Урад прадоўжыў забарону на ўвоз асобных тавараў праз беларуска-літоўскі ўчастак дзяржаўнай граніцы. Адпаведную пастанову падпісаў Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын.
Змяненні ўнесены ў пастанову Савета Міністраў ад 14 сакавіка 2024 г. №182, якой устаноўлена забарона на перамяшчэнне праз пункты пропуску на беларуска-літоўскай граніцы шэрагу тавараў, што ўвозяцца для рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, незалежна ад краіны іх паходжання.
Тэрмін дзеяння забароны прадоўжаны па 31 снежня 2027 года. Пералік тавараў, у адносінах да якіх пастановай нумар 182 уведзена забарона на ўвоз, застаецца нязменным.
Акрамя таго, у сувязі з адкрыццём польскім бокам пунктаў пропуску "Баброўнікі" ("Бераставіца") і "Кузніца Беластоцкая" ("Брузгі") і аднаўленнем руху ў гэтых раёнах зарэгістраваных у краінах Еўрасаюза грузавых аўтамабіляў і цягачоў, якія перасякаюць беларуска-польскую граніцу, у пастанове Савета Міністраў ад 31 кастрычніка 2025 нумар 599 дапоўнены пералік месцаў для запраўкі транспартных сродкаў, якія адпавядаюць аўтадарожным пунктам пропуску.