульным аб'ёме генерыруючага абсталявання складае 20 працэнтаў.

На стэндзе Чэлябінскай вобласці, які прадставіў губернатар Аляксей Тэкслер, сярод прамысловага патэнцыялу, дасягненняў у сельскай гаспадарцы, спорце, навуцы і культуры экспануецца макет арктычнага аўтобуса "Урал-427701-75", пры вытворчасці якога выкарыстоўваецца прадукцыя беларускіх прадпрыемстваў. У прыватнасці, аўтазавод "Урал" выкарыстоўвае карданныя валы і амартызатары вытворчасці гродзенскага ААТ "Белкард", аўташыны "Белшыны", рулявыя механізмы барысаўскага ААТ "БЗАГУ", тармазную апаратуру ААТ "ММЗ імя С.І.Вавілава - кіруючая кампанія холдынга "БелОМА". Чакаецца, што патрэбнасць уральскага аўтазавода ў прадукцыі беларускіх прадпрыемстваў у 2024 годзе павялічыцца на 28 працэнтаў адносна паставак 2023 года і на 93 працэнты - у параўнанні з 2022 годам.

Башкортастан прадставіў створаныя на тэрыторыі гэтай рэспублікі вытворчыя комплексы ААТ "АМКАДОР". Так, у кастрычніку 2023 года на тэрыторыі індустрыяльнага парка "Уфімскі" пачало работу прадпрыемства ТАА "АМКАДОР-Агідэль", на якім выпускаецца абсталяванне для пасляўборачнай апрацоўкі збожжа. Акрамя таго, плануецца будаўніцтва завода па вытворчасці спецтэхнікі "АМКАДОР-Алга", што будзе выпускаць грэйдары, бульдозеры, экскаватары.

Маскоўская вобласць у ліку сваіх дасягненняў дэманструе вытворчы комплекс па перапрацоўцы мяса птушкі ў горадзе Сергіеў Пасад ТАА "Сервалюкс Пасад", што ствараецца буйнейшым беларускім аграхолдынгам. Ужо ўведзена ў строй першая чарга вытворчасці, а поўнасцю завяршыць будаўніцтва плануецца ў 2025 годзе. У Падмаскоўі таксама вядзецца будаўніцтва завода па вытворчасці кабельнай прадукцыі ТАА "Белтэлекабель": чаканы тэрмін уводу ў эксплуатацыю - чэрвень 2024 года. Пры вытворчасці плануецца выкарыстоўваць беларускія тэхналагічныя распрацоўкі і камплектуючыя.

Прэм'ер-міністры краін СНД агледзелі таксама экспазіцыі іншых расійскіх рэгіёнаў.

На пасяджэнні Савета кіраўнікоў урадаў СНД Прэм'ер-міністр Беларусі павіншаваў расійскіх калег з паспяховым правядзеннем - у лепшых традыцыях ВДНГ - міжнароднай выстаўкі-форуму "Расія". "Прадстаўленыя экспанаты наглядна дэманструюць вялікі вытворчы і навукова-тэхнічны патэнцыял рэгіёнаў Расійскай Федэрацыі і магчымасці іх паскоранага развіцця на новым тэхналагічным узроўні", - сказаў Раман Галоўчэнка.

Міжнародная выстаўка-форум "Расія" адкрылася на ВДНГ у Маскве 4 лістапада і прадоўжыцца да 12 красавіка 2024 года. У ёй прымаюць удзел 89 рэгіёнаў, 22 федэральныя органы выканаўчай улады, 20 кампаній, карпарацый і грамадскіх арганізацый. Удзельнікам выстаўкі-форуму з'яўляецца і Беларусь, якая спецыяльна да выстаўкі-форуму падрыхтавала ў беларускім павільёне на ВДНГ абноўленую экспазіцыю. У ёй прадстаўлены экспанаты выстаўкі "Беларусь інтэлектуальная", якія дэманструюць інтэлектуальныя і прамысловыя дасягненні нашай краіны, драўляны дом з экалагічных матэрыялаў з фотазонай, што фарміруе аблічча сучаснага беларускага падвор'я, інсталяцыя Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, выкананая з маналіту калійнай руды, макет БелАЭС, а таксама беларуская тэхніка і прадукцыя каля 110 беларускіх прадпрыемстваў спажывецкай сферы.

Фота: БелТА

Фотаздымкі